Краіне патрэбны прэзідэнт, які любіць свой народ, краіну і будзе адстойваць інтарэсы дзяржавы.
У краіне працягваецца збор подпісаў. Пра сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне распавядае gs.by кіраўнік слонімскай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Іван Бедка.
— Ці будзеце назіраць за выбарамі? Каго падтрымаеце сярод удзельнікаў кампаніі?
— Калі будзе магчымасць праводзіць назіранне, безумоўна, буду назіраць і фіксаваць усе парушэнні заканадаўства. Але мой вялікі вопыт назірання паказвае, што ўладзе на ўсё напляваць. Вынікі «выбараў» яны малююць такія, якія ім патрэбны.
Я падтрымаю любога, хто за незалежную і самастойную, дэмакратычную Беларусь без карупцыі.
— Які кандыдат у прэзідэнты патрэбен беларусам?
— На маю думку, патрэбны чалавек, які любіць свой народ, сваю краіну, сумленны, які будзе адстойваць інтарэсы дзяржавы, а галоўнае, здаровы, без усялякіх хібаў.
— Лукашэнка затрымлівае актывістаў. Ці здольны грамадзяне Беларусі самаарганізавацца?
— Хачу спадзявацца, што грамадзяне здолеюць самаарганізавацца на гэтым выбарчым спектаклі. Калі не, то гэта можа каштаваць Беларусі незалежнасці. Таму што гэтая ўлада нічога добрага прапанаваць не здольная. Дакіраваліся: ні работы, ні дастойных заробкаў людзям.
— Што можаце сказаць пра Ціханоўскага, Цэпкалу і Бабарыку? Хто з іх бліжэй?
— Нікога з іх не ведаю так, каб мог ім верыць. Тым, хто быў ва ўладзе Лукашэнкі, асабліва не веру. Напэўна, бліжэй Ціханоўскі, калі ён падтрымлівае тыя каштоўнасці, пра якія сказана вышэй.
— Чаму людзі паверылі ім і ідуць за імі?
— Людзям абрыдла існуючая ўлада на чале з Лукашэнкам. Яны патрабуюць пераменаў. Хочуць жыць у цывілізаванай краіне.
Лукашэнка можа сысці, толькі калі народ масава выкажа сваю нязгоду з ім.