Мэмарандум Рады БНР кіраўнікам ЗША, Брытаніі, Францыі.
22 траўня 1960 беларуская газэта “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў ЗША, апублікавала мэмарандум Рады БНР кіраўнікам ЗША, Брытаніі, Францыі, піша сайт radabnr.org.
Рада БНР, а таксама Ліга вызваленьня народаў СССР, старшынём якой быў Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык, накіравалі свае мэмарандумы лідарам вялікіх заходніх дэмакратый напярэдадні іхнага сумеснага саміта з кіраўніцтвам СССР. Саміт адбываўся ў Парыжы і павінен быў служыць інструмэнтам для пошуку базы для ўзаемапаразуменьня ва ўмовах Халоднай вайны. Насуперак гэтаму, саміт працягнуўся толькі два дні і прайшоў пад знакам скандалу вакол зьбіцьця саветамі амэрыканскага выведвальнага самалёту U-2.
У сваім мэмарандуме Рада БНР акцэнтавала на факце збройнай акупацыі Беларусі з боку Савецкай Расеі, а таксама пратэставала супраць савецкай дапамогі разьвіваючымся краінам за кошт Беларусі.
Мэмарандум Лігі вызваленьня народаў СССР папярэджваў супраць замірэньня з СССР ва ўмовах акупацыі і парушэньня правоў народаў, паняволеных савецкай Расеяй.
Мэмарандум
Высланы ад імя Рады БНР з нагоды канфэрэнцыі на высокім узроўне ў Парыжы, на імя Прэзыдэнта ЗША Айзэнгаўэра, Прэзыдэнта Францыі дэ Голя, Прам’ера Вялікай Брытаніі Макмілана і Віцэпрэзыдэнта ЗША Ніксана
Эксцэленцыя,
З нагоды заплянаванай канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні, маем гонар ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнаньні зьвярнуцца да Вас з просьбай прыняць на Вашую ўвагу наступнае:
1. Беларускі народ на працягу апошніх сарака гадоў знаходзіцца ў няспынным змаганьні за аднаўленьне свае дэмакратычнае Рэспублікі;
2. Беларускі народ заўсёды ўважаў і ўважае савецкую ўладу на Беларусі за рэжым, накінуты яму збройнай сілай звонку – Савецкай Расеяй. Дзеля гэтага ўсялякія забавязаньні спадара Хрушчова ад імя беларускага народу будуць ім (беларускім народам) уважацца за забавязаньні, пазбаўленыя ўсялякіх праўных падставаў.
3. Дзеля таго мы энэргічна пратэстуем супраць намеру ангажаваньня спадара Хрушчова дзеля дапамогі гэтак званым эканамічна слабаразьвітым краінам коштам беларускага народу, таму што каляніяльная палітыка Крамля ў дачыненьні да Беларусі давяла наш народ да такога стану галечы, якую нельга параўнаць зь нястачамі якой-небудзь краіны былых каляніяльных народаў у вольным сьвеце.
Прыймеце, Эксцэленцыя, выражэньні нашых пачуцьцяў найглыбейшай да Вас пашаны.
Нью-Ёрк, 9 травеня 1960 году
А. Стагановіч
Намесьнік Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Мэмарандум
высланы ад імя Лігі вызваленьня народаў СССР (Парыскага блёку) на імя Прэзыдэнта ЗША Айзэнгаўэра, Прэзыдэнта Францыі дэ Голя, Прам’ера Вялікай Брытаніі Макмілана і Віцэпрэзыдэнта ЗША Ніксана
Эксцэленцыя,
З нагоды заплянаванай канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні, якая мае пачацца ў Парыжы 16 траўня сёлета, маем гонар зьвярнуцца да Вас ад імя экзыльных урадаў і нацыянальна-палітычных цэнтраў:
Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Казакіі, Крыму, Ідэль-Уралу, Туркестану і Ўкраіны, просячы Вас ветліва зьвярнуць Вашу ўвагу на наступнае:
1. Вышэйпазначаныя народы складаюць бальшыню насельніцтва Савецкага Саюзу;
2. Народы гэтыя абвесьцілі ў 1917 – 1918 гадох свае незалежныя дэмакратычныя дзяржавы, якія сталіся ахвярай нічым не справакаванай агрэсіі з боку Савецкай Расеі і былі ёй збройна заваяваныя;
3. Прыгаданыя народы няспынна працягваюць змаганьне за сваё вызваленьне ад накінутага ім Крамлём найбольш жорсткага ў гісторыі чалавецтва каляніяльнага рэжыму, і што рэжым гэты нашыя народы ўважаюць за рэжым, накінуты чужаземнай дзяржавай – Расеяй;
4. Нашы народы зьвяртаюць свае ўстрывожаныя позіркі на заплянаваную канфэрэнцыю на найвышэйшым узроўні і спадзяюцца на падтрымку Вялікіх дэмакратыяў Захаду ў сваім цяжкім змаганьні з крамлёўскай тыраніяй;
5. Эвэнтуальная дамоўленасьць Вялікіх дэмакратыяў з Крамлём на мірнае суіснаваньне пры ігнараваньні сувэрэнна-законных правоў нашых народаў была б толькі актам маральнай падтрымкі камуністычна-бальшавіцкіх агрэсараў і цяжкім ударам для нашых народаў у іхным вызвольным змаганьні;
6. Мірнае суіснаваньне вольнага сьвету з крамлёўскай тыраніяй у той час, як апошняя ня толькі адмаўляе мірнае суіснаваньне з нашымі запалоненымі народамі, але пагражае іхнаму фізычнаму існаваньню як народаў, адкрыта ўжываючы ў дачыненьні да іх мэтад генацыду, усклала б на вольны сьвет, а ў першу чаргу на Вялікія дэмакратыі, цяжкую маральную адказнасьць перад гісторыяй людзтва.
Шчыра жадаючы найлепшых удачаў у Вашых намаганьнях дасягнуць справядлівана й трывалага міру, застаемся ў надзеі, што Вы не забудзеце таксама і аб трагічным лёсе нашых народаў за зялезнай заслонай.
Прымеце, Эксцэленцыя, выражэньні найглыбейшае да Вас пашаны.
Нью-Ёрк, 9 травеня 1960 году.
Мікола Абрамчык
Старшыня Лігі вызваленьня народаў СССР