Ірына Ніжанкоўская другі тыдзень знаходзіцца ў шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй.
Свой 80-ы дзень народзінаў Ірына Ніжанкоўская, сваячка рэпрэсаванага мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча і захавальніца ягонай спадчыны, сустрэла 26 траўня ў агульнай палаце шпіталя ў Маладэчне, паведамляе «Радыё Свабода».
Спадарыня Ніжанкоўская другі тыдзень знаходзіцца ў шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй, чакае паўторнага тэсту на каранавірус. Першы тэст быў адмоўным.
«Чыстыя» і «вірусныя» у адной палаце
У інтэрвію Ірына Ўладзіславаўна выказала спадзеў, што неўзабаве здолее сабраць гасьцей у родных Радашкавічах. Але думаць пра выпіску пакуль заўчасна. Вось ужо больш за тыдзень яе не адпускае двухбаковая пнэўманія. Нават праз тэлефон чуваць, што жанчыне цяжка гаварыць.
Яна ўдакладняе, што хворых з такім дыягназам абавязкова правяраюць на каранавірус. Першы тэст даў адмоўны вынік, цяпер чакае, што пакажа паўторны аналіз.
«Трэба ж было падхапіць двухбаковае запаленьне, — наракае юбілярка. — Вось ужо больш за тыдзень у лякарні, ну а як далей — хто яго ведае. Вядома, хочацца спадзявацца на лепшае, што нічога страшнага ня здарыцца».
Ляжыць яна ў палаце разам зь іншымі жанчынамі з маладачанскіх ваколіцаў — пераважна пэнсійнага ўзросту. Але ёсьць і сярэдняга веку, і маладзейшыя, дадае Ірына Ўладзіславаўна.
Ірына Ніжанкоўская, 2012 год«Людзей вельмі шмат ляжыць, хоць, дзякуй богу, месцаў у палатах яшчэ хапае, на калідорах ложкі пакуль ня ставяць. І старыя, і ня надта, розныя пацыенты. Такая хвароба, што не выбірае датаў нараджэньня».
Ірына Ніжанкоўская кажа, што ў Радашкавічах шмат хворых, толькі разам зь ёй адтуль на «хуткай» прывезьлі трох кабет. Не выключае, што недзе разам і «падчапілі», бо наведвалі адны і тыя ж месцы — колькі таго мястэчка. «Вядома, быў кантакт», — мяркуе яна.
Пэрсанал да хворых ставіцца вельмі карэктна, паважліва, хоць нагрузка на мэдыкаў завоблачная, працягвае Ірына Ніжанкоўская.
«Усе працэдуры своечасова робяць, нармальна кормяць, няма на што наракаць. Бедныя дзяўчаткі ўсю зьмену і нават больш ходзяць як тыя „касманаўты“. І дзень і ноч — у масках, пальчатках, абкручаныя цэляфанам. Цяжка, вядома. Нам лягчэй, валяйся ды адпачывай», — знаходзіць сілы пажартаваць пацыентка.
Не найлепшым момантам у гэтай сытуацыі хіба тое, што пацыентаў кладуць уперамешку, ня дзелячы на «чыстых» і «вірусных». Іншымі словамі, рызыка падхапіць COVID-19 у шпітальнай палаце такая ж высокая, як і ў кожным месцы масавага збору.
Сямейны дом Тарашкевічаў у Радашкавічах
Радашкавічы, ілюстрацыйнае фотаГэта цяпер Радашкавічы — непрыкметнае мястэчка. А да 1939 году тут віравала грамадзкае жыцьцё. Ці ня самым вядомым месьцічам лічыцца Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.
Зь Вільні яго фактычна спакусіў сюды пераехаць выдавец «Нашай Нівы» Аляксандар Уласаў, якому належаў маёнтак Мігаўка. Гэта родны дзядзька Веры Сьніткі — будучай першай жонкі Тарашкевіча. Яны пабраліся шлюбам у 1923 годзе.
Таксама ў суседзтве нарадзіўся будучы сябра Рады БНР Сымон Рак-Міхайлоўскі. Эпіцэнтрам нацыянальнага асяродку была беларуская гімназія, якая літаральна «штампавала» сьвядомыя кадры. Але да мэмарыялізацыі так і не дайшло, хоць пляны былі.
Да пачатку ХХІ стагодзьдзя дом Тарашкевічаў дайшоў напаўразбураны, адну палову новыя гаспадары наагул пераабсталявалі пад гараж. Ірына Ніжанкоўская жыве акурат насупраць гэтага дому. 20 гадоў таму яна пахавала маму — дачку вядомага археоляга Андрэя Сьніткі, першую жонку Браніслава Тарашкевіча, пляменьніцу Аляксандра Ўласава.
Патомная шляхцянка, яна пражыла доўгае і цяжкае жыцьцё і шкадавала, што так і не атрымалася вярнуць сьведчаньне былой славы «родаваму гнязду».
Сям’ю Тарашкевічаў прымусова выселілі ў 1939-м, праз два гады пасьля арышту гаспадара. У тым жа годзе расстралялі і самога Тарашкевіча. Ужо на чацьверты дзень вайны, калі ад савецкіх бамбаваньняў палала большая частка Радашкавічаў, згарэлі ўсе сямейныя архівы. У 1944-м, незадоўга да вызваленьня Беларусі, у баі гіне іхны сын Радаслаў.
Застаўшыся адна, Вера Андрэеўна бярэцца шлюбам з савецкім афіцэрам Уладзіславам Ніжанкоўскім. Праз колькі часу ён таксама будзе забіты. Так што дачка Ірына ведае бацьку толькі з фатаздымкаў. Ужо пасьля вайны асірацелая сям’я пераяжджае бліжэй да дому, дзе прайшлі найлепшыя часы. Маці потым шкадавала, бо суседзтва штодня нагадвала пра мінулае.
На той момант нерухомасьць ужо перапрафілявалі — разьмясьцілі там шпіталь. А калі ў пачатку 1990-х пацыентаў выселілі, будынак быў занядбаны, вяскоўцы расьцягвалі яго на свае патрэбы.
Нерэалізаваная ідэя музэя Заходняй Беларусі
Паводле спадарыні Ірыны, маці яшчэ пасьпела зьвярнуцца да кіраўніка пасялковага савету: пакуль справа дойдзе да музэю, хай бы каго часова пасялілі. Каб ведала, чым скончыцца, можа так і не ўвіхалася б, дадае суразмоўніца. Новыя кватаранты спачатку хату прыстасавалі пад гараж, а пазьней перарабілі настолькі, што нічога аўтэнтычнага ад яе не засталося.
«Яны той дом перабудавалі да такой ступені, што цяпер нічога ўжо не пазнаць — ні вонкава, ні вакол, бо дрэвы павысякалі, па-свойму ўсё ўпарадкавалі. Цяпер там дзьве сям’і жывуць. Звычайнае жыльлё. Адзінае, удалося дамагчыся, каб павесілі мэмарыяльную дошку. Але да музэю справа так і не дайшла, згінула на ўзроўні ідэі. Шкада, безумоўна...», — не хавае эмоцыяў Ірына Ніжанкоўская.
Згадвае, што яшчэ за савецкім часам сям’я, грамадзкасьць зьвярталіся да тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету БССР Георгія Таразевіча, неўзабаве зьявілася пастанова аб стварэньні музэю. Праўда, каб не засяроджвацца на спрэчнай для ўсіх уладаў фігуры Тарашкевіча, плянавалася, што гэта будзе музэй-сядзіба ўсёй Заходняй Беларусі — з улікам актыўнага беларускага руху ў Радашкавічах.
Пад эгідай Літаратурнага музэю пачалі рабіць праект рэстаўрацыі панадворных будынкаў. Але, як гэта часта здараецца, працэс зацягнуўся, СССР распаўся, а маладой сувэрэннай Беларусі было ўжо не да культуры, людзей хваляваў развал эканомікі.
У адсутнасьць афіцыйнага музэю Тарашкевіча такім стаў дом Ірыны Ніжанкоўскай — яму таксама больш за стагодзьдзе. У свой час там здарыўся моцны пажар, але будыніна вытрымала, не ператварылася ў папялішча. Цяпер у якасьці экспанатаў застаюцца некаторыя аўтэнтычныя рэчы. Самая каштоўная — несумненна, пісьмовы стол Браніслава Адамавіча. А яшчэ дыванкі той пары, рарытэтныя фатаздымкі.
Пры адпаведным дзяржаўным падыходзе да захаваньня памяці выбітнага беларускага дзеяча можна было б разжыцца і іншымі ўнікальнымі сьведчаньнямі.
Паводле біяграфічных зьвестак, у Тарашкевіча былі два браты і сястра. У Польшчы, Літве і цяпер жывуць ягоныя сваякі, якія наўрад ці былі б супраць таго, каб падзяліцца з музэйнымі фондамі. Натуральна, пры ўмове зацікаўленасьці беларускага боку. Але пакуль на афіцыйным узроўні такіх сыгналаў няма.
Кароткае жыцьцё Браніслава Тарашкевіча
Браніслаў ТарашкевічБраніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў Мацюлішках пад Вільняй у сялянскай сям’і і здолеў стаць выбітным мовазнаўцам, перакладнікам, кандыдатам філялёгіі і ўрэшце акадэмікам, быў таксама лідэрам ТБШ і дэпутатам польскага Сэйму. Ён пражыў 46 гадоў, многія зь якіх былі азмрочаныя засьценкамі польскай і савецкай турмаў, але пасьпеў шмат зрабіць для Беларусі. Самай вядомай працай стала першая «Беларуская граматыка для школ». Укладзены ім правапіс беларускай мовы да 1933 году быў афіцыйным у БССР, а цяпер завецца «клясычным» ці, ад імені аўтара, «тарашкевіцай».
Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі, у 1933 годзе Тарашкевіч трапіў пад абмен вязьнямі паміж Польшчай і БССР — яго абмянялі на вядомага беларускага літаратара Францішка Аляхновіча, аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ». У Саветах мовазнаўца пражыў некалькі гадоў і зноў трапіў пад рэпрэсіі: дасюль невядома, ці памёр ён у лістападзе 1938 году ад катаваньняў, ці ўсё ж быў прыведзены ў выкананьне вынесены яму расстрэльны прысуд.