Ад каранавірусу памерла 82-гадовая жанчына, але яе дазволілі хаваць у адкрытай труне.
15 чэрвеня памерла Надзея Сенцюрова, маці дэмакратычнага актывіста Сяргея Сенцюрова. Жанчыне было 82 гады, піша “Наша ніва”.
«Яна мела шмат праблем са здароўем: інваліднасць па сэрцы, перанесеныя інсульт, інфаркт, апошнім часам рэзка вырас цукар, хоць на дыябетам яна не хварэла, — распавёў Сяргей Сенцюроў. — Але цяпер каля трох тыдняў таму маму паклалі ў бальніцу праз праблемы з сэрцам. Яна ляжала ў «бруднай» зоне, дзе ляжаць людзі з «каронай». Я спытаўся, чаму так, а дактары адказалі: цяпер «чыстых» зонаў няма».
Пасля жанчыне стала горш, на некалькі дзён яе паклалі ў рэанімацыю, затым вярнулі ў звычайную палату. Праз некаторы час стан зноў пагоршыўся. Надзею Паўлаўну перавялі ў рэанімацыю. 15 чэрвеня яна памерла.
Першы аналіз на каранавірус у жанчыны быў адмоўным, кажа сын.
«Але ў даведцы, якую я атрымаў пасля смерці мамы стаіць сардэчная недастатковасць і ковід-19, — расказаў Сяргей Сенцюроў. — Пахавалі маму 16 чэрвеня, прычым у адкрытай труне. Я пытаўся ў моргу: чаму так, кажуць жа, што калі была «карона», то цела закрываюць у пакеце? Мне адказалі: цяпер мы целы апрацоўваем, яны пасля апрацоўкі бясшкодныя. Дакранацца нельга, але можна не закрываць труну».