Артэміс Ахпаш патлумачыў, чаму адхрысціўся ад уласнага канала.
Інтэрнэт абмяркоўвае публічны дэмарш вядучага АНТ Артэміса Ахпаша, які абвінаваціў калег у хлусні.
«Наша Ніва» спытала ў Ахпаша, у які канкрэтна момант ён зразумеў, што яго калегі хлусяць. І таксама якой рэакцыі кіраўніцтва ён чакае.
«Наступае момант, калі ты ўнутры сабе кажаш: «Стоп, хопіць», — адказаў Ахпаш.
Разрыву кантракту з АНТ ён не чакае, бо таго проста няма — з 2017 года ён супрацоўнічае з каналам як ІП. Але з тэлебачання, вядома, пасля свайго дэмаршу сыдзе.
«Я проста не хачу далей мець справы нейкія адносіны з нашым беларускім тэлебачаннем такім, якім яно ёсць у гэты момант. Калі яно памяняецца, то, можа, і вярнуся ў прафесію», — рэзюмаваў вядучы.