Як бы сябе паводзіў сёння Кастусь Каліноўскі?
Гарадзенскі гісторык, прафесар Алесь Смалянчук написаў у "Фэйсбуку", чаму ён падтрымлівае Святлану Ціханоўскую:
— Чаму я падтрымліваю Святлану Ціханоўскую?
Па-першае, прываблівае шчырасць і яснасць яе пазіцыі, ключавымі пунктамі якой з’яўляюцца вызваленне палітычных вязняў і правядзенне новых свабодных выбараў без Ярмошынай і караеўскай банды.
Па-другое, захапляе мужнасць жанчыны, палітычны выбар якой карэнным чынам змяніў яе жыццё, прывёў да разлукі з дзецьмі і зрабіў няпэўнай паслявыбарчую будучыню. Звяртаючыся да майго ўлюбёнага ХІХ стагоддзя і праблематыкі вызвольных паўстанняў, сёння прыгадваю польскіх жанчын, якія ў 1863 г. выпраўлялі ў лес сваіх мужоў і сыноў і публічна зневажалі тых, хто адмаўляўся ад барацьбы. Але часцей прыгадваецца гераічны вобраз уражэнкі віцебшчыны Эміліі Плятэр, якая не толькі далучылася да Лістападаўскага паўстання 1830 г., але нават узначаліла атрад інсургентаў і атрымала званне капітана. Нядаўнія масавыя арышты і збіццё людзей у Менску паказалі, што ў Беларусі 2020 г. міліцыя і КДБ паспяхова замянілі жандараў і карнікаў ХІХ стагоддзя.
Па-трэцяе, падзеі гэтай выбарчай кампаніі дазваляюць казаць пра канец "эпохі" Лукашэнкі. Малаверагодна, што яна закончыцца 9 жніўня. Палітыкі, здольныя ператварыць дзяржаву ў мафіёзна-бандыцкую структуру, дзе адсутнічаюць элементарныя асновы свабоды і недатыкальнасці асобы, а нормай для падуладных становіцца халуйства і хлусня, звычайна, не cыходзяць з улады падчас выбараў. Але ніколі раней у нашай краіне не назіралася такога масавага непрыняцця ўлады і ніколі не быў настолькі відавочным дысананс словаў і дзеянняў прэзідэнта і ягонага атачэння не толькі з агульначалавечымі каштоўнасцямі і прыярытэтамі сусветнага развіцця, але нават з элементарнымі нормамі культуры і выхавання. Сёння "лукашэнкаўскі фармат" дзяржаўнасці ў вялікай часткі грамадства выклікае адкрытую агіду і абурэнне. "Перафарматаванне" сталася першачарговай задачай для мільёнаў людзей. Сімвалічна, што найбольш голасна пра гэты канец абвясцілі тры беларускія жанчыны – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.
Па-чацвёртае, не веру ў мудрагелістую "газпромаўска-ціханоўскую інтрыгу" супраць беларускай дзяржаўнасці. Падмурак дзяржаўнасці найбольш разбурае палітычны курс Лукашэнкі, вынікам якога стала вялізная залежнасць гаспадаркі ад расейскай сыравіны і паспяховы працяг русіфікацыі. Заўважу, што за апошні месяц расейскія ўлады неаднаразова дэманстравалі падтрымку свайго беларускага кампаньона. Лукашэнка з Пуціным "адной крыві", і менавіта гэтая кроўнае сваяцтва часам становіцца прычынай непаразуменняў. Упэўнены, што для яшчэ дзеючага прэзідэнта пытанне незалежнасці нашай краіны – гэта пытанне выключна коштаў адмовы ад яе і гарантый бяспекі для сябе і сваёй сям’і. Новы прэзідэнт – гэта новыя магчымасці для развіцця адносінаў і з Захадам, і з Усходам. Стаць прэзідэнтам дзеля ліквідацыі краіны, народ якой цябе абраў, здаецца, такога яшчэ не ведала сусветная гісторыя.
Тым, каму не хапае ўласна беларускай культурніцкай складовай у дзеяннях новай апазіцыі, прапаную далучыцца да яе атраду і такім чынам выправіць сітуацыю.
Жыве Беларусь!
P.S. У фэйсбуку хтосьці паспрабаваў адказаць на пытанне, як бы сябе паводзіў сёння Каліноўскі? Упэўнены, што чалавек, які загінуў за свабоду і праўду, быў бы сёння разам з беларускім "трыумвіратам". Тым больш, што лозунг "не народ для урада, а ўрад для народа" – сёння адзін з найбольш актуальных і папулярных.