Чытаньне пройдзе 21 траўня а 20-й гадзіне беларускага часу (а 19-й — польскага).
Акторы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы разам з калегамі з польскага Драматычнага тэатру імя Аляксандра Вэнгеркі (Беласток) правядуць сумеснае онлайн-чытаньне фрагмэнтаў паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», паведамляе Купалаўскі тэатар.
Чытаньне пройдзе 21 траўня а 20-й гадзіне беларускага часу (а 19-й — польскага). Паглядзець яе можна бясплатна з кожнай мясьціны сьвету. Спасылка на жывую трансьляцыю будзе на сайце і ў сацыяльных сетках Купалаўскага тэатру.
Чытаньні пройдуць на дзьвюх мовах: купалаўцы прачытаюць паэму па-беларуску, а польскія артысты — на мове арыгіналу.
З боку Купалаўскага тэатру ў чытаньні возьмуць удзел народны артыст Беларусі Аляксандар Падабед, а таксама артысты тэатру Павел Харланчук-Южакоў, Марта Голубева, Крысьціна Дробыш. З боку польскіх калег выступяць Крыстына Кацпровіч-Сакалоўская (Krystyna Kacprowicz-Sokołowska), Данута Бах (Danuta Bach), Ялянта Бароўская (Jolanta Borowska), Катажына Мікевіч (Katarzyna Mikiewicz). Алена Ганум будзе рэжысэрам онлайн-чытаньняў, а мадэратарамі ў Беластоку выступяць журналісты «Польскага радыё Беласток» Дарота Сакалоўская і Зьміцер Косьцін.
Падобны праект Купалаўскі ладзіць упершыню, ён рэалізуецца пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску, кампаніяў Mastercard і А1.
У пачатку красавіка тэатар імя Янкі Купалы прэзэнтаваў новы онлайн-праект «Купалаўскі дома» — гэта онлайн-паказы спэктакляў з архіву тэатру, творчых вечарынаў, сустрэчаў, сьвяточных імпрэзаў. Толькі за два тыдні ў сакавіку і красавіку online-паказы і трансьляцыі спэктакляў Купалаўскага тэатра ўбачылі каля 65 000 гледачоў.