Звяртае на сябе ўвагу нелагічнасць гэтых крокаў.
Учорашняя інфармацыя пра затрыманне ў Беларусі 33 байцоў прыватнай расійскай ваеннай кампаніі выклікала шмат гаданняў і дадумак. І адназначна прывядзе да ўскладненняў у адносінах з Расіяй, піша Андрэй Дынько ў артыкуле на старонках «Нашай Нівы».
Калі баевікі сапраўды былі засланыя, гэта варожы крок з боку Расіі, блізкі да гібрыднай вайны. Калі баевікі не былі засланыя, а былі схопленыя па сваёй крывой дарозе ў Афрыку, гэта будзе ўспрынята Расіяй як варожы крок з боку Беларусі і не будзе пакінута без рэакцыі. Так ці інакш, у сілу гэтага ў бліжэйшы час Беларусь павернецца ў бок Захаду — самаізаляцыя ў нас немагчымая, тут не Карэя, народ прывык да іншага жыцця.
Звяртае ўвагу і нелагічнасць (або логіка) крокаў у адказ.
Калі ты выявіў гібрыдную сілу на сваёй тэрыторыі ды іншыя такія групы канцэнтруюцца каля Пскова, то напрошваецца закрыццё межаў, спыненне пасажырскага транспартнага злучэння і выхад з дамоў пра супрацоўніцтва ў сферы бяспекі. Грамадства — і альтэрнатыўная кандыдытка ў прэзідэнты — не проста зразумелі б такія крокі, але і падтрымалі б.
Між тым адзіны рэальны крок, які робіцца: надгляд і рамкі на перадвыбарчых мітынгах — іх рэальна праводзіць адна Ціханоўская, бо толькі адна яна здольная іх сабраць.
Такім чынам, у сухой рэшце: пад маркай таго, што краіну наваднілі расійскія баевікі, улады ўводзяць металашукальнікі на мітынгах Ціханоўскай.
Ці ўдасца такім чынам лукашэнкаўцам зменшыць колькасць удзельнікаў сустрэч Ціханоўскай, стане зразумела сёння ўвечары ў Мінску, дзе а 18-й запланаваны вялікі канцэрт у яе падтрымку ў парку Дружбы народаў. А таксама ў наступныя тры дні ў гарадах Заходняй Беларусі, куды кандыдатка едзе з вялікім турнэ.