Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Прадстаўнік прафсаюзу РЭП у Слоніме: Пратэстныя кандыдаты - яркія асобы, якія абудзілі народ

09.06.2020 политика
Прадстаўнік прафсаюзу РЭП у Слоніме: Пратэстныя кандыдаты - яркія асобы, якія абудзілі народ

Лёс Беларуст вырашыцца на Плошчы.

З 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна ў Беларусі ідзе збор подпісаў 14 ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Сваімі думкамі аб ходзе прэзідэнцкай кампаніі падзяліўся з «Газетай Слонімскай» слонімскі актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Міхаіл Сашко.

— Якія ўражанні ў Вас склаліся ад сёлетняй выбарчай кампаніі?

— Сёлетняя выбарчая кампанія адрозніваецца ад папярэдніх тым, што яна праходзіць у самы разгар пандэміі. Беларускі правіцель, нягледзячы на эпідэмію каранавіруса, любой цаной захацеў застацца і далей правіць, здзекуючыся з беларусаў, і, скарыстаўшыся пандэміяй, правесці сваё стэрыльнае перапрызначэнне без назіральнікаў, абсалютна бескантрольна.

— Якой стратэгіі падчас гэтай кампаніі будзе прытрымлівацца прафсаюз РЭП?

— Рашэння кіруючага органа прафсаюзу па гэтым пытанні не прынята, але прафсаюз РЭП падтрымае ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі.

— Чаму грамадзяне актыўна ставяць подпісы за пратэстных удзельнікаў у выбарах?

— Беларусы актыўна падтрымліваюць пратэстных кандыдатаў таму, што антынародны правіцель давёў народ да галечы, знішчыў эканоміку краіны, сваімі ўказамі і дэкрэтамі ўтаптаў у бруд Канстытуцыю (асноўны закон), увёў у краіне рабства, знішчыў прававую сістэму краіны — людзям немагчыма адстаяць свае правы ні ў судах, ні ў пракуратуры, ні ў інспекцыі, ні ў міліцыі, ні ў ягонай адміністрацыі. Беларусы бачаць, што ўся створаная ім сістэма скіраваная толькі на захаванне неабмежаванай улады Лукашэнкі любой цаной, нягледзячы на шматлікія ахвяры.

— Што Вы можаце сказаць пра новых прэтэндэнтаў ад пратэстных кандыдатаў?

— Усе пратэстныя кандыдаты вельмі яркія, крэатыўныя асобы, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, змаглі данесці да людзей усе праблемы, што стварыў для беларусаў антынародны рэжым Лукашэнкі за 26 гадоў свайго існавання.

— Які кандыдат у прэзідэнты патрэбны сёння большасці беларусам?

— На маю думку, патрэбна народу падтрымаць усіх кандыдатаў, якія за незалежную Беларусь, за сапраўдную ўладу заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

— Будзеце назіраць за выбарчай кампаніяй ці думаеце кагосьці падтрымаць?

— Падтрымаю ўсіх, акрамя праўладных кандыдатаў і дзейнага кіраўніка.

Вялікая праблема ў рэжыму з`явіцца ў тым выпадку, калі людзі замест выбарчых участкаў выйдуць прагаласаваць на плошчу.

— Які ўплыў аказвае пандэмія на выбары?

— Выбарчая кампанія ў час пандэміі стварае моцна абмежаваныя магчымасці для ўсіх незалежных кандыдатаў і стварае спрыяльныя ўмовы для дзейнага правіцеля і яго спарынг-партнёраў.

— Эпідэмія некалі скончыцца. Што зменіцца ў жыцці і палітыцы ў Беларусі пасля каранавіруса?

— Спадзяюся, што Беларусь назаўжды пазбавіцца ад дыктатуры і ў бліжэйшым будучым будзе прававой дзяржавай. Дзяржавай для людзей, а не правіцеля і яго прыбліжаных!

— Што хочаце сказаць выбаршчыкам?

— Не ўдзельнічаем у гэтым цырку-шапіто і патрабуем выбараў без Лукашэнкі і Ярмошынай. Мы народ! Маем права абіраць сабе ўладу самі, а не наадварот — улада абірае сама сябе супраць волі народа!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]