Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Народ падымаецца з каленяў

24.06.2020 политика
Народ падымаецца з каленяў

На нахабства рэжыму зрэагавалі нават нябесныя сілы.

Стыхійныя пратэсты тысяч сумленных грамадзян Беларусі супраць аўтарытарызму набылі такі накал, што не проста вывелі з раўнавагі, але і моцна напалохалі кіруючы клан. Але пасля перыяду пэўнай разгубленасці, ліхаманкавага абмеркавання сітуацыі ён пайшоў у контратаку, не выбіраючы ні метадаў і спосабаў, ні сіл і сродкаў. Усплылі і пушчаны ў ход старыя, выпрабаваныя гадамі «спяцы» па барацьбе з дэмакратыяй.

Застрашваючы насельніцтва, правіцель паказальна праводзіць нараду за нарадай з сілавікамі, з усімі, хто мае дачыненне да забеспячэння ўтрымання на троне. Пастаўлена задача: збіць накал гневу, пратэстную энергію людзей і сарваць канкурэнтнае галасаванне на выбарах. У першую чаргу, жорсткім падаўленнем займаецца сам узурпатар улады як найбольш зацікаўленая асоба. Гэтым тлумачацца грубыя пагрозы насельніцтву, арышт В. Бабарыкі, яго сына і іншых грамадзян.

Правіцель не выбірае выразаў у характарыстыках рэальнаму прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта і ўсім апанентам унутры краіны і за яе межамі. Агідна назіраць і за лагерам яго прыхлябацеляў. Ужываю слова нездарма, бо яно найлепш характарызуе і маральную сутнасць гэтых індывідаў, і іхнюю пацучыную валтузню…

Бой ідзе няроўны паводле многіх прычын. Мірныя людзі, якія змагаюцца за адкрытыя і сумленныя выбары, уяўляюцца мне «штрафнымі батальёнамі», якія самаахвярна ідуць на прарыў.

Свядомай частцы грамадства, па-першае, супрацьстаіць агрэсіўны кіруючы клан, у якога ў падпарадкаванні велізарны рэпрэсіўны апарат, аснашчаны высокатэхналагічнымі сродкамі прапагандысцкай, псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва і сілавога падаўлення масавых народных пратэстаў. Па-другое, у барацьбу супраць мужных людзей уключаны адміністратыўны рэсурс, які шчупальцамі дастае чалавека ў любым месцы. Шантаж, подкуп і прымус дзейнічаюць у кожнай установе, арганізацыі, на прадпрыемстве. Дайшло да таго, што ў ратаванне рэжыму, у «збор подпісаў» за правіцеля побач з гэтак званымі «дзяржаўнымі валанцёрамі» ўключыліся «цёткі-агітатаркі», неадукаваныя, але якія ў хлусні, нахабстве і нахрапістасці могуць нават пераўзысці свайго куміра — галоўнага «казачніка». А народ зноў рагоча з ягоных «лапцяў» і «клочка земли».

Але паводзіны гэтай часткі грамадства ў час выбарчай кампаніі заўсёды прадказальныя. Такая агрэсія, з той ці іншай асаблівасцю і сілай, была кожны раз.

Мяне надзвычай уразіла іншае. Супраць руху за дэмантаж аўтарытарызму, за прыход дэмакратыі выступаюць не толькі рэжым, але і наўпрост або замаскіравана некаторыя ўсходнія і заходнія палітыкі, палітолагі, мясцовыя і замежныя аналітыкі, эксперты. Відаць, задавальняе сістэма, якую згарбузіў А. Лукашэнка і каля якой яны пастаянна пасвяцца.

Правіцель пагражае насельніцтву расстрэламі, а эксперты са свайго боку сцвярджаюць, што ні рэальнаму прэтэндэнту, ні звычайным людзям «не имеет смысла лезть в драку».

Адразу падкрэслю, што ў Беларусі не «драка», а канстытуцыйныя прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбывацца законным шляхам, сумленна, свабодна, без прымусу, без фальсіфікацый і падтасовак. За гэта і выступае пратэстны пласт насельніцтва. Ён не мае патрэбы ў павучаннях замежных «абачлівых» экспертаў або мясцовых «мышэй пад венікам». Людзі самі разбяруцца, што ім рабіць у складанай і нават небяспечнай сітуацыі, за каго галасаваць. А опусы песімістычнага плану, якімі кішыць інфармацыйная прастора, не даюць нічога карыснага, але нагнятаюць сярод пэўнай часткі насельніцтва настрой упадніцтва і абыякавасці.

Дарэчы, няварта «прасунутым экспертам» збіраць да кучы ў сваіх ацэнках розныя народы з адметным характарам, менталітэтам, прыцягваць за вушы сумніўныя схемы і графікі. Толькі што ў матэрыялах пра В. Бабарыку яны перажоўвалі «русский след», нагняталі атмасферу, а цяпер круць — і ўжо ўзахлёб сцвярджаюць, што ён — «наивный романтик». А між тым прэтэндэнт сабраў больш за 400 тысяч подпісаў!

У разважаннях эксперты значна змяншаюць працэнт пратэстнай часткі грамадства (скажам, адкуль бяруцца 30 тысяч чалавек на плошчы ў снежні 2010 года, калі незалежныя падлікі давалі лічбу — каля 60 тысяч?), сумняваюцца ў смеласці неабыякавых грамадзян. Прытым некаторыя разумнікі дзесяцігоддзямі жывуць камфортна за мяжой. Ніхто з іх ніколі не рызыкаваў за праўду не тое што жыццём і здароўем, але і дробнай часцінкай свайго дабрабыту. Навошта ж яны каламуцяць? Тут ёсць над чым падумаць…

Як і правіцель, многія замежныя і мясцовыя эксперты любяць паўтараць, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Дык што, тады можна скласці рукі і з глыбакадумнай ухмылкай спакойна назіраць, як у сярэдзіне дэмакратычнага кантынента нахабны аўтарытарны рэжым займаецца палітычным, эканамічным і маральным рэкетам, а народныя батальёны сцякаюць крывёю?!

Гледзячы на валтузню, прыходзіш да высновы, што Рэспубліка Беларусь як сапраўды суверэнная краіна, дзе наладжаны законнасць, свабоднае жыццё і праца, годны дабрабыт усяго насельніцтва, нікому не патрэбна: ні А. Лукашэнку і яго клану, ні імперскай Расіі, ні многім заходнім палітыкам, ні жулікаватым інвестарам, ні «прасунутым экспертам». Усіх задавальняе цяперашні стан, каб кожны мог лавіць сваю «залатую рыбку» ў мутнай вадзе.

Але не ўсё так адназначна, як гэта хочуць паказаць эксперты, на доўгія гады зачараваныя А. Лукашэнкам. Безумоўна, насельніцтва — закладнік аўтарытарнай сістэмы: «Куда вы денетесь?» Ды жыццё ўсіх вучыць.

Гучыць рыторыка: «Мы эту страну не отдадим!» А хто куды сабраўся яе аддаваць і хто такія «мы»? Краіна належыць не чыноўніку, якому выбаршчыкі дазволілі пэўны час кіраваць, а народу.

Гэта выдатна разумеюць маладыя людзі 20 — 35 гадоў, якія пасля затрымання В. Бабарыкі сталі 18 чэрвеня ў ланцуг салідарнасці. Іх не запалохаеш. Гэта іх краіна, яны — яе цяперашняе і будучыня. Яны самі без палітычных пенсіянераў будуць вырашаць, які дзяржаўны лад павінен быць у Беларусі, каго трэба абраць у кіраўніцтва…

На нахабства рэжыму зрэагавалі нават нябесныя сілы. Па сталіцы ўдарыў штармавы зарад з ліўнем і градам, вецер змятаў смецце, якое заляжалася на доле, на балконах. Хтосьці скажа, што гэта — выпадковасць. Але нездарма ў народзе жыве выслоўе: «Бог — не цяля, бачыць круцяля!»

Зноў на вуліцах гарадоў загучалі гугнявыя галасы міліцэйскіх дынамікаў: «Массовые мероприятия запрещены!» Але ў Беларусі адбываецца самае масавае і радаснае мерапрыемства — гэта грамадзянскае яднанне людзей, пераход рабскага насельніцтва ў народ. Яго не спыняць дубінкі і аўтазакі. Пакуль не позна, улада павінна выпусціць на свабоду палітвязняў!

Яшчэ раз паўтару даўнюю просьбу да заходніх палітыкаў, якая пастаянна гучыць у маёй публіцыстыцы: калі ласка, у стасунках з Беларуссю працуйце з аглядкай не на самазадаволеных, абмежаваных індывідаў, а на наш народ, які сапраўды падымаецца з каленяў.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]