Таццяна Кавалёнак 40 гадоў прапрацавала ў цэнтральнай раённай бальніцы Барысава.
Яна была медсястрой хірургічнага аддзялення.
«У пачатку мая ў мамы трохі паднялася тэмпература. Яна зрабіла рэнтген, але ён быў абсалютна чысты. Таму працягвала хадзіць на працу як звычайна, — распавяла «Нашай Ніве» Ганна, дачка Таццяны Мікалаеўны. — 4 мая тэмпература была за 38 градусаў. Маме зрабілі КТ, на ім — двухбаковая пнеўманія».
5 мая Таццяну Кавалёнак паклалі ў барысаўскую бальніцу нумар 2. Зрабілі тэст на «карону».
«9 мая ёй пагоршала, перавялі ў рэанімацыю. 12 мая прыйшоў вынік тэсту — станоўчы. Тады праверылі і мяне, і бацьку, — кажа дачка. — Тату своечасова зрабілі КТ, таксама выявілі пнеўманію. Шпіталізавалі і яго».
16 мая Таццяна памерла. На наступны дзень прыйшоў аналіз яе мужа — каранвірус выявілі і ў яго.
«18 мая мы пахавалі маму. Бацьку на пахаванне не пусцілі дактары, ён і па сёння ў бальніцы. Стан у яго адносна нармальны, ляжыць у звычайнай палаце.
У пасведчанні аб смерці мамы напісалі «двухбаковая пнеўманія, сардэчная і лёгачная недастатковасць».
Адкуль маглі захварэць мама і тата, я не ведаю. Адзіны варыянт — мама «прынесла» вірус з працы, у іх якраз у тыя дні паступала шмат хворых на Кавід», — мяркуе дачка.
Таццяне Кавалёнак было 60 гадоў.