Пiкетоўцы заклікалі беларускую ўладу не парушаць правы жанчын.
Няўрадавая арганізацыя Amnesty International Ukraine заклікае беларускую ўладу не парушаць правы жанчын, у тым ліку і ў часе выбарчай кампаніі, паведамляе «Радыё Свабода».
Сёньня яе прадстаўнікі разам з украінскімі праваабаронцамі і беларускімі актывістамі правялі каля беларускай амбасады ў Кіеве акцыю салідарнасьці «Месца жанчыны ўсюды».
На плякатах, якія трымалі ўдзельнікі акцыі, былі сымбалі выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай а таксама выказваньне Лукашэнкі, што «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну».
Гэты плякат пасьля невялікага мітынгу актывістка разарвала і, заявіўшы, што «Месца жанчыны ўсюды», узьняла новы з надпісам: «Офіс Прэзыдэнткі». Актывісты таксама зрабілі некалькі мініятур, у якіх паказалі, як у Беларусі затрымлівалі людзей з чаргі ў краму і тых, хто проста шпацыраваў па вуліцы.
Прадстаўніца арганізацыі таксама абурылася рыторыкай, якую выкарыстоўвае дзейны кіраўнік Беларусі:
«Мы сёньня тут, каб сказаць — месца жанчыны ўсюды! Мы хочам падтрымаць усіх беларускіх жанчын у іхным пратэсьце і сказаць, што яны моцныя і не павінны баяцца рэпрэсій. Жанчыны — вялікая сіла».
Аксана Пакальчук перакананая, што цяпер у Беларусі фармуецца новая для Ўсходняй Эўропы палітычная традыцыя, калі жанчыны выходзяць у авангард вызначальных падзей. Яна дадала, што Amnesty International адсочвае выбарчую сытуацыю ў Беларусі і ўжо прызнала пацярпелых ад рэпрэсій грамадзян Беларусі вязьнямі сумленьня.
«Наша арганізацыя не падтрымлівае ніякіх палітычных ці рэлігійных арганізацый, таму наш голас вельмі важны для міжнароднай супольнасьці, бо ён аб’ектыўны. Найбліжэйшым часам і ў іншых краінах пройдуць акцыі ў падтрымку і беларускіх жанчын, і тых, каго незаконна пасадзілі ў СІЗА. Мы таксама заклікаем увесь сьвет пісаць лісты як вязьням сумленьня, так і ўладзе, якая парушае правы чалавека, і патрабаваць іх вызваленьня», — сказала Аксана Пакальчук.
За апошні месяц у Кіеве адбылося некалькі акцый салідарнасьці зь Беларусьсю. Трэцяга ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь». Пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі пра стварэньне Беларускага інфармацыйнага цэнтру.
Акцыя завяршылася сьпевамі пад гітару каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, што побач з амбасадай Беларусі ва Ўкраіне.