Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Каб сонейка нам засьвяціла»: як магіляўчанка бараніла паплечнікаў Ціханоўскага

06.06.2020 общество
«Каб сонейка нам засьвяціла»: як магіляўчанка бараніла паплечнікаў Ціханоўскага

Гісторыя былой настаўніцы, якая зразумела, што ў Беларусі адбыліся незваротныя змены.

Кастрычніцкі раённы суд Магілёва 5 чэрвеня пакараў штрафам у 540 рублёў Вольгу Лобан, маці дваіх дзяцей і інваліда 3 групы па зроку, за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсьці, якія паводле міліцыянтаў, адбыліся 5 траўня.

У той дзень магілёўцы не дазволілі міліцыі затрымаць каманду блогераў каналу «Страна для жизни», якія наведаліся ў горад на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі. Паводле міліцыянтаў, якія выступалі сьведкамі ў судзе, Вольга была адной з самых актыўных удзельніц несанкцыянаванага мерапрыемства. На яго сабралася больш за 50 чалавек, перадае «Радыё Свабода».

«Міліцыя сама справакавала людзкі пратэст»

У судзе Вольга Лобан віны не прызнала. Яна даводзіла, што разам зь іншымі людзьмі патрабавала ад міліцыянтаў затрымаць «хулігана», што пырснуў газам з балёнчыка ў твар кіроўцу аўтобуса, у якім былі блогеры. Паводле яе, бязьдзейнасьць праваахоўнікаў і справакавала людзкі пратэст, які перарос спачатку ў імправізаванае шэсьце, а потым у мітынг.

У гутарцы з Свабодай Вольга адзначыла, што ў эпіцэнтры падзей 5 траўня апынулася выпадкова. У гэты дзень яна зь сям’ёю выбралася на прагулку ў Любускі лесапарк, а калі вярталася, то на Віцебскім праспэкце ўбачыла групу людзей, якія сабраліся ля машыны з надпісам «Страна для жизни». Аднайменны канал у інтэрнэце жанчына праглядала рэгулярна.

Фото: «Радыё Свабода»

Вольга падышла да натоўпу і пачала высьвятляць, што адбываецца. Ёй падалося, кажа яна, што праваахоўнікі, якія стоўпіліся каля машыны, былі разгубленыя і ня ведалі, што рабіць. Пасьля таго ж, як у салён пырснулі газам, людзі абурыліся і паспрабавалі затрымаць «хулігана», але яго ўратавала міліцыя.

«Потым стала вядома, што міліцыянты хацелі затрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага, але ён у Магілёў тады не прыехаў. У салёне машыны быў чалавек, падобны да Сяргея, і калі ён выйшаў, то міліцыянты кінуліся на яго, але былі зьбянтэжаныя сваёй памылкай», — згадвае сытуацыю месячнай даўнасьці Вольга Лобан.

Па яе словах, пасьля штурханіны сытуацыя нармалізавалася, але людзі не разышліся. Многія здымалі падзеі на тэлефоны. Выказвалі незадаволенасьць тым, што адбываецца ў краіне.

Пра што казала Вольга Лобан на мітынгу

Засталася на праспэкце і сама Вольга. Яна не хавае, што нават выступала на стыхійным мітынгу. Гаварыла пра тое, што глядзіць стрымы каналу «Страна для жизни» з аповедамі «пра гаротнае жыцьцё герояў, якія ня могуць дамагчыся справядлівасьці, са сьлязьмі». Сама дзялілася сваімі ўражаньнямі і эмоцыямі.

«Я штогод праходзіла камісію, якая зацьвярджала мне інваліднасьць. Разам са мною на камісію прыходзілі мужчыны, якія былі на аўганскай вайне. Нехта зь іх ня меў рукі, нехта нагі, — пераказвае свой выступ Вольга. — Яны павінны былі кожныя два гады паказваць камісіі, што за гэты час у іх не павырасталі рукі і ногі. Мяне гэта дзівіла і абурала. Мною гэта ўспрымалася як абраза чалавечай годнасьці і гонару. Наагул гэта ўсё не па-людзку».

Фото: «Радыё Свабода»

Сама Вольга пашкодзіла сабе вока ў выніку няшчаснага выпадку. Да 18 гадоў была інвалідам дзяцінства. Потым, па яе словах, зьмянілася заканадаўства, і аднавокіх перасталі разглядаць як непаўнапраўных, акрамя тых, хто меў пратэз. Пасьля скаргаў Вользе інваліднасьць пакінулі на час, пакуль вучылася ў каледжы. Затым скасавалі — і вярнулі толькі пасьля некалькіх год змаганьня.

«Мужа не дакараюць, што ягоная жонка рэвалюцыянэрка»

Вольга прызнаецца, што баялася, каб міліцыя на праспэкце не пачала хапаць людзей. Спадзявалася, што зь дзецьмі яе затрымліваць усё ж не наважацца. Па ейных словах, зь імі, «пакуль маці мітынгавала, заставаўся муж, які кантраляваў сытуацыю зь невялікай адлегласьці».

«Мы з Аляксандрам адных поглядаў, — кажа Вольга. — Ён крыху цішэйшы за мяне, але жонку крыўдзіць ня дасьць. Аляксандар тады быў да канца са мною і сёньня прыйшоў на суд падтрымаць мяне».

Фото: «Радыё Свабода»

Жанчына кажа, што цяпер у людзей мяняюцца погляды. На яе думку, тым, што адбываецца ў краіне, незадаволены ўвесь народ.

«Я гэта бачу па сваёй роднай вёсцы, — кажа Вольга. — Там таксама праглядаюць інтэрнэт, і шмат каму цяперашняя абстаноўка ў Беларусі не падабаецца. Мой бацька няхай і ня ходзіць на такія мерапрыемствы, у якім я ўдзельнічала, але ён на нашым баку. Мы калі сям’ёй зьбіраемся, каб вы бачылі, якія дыскусіі адбываюцца».

Вольга лічыць, што цяпер у Беларусі творыцца беззаконьне і «гэта асабліва бачна ў перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію». Міліцыянты, кажа Вольга, займелі неабмежаваныя паўнамоцтвы.

«Па ўсёй краіне людзей затрымліваюць. Незадаволеным затыкаюць раты, — абураецца яна. — Працы з заробкамі, каб па-людзку жыць, няма. Таму ўладу і нашае бачаньня жыцьця трэба мяняць, каб сонейка нам засьвяціла».

«Па настаўніцтве сумую, але вяртацца ў цяперашнюю школу ня бачу сэнсу»

Апошнія пяць гадоў, як нарадзіла другое дзіця, Вольга не працуе. Кажа, што ў іх прыватны дом, вялікая гаспадарка, і занятку ёй хапае. Па кінутым настаўніцтве сумуе, але «вяртацца ў цяперашнюю школу ня бачыць сэнсу».

«Безумоўна, ад заробку ў 350–400 рублёў радасьці мала, але яшчэ настаўнікі цяпер загружаныя не сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, выкананьнем непатрэбных бюракратычных абавязкаў, — тлумачыць яна. — Іх робяць адказнымі за зьбіраньне макулятуры і мэталалому. Абавязваюць наведваць сем’і, дзеці ў якіх гадуюцца ў сацыяльна небясьпечных умовах. Чаму гэтым усім мае займацца настаўнік...»

Вольга кажа, што штраф яе не палохае. «Няхай з пэнсіі ў 200 рублёў вылічваюць», — кажа яна.

«Для мяне нашмат важней, — падсумоўвае гутарку жанчына, — каб людзі паднялі галовы і сталі дыхаць свабадней, бо за 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі нас запрыгонілі, што мы ня толькі слова баімся сказаць, але і вочы падняць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]