Вiдэа.
Грамадзкая кампанія «Годна» разам зь лідэрам «Сьпеўнага сходу» і гурту Vuraj Сяргеем Доўгушавым распачала музычны праект «Сьпяваем годна» — штотыдзень абяцаюць выдаваць кліпы, у якіх звычайныя беларусы сьпяваюць «знакавыя беларускія песьні» разам зь іх выканаўцамі, паведмляе «Радыё Свабода».
Раней праект выдаў запісы «дыстанцыйных хораў» зь песьнямі «Я нарадзіўся тут» і «Паветраны шар» — у запісах удзельнічалі, адпаведна, Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі. Цяпер выйшла трэцяе відэа — «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча.
Аўтары праекту сабралі людзей з розных гарадоў Беларусі і беларусаў зь іншых краінаў. У запісе ўзялі ўдзел опэрны барытон Ільля Сільчукоў, гусьляры Алесь Чумакоў і Тацяна Ячная, мастацкая кіраўніца і дырыжэрка хору Concordia Галіна Казіміроўская.
Мінулай восеньню «Арт-сядзіба» і Symbal.by апублікавалі яшчэ некалькі вэрсіяў гімну «Пагоня»: мэцэнат Антон Мяжа зладзіў запіс гімну з аркестрам і стварэньне «караоке-вэрсіі». Акрамя таго, «Пагоню» раней сьпяваў гурт «Песьняры», хор «Унія» і многія іншыя, а рок-вэрсію выконваў у праекце «Я нарадзіўся тут» Лявон Вольскі.