Абураныя лекары лічаць, што «гэта першапачаткова выглядала глупствам».
З пачатку красавіка медыкі нефралагічнага аддзялення Віцебскай абласной бальніцы разам з уралагічнымі пацыентамі былі пераведзены ў асноўны корпус бальніцы, у спецыялізаваны пачалі звозіць хворых на пнеўманіі — частка хірургаў засталася лячыць каранавірус, піша nn.by.
На мінулым тыдні, 19 мая, улады і СМІ адрапартавалі аб тым, што нефралагічны корпус вызваляецца ад пнеўманій і туды вяртаюцца медыкі і пацыенты звыклага профілю.
Але ўжо 23 мая стала вядома, што дактары разам з пацыентамі зноў вяртаюцца ў асноўны корпус, а нефралагічны зноў закладваюць пнеўманіямі.
«Гэта першапачаткова выглядала глупствам, бо ў нефралагічным корпусе рэанімацыя закладзеная кавіднымі, і што — чыстых хворых пасля аперацый класці да іх? Ці везці пасля аперацыі ў рэанімацыю асноўнага корпуса? — абураюцца медыкі, знаёмыя з сітуацыяй. — Гэта выглядае жаданнем дагадзіць вышэйстаячаму кіраўніцтву, хаця было б лагічней, калі і насамрэч назіраецца нейкае «плато», паназіраць які тыдзень за колькасцю людзей, а не рабіць хуткія высновы і ганяць туды-сюды медыкаў, пацыентаў і аперацыйную».
Санітарным транспартам перавозяць «чыстых» хворых, брыгадамі хуткай дапамогі — людзей з кавідам.