Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Каб кожны мог зьвярнуцца да Бога»

21.07.2020 общество
«Каб кожны мог зьвярнуцца да Бога»

У Бабруйску ўратавалі старажытную сынагогу.

Тлумачальныя надпісы на гістарычным помніку будуць і па-беларуску.

Занядбаны двор старой сынагогі ў Бабруйску ператварылі ў рэлігійны і культурны асяродак. Днямі тут завяршыліся працы і зь «Сьцяной плачу», якая формай нагадвае славутую сьцяну Другога Храма ў Ерусаліме. Яе ўладкавалі на большай зь дзьвюх арыгінальных сьценаў сынагогі, што захаваліся, перадае «Радыё Свабода».

«Ніхто ня мае права разбураць будынак, які быў намолены»

Месьціцца «Габрэйскі падворак» за 15 хвілін пешшу ад цэнтру Бабруйску на вуліцы Чангарскай, 26.

На інфармацыйным стэндзе «Габрэйскага падворку» адзначана, што тутэйшую сынагогу для рамізьнікаў узьвялі ў 1890 годзе, а праз 50 гадоў «вайна практычна зраўняла яе зь зямлёю». Тым часам дасьледнікі габрэйскай культуры адзначаюць: сынагогу закрылі бальшавікі ў 1920 годзе.

Да канца 1980-х гадоў яе выкарыстоўвалі ў прамысловых і гаспадарчых мэтах. Апошнія дзесяцігодзьдзі сынагога разбуралася незапатрабаванай. У выніку ад яе засталіся толькі дзьве сьцяны.

Паводле аднаго з ініцыятараў стварэньня «Габрэйскага дворыка», рабіна бабруйскай сынагогі Шауля Хабабо, за ратаваньне рэшткаў сынагогі ўзяліся ў 2016 годзе. Тады сьцены малітоўні плянавалі зьнесьці, бо яны былі ў аварыйным стане і пагражалі абрынуцца.

«Ніхто ня мае права разбураць будынак, які быў намолены, і не істотна, якой канфэсіі ён належыць, — кажа рабін. — Гэта гісторыя, і людзі любяць такія мясьціны. Яны даюць грамадзянам іншых краін адчуць сябе бабруйчанамі, нават калі зьехалі з Бабруйску іхныя продкі. Важна, каб у іх зьявілася яшчэ адна прычына прыехаць сюды і дакрануцца да гісторыі гораду, сьценаў, пра якія чулі ад родзічаў».

«Каб кожны ў любы час мог прыйсьці сюды і зьвярнуцца да Бога»

Шауль Хабабо кажа, што дворык упадабалі ня толькі юдэі, але і людзі іншых канфэсіяў. Сюды прыходзяць, каб пабыць сам-насам з Богам ды пакінуць яму свае пасланьні. Для іх у «Сьцяне плачу» ўмысьля пакінулі адтуліны. За дзень рабін зьбірае да трох дзясяткаў цыдулак, якія абяцае пераправіць у Ерусалім.

Ён кажа, што апошнія тры гады на дзень гораду актывісты габрэйскай грамады выстаўлялі для бабруйчан дэкаратыўную «Сьцяну плачу», якая стала папулярнай. Паводле яго, гараджане пакінулі ў ёй больш за 500 пасланьняў Богу. У звычайныя дні яна стаіць у сынагозе, а ня кожны ж наважыцца зайсьці ў «чужы храм».

«„Сьцяну плачу“ вырашылі зрабіць у гэтых мурах, каб кожны чалавек у любы час мог прыйсьці сюды і зьвярнуцца да Бога, у якога, як вядома, няма рэлігіяў і нацыянальнасьцяў», — тлумачыць задуму суразмоўца.

«Зробім надпісы па-беларуску, каб беларусы тут былі чаканымі»

Шауль Хабабо адзначае: у стварэньне «Габрэйскага дворыка» ўкладзена 85 тысяч даляраў спонсарскай дапамогі і ахвяраваньняў. Ён заўважае, што сума выглядае завялікай, але «толькі на першы погляд». Паводле яго, плошча двара — 950 квадратных мэтраў. Нямала сродкаў забрала падрыхтоўка дакумэнтацыі. На ўмацаваньне сьценаў пайшло 120 тон бэтону.

«Для нас важна, каб гэтая сьцяна, прастаяўшы 120 гадоў, прастаяла яшчэ столькі і нават больш», — кажа ён.

Рабін дадае, што працы з дворыкам яшчэ ня скончаныя. Неўзабаве скульптары возьмуцца рабіць на мурах барэльефы сцэнаў з габрэйскага жыцьця. Цяпер яны на карцінах. Суразмоўца абяцае, што тлумачальныя надпісы будуць і па-беларуску.

«Мы жывём у Беларусі, і важна, каб беларусы змаглі адчуць сябе тут чаканымі. Гэта яны нас прымаюць», — кажа Шауль Хабабо.

Пра пэрспэктывы вяртаньня сынагог: варта запоўніць вернікамі тыя, што ёсьць

На пачатку 20 стагодзьдзя ў Бабруйску жыло пад 20 тысяч габрэяў (больш за палову ўсяго насельніцтва гораду). Тады дзеяла 47 сынагог. Цяпер габрэйская грамада налічвае 2 тысячы чалавек. Ацалела 7 будынкаў бажніц, адну зь іх выкарыстоўваюць як малітоўню.

«Існуе меркаваньне, што гэтыя будынкі намоленыя і ў іх ня можа быць іншай чыннасьці, акрамя малітвы, таму габрэйская грамада павінна іх выкупіць, — кажа рабін. — Зь іншага боку, варта запоўніць тыя, якія ў нас ёсьць цяпер. На тое, каб іх выкупіць, патрэбныя грошы і разуменьне, куды перасяліць людзей, якія цяпер займаюць будынкі. Яны ж не вінаватыя, што ранейшая ўлада аддала іх ім».

Суразмоўца кажа, што пакуль габрэйская грамада гатовая паставіць ля былых сынагог стэнды з апісаньнем таго, што ў іх раней было. Паводле яго, неўзабаве можа зьявіцца памятны знак у гарадзкім парку, дзе былі габрэйскія могілкі.

Шауль Хабабо цьвердзіць: мясцовая ўлада да габрэйскай спадчыны ставіцца паважліва і падтрымлівае ініцыятывы габрэйскай грамады. Паводле яго, чыноўнікі спрыялі ў адбудове дворыка і кансультавалі, як вырашыць юрыдычныя пытаньні зь яго афармленьнем.

Ён не згаджаецца, што габрэі з Бабруйску толькі зьяжджаюць, і настойвае: паводле ягоных зьвестак, блізу 500 чалавек вярнуліся з Ізраілю, «дзе жыцьцё задарагое». Некаторыя з тых, хто вяртаецца, распачынаюць у Бабруйску свой бізнэс.

«Насельніцтва Ізраілю — 7,2 мільёна чалавек, і блізу 800 тысяч жывуць за мяжою, — праводзіць паралель рабін. — Нічога кепскага няма ў тым, што людзі могуць сабе дазволіць жыць тут і там».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]