Мажлівы кандыдат у прэзідэнты акрсэсліў сваю пазіцыю па моўным пытанні.
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ў онлайн-інтэрвію на партале tut.by выказаўся за раўнапраўнае вывучэньне ў Беларусі трох моваў — беларускай, расейскай і ангельскай.
«Я мару, каб большая частка беларусаў размаўляла як мінімум на трох мовах, — сказаў ён. — З майго пункту гледжаньня, самае правільнае — пабудова сыстэмы адукацыі, дзе тры мовы ў роўнай ступені пачынаюць ўводзіцца зь першай клясы. Трэба рыхтаваць выкладчыцкі склад, ўзмацняць яго».
Разам з тым экс-банкір перакананы, што трэба «адназначна выводзіць беларускую мову як асаблівасьць, адметную рысу нацыі беларусаў».
«Я, на жаль, ня так часта карыстаюся роднай мовай, але мне было б вельмі прыемна, каб за мяжой нас пазнавалі менавіта па беларускай мове», — растлумачыў ён.
Бабарыка заявіў, што неабходная падтрымка школаў дзеля навучаньня дзяцей беларускай мове, а таксама выступае за большую папулярызацыю беларускай культуры.
«Гэта працэс не аднаго дня, — канстатаваў прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду. — Не адзін дзень зьнішчалі беларускую мову, і вы хочаце, каб за адзін дзень хтосьці выправіў моўную сытуацыю? Я вельмі моцна спадзяюся на тое, што беларускамоўныя дзеячы культуры нейкім чынам дапамогуць гэтаму. Як? Паглядзім».
«Пытаньне мовы, сымболікі — гэта пытаньне заканчэньня першага тэрміну любога, хто прыйдзе ў гэтае крэсла. Пяць гадоў — дастатковы тэрмін. Пытаньне вырашалася б народным галасаваньнем, безумоўна», — адзначыў ён.
Пры гэтым на галасаваньні ў зьмене дзяржаўнай сымболікі сам Бабарыка застаўся б нэўтральным. На яго думку, роля прэзыдэнта ў гэтых пытаньнях павінна быць яднальнай, а выказаныя перавагі за адзін з варыянтаў адштурхнулі б тых, каму імпануе іншы.