Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці.
Калі задумацца – колькі шкоды прынесьлі размовы, што гучалі ад пачатку 90-х пра «заканамернасьць гістарычных працэсаў» , пра «непазьбежнасьць перамогі дэмакратыі», «безальтэрнатыўнасьць лібералізму» і да таго падобнае.
А яшчэ памятаеце, модна было нібыта афарыстычна казаць «шчасьлівая тая краіна, жыхары якой ня ведаюць, хто ў іх прэм’ер-міністар». Гэтакае праслаўленьне маленькага абывацельскага апалітычнага шчасьця, якога на самой справе няма і ў заможным «там», дзе людзі маюць даволі вялікую палітычную адукаванасьць і актыўнасьць, і тым больш ня можа быць «тут», у транзітных краінах.
Тое ж самае з беларускай мовай, якая «абавязкова адродзіцца» – неяк сама, у нейкай сьветлай будучыні, адразу пасьля поўнай перамогі дэмакратыі і прыходу эканамічнага працьвітаньня. А пакуль — «я пішу па-расейску, каб як мага больш людзей мяне зразумелі». І так 25 гадоў. І людзей, якія разумеюць па-беларуску, усё менш. Але ўсё роўна, «мы зоймемся мовай пасьля перамогі дэмакратыі».
Такімі размовамі людзі закалыхваліся і, як зараз высьвятляецца, спалі мірным летаргічным сном. Чакаючы наступленьня сьветлай будучыні. Ну сапраўды, навошта нешта рабіць, калі яно само ўсё прыйдзе, -- паводле аб’ектыўных законаў разьвіцьця. «Вырастуць новыя пакаленьні», «з разьвіццём бізнэсу прыйдзе і дэмакратыя», «новыя тэхналогіі зьменяць сьвядомасьць» і гэтак далей, і да таго падобнае.
Што ж, магу толькі парадавацца, што, як выглядае, усё больш людзей разумее, што «само» не прыйдзе, так не бывае. Што ў набліжэньні сьветлай будучыні пажадана неяк самому паўдзельнічаць. No pain no gain. Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці.
Вiталь Цыганкоў, «Фэйсбук»