Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Cапраўдная Беларусь выйшла з прапагандысцкага гіпнозу

04.08.2020 политика
Cапраўдная Беларусь выйшла з прапагандысцкага гіпнозу

Яна пераможа нахабных цемрашалаў, фальсіфікатараў і пустадомкаў.

Аўтарытарызм усталяваўся ў незалежнай Беларусі не праз захоп ворагам тэрыторыі і навядзенне на ёй чужых парадкаў. Палітычна неадукаванае насельніцтва само бяздумна здавала дэмакратычныя заваёвы, здабытыя крывёю мужных папярэднікаў.

Намаганні далёкіх продкаў, а затым сучаснікаў, якія ў 80-х гадах ХХ стагоддзя шмат зрабілі для прыходу дэмакратыі, развіцця нацыянальнага адраджэння, умацавання грамадзянскай і чалавечай годнасці, былі знішчаны. Абыякавая беларуская большасць дазволіла нахабным выскачкам прарвацца ва ўладу, зляпаць прымітыўную камандную вертыкаль, звесці на нішто правы і свабоды грамадзян. Па астранамічных тэрмінах праўлення адной асобы і жорсткасці адміністратыўнага ўціску Беларусь пераплюнула нават многія афрыканскія краіны.

Прайшло 26 гадоў. Тое, што для прагрэсіўных змен не змагла здзейсніць растурзаная апазіцыя, зрабіў сам час. У Беларусі вырасла інтэрнэтнае пакаленне, адбыўся зрух у свядомасці многіх старэйшых людзей. Звычайны чалавек, які думаў, што ён далёкі ад палітыкі, цяпер зразумеў: яна схапіла яго за горла і душыць. Грамадства хоча выправіць памылку, якая прывяла да сённяшняга выбарчага тупіку.

Не заходнія і расійскія «агенты», не мясцовыя «дэструктыўныя элементы», а зневажаючае чалавечую годнасць нялёгкае матэрыяльнае выжыванне,прапагандысцкая хлусня і цынічны адміністратыўны здзек, якія абрыдлі, вывелі людзей на вуліцы, змусілі актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Мяне здзіўляюць паводзіны многіх аналітыкаў, журналістаў, якія замест таго каб гаварыць праўду, падбадзёрваць, падказваць варыянты выхаду з крытычнага палітычнага становішча, наадварот, заблытваюць насельніцтва, навязваюцьпесімістычныя прароцтвы. Эксперты зацыкліліся на тым, што сёлетняя выбарчая кампанія нічым не адрозніваецца ад мінулых, вядзецца апанентамі рэжыму непадрыхтавана, наіўна, непрафесійна.

Няма нічога больш лёгкага, як назіраць і абсмоктваць падзеі, заклікаць іх удзельнікаў да «мудрасці». Колькі такой прадукцыі аналітыкамі пісана-перапісана! А што ж прапануюць самі «мудрейшие»? А нічога! Відаць, трэба вечна сядзець пры ўладзе іхняга любімага героя.

Я нязгодны, што «выборы в целом проходят по вполне стандартному сценарию». Нічога сабе «стандарт», калі прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта В. Бабарыку пасадзілі за краты на этапе збору подпісаў! Такога не было і ў змрочным 2010 годзе.

Выбарчая кампанія 2020 года адрозніваецца ад папярэдніх. Першае. Такой палітычнай актыўнасці насельніцтва ніколі не было. Калі вы бачылі, каб тысячы чалавек публічна на плошчах ставілі подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, каб на відэакамеру сотні людзей крытыкавалі ўладу, каб жанчына смела кідала ў твар амапаўцам: «Я вас не боюсь!», каб так актывізавалася моладзь, каб на сустрэчу з пратэстным кандыдатам прыходзіла больш 60 тысяч выбаршчыкаў?

Другое. Кампанія выяўляе змабілізаванасць, гнуткасць і дынамічнасць у дзеяннях штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў. Тое, што С. Ціханоўскі, В. Бабарыка, яго сын, памочнікі па выбарах і іншыя грамадскія актывісты арыштаваны, кепска для іх асабіста і для справы, што В. Бабарыка і В. Цапкала незарэгістраваны — злачынна, але нічога не мяняе ў развіцці падзей. Праўду ў турму не пасадзіш!

Цяпер узурпатару ўлады супрацьстаіць Святлана Ціханоўская,якой дапамагаюць Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Яны паставілі задачу — перамагчы і правесці сумленныя выбары. Насельніцтва іх актыўна падтрымлівае, што сведчыць пра рэальнасць мэты.

Страх перад рашучымі і мужнымі жанчынамі-суперніцамі, перад воляй народа бачны ў тым, як А. Лукашэнка хаваецца за плечы сілавікоў.

Трэцяе. Песімізм у ацэнцы стану «эліты» неправамерны. Заўважаецца «варушэнне» сярод чыноўнікаў, дырэктарскага корпусу, прадстаўнікоў міліцыі, армейскага афіцэрства, пра якое заявіў нават сам правіцель. Рэжым адкрыта крытыкуюць вядомыя эканамісты, спартсмены, артысты, музыканты. Дзе ж «спакой»?

Чацвертае. Пратэст грамадзян атрымаў бяспрыкладную падтрымку ў свеце. Акцыі салідарнасці з беларусамі, якія праходзяць у Польшчы, ЗША, Канадзе, Германіі, Англіі, Францыі, Чэхіі, Аўстрыі, Аўстраліі, Расіі, Літве, Турцыі, Нарвегіі (усяго больш чым 30 краін), сталі самымі масавымі...

Беларусы хочуць перамен, ды аўтарытарызм свабоднаму волевыяўленню народа ваяўніча і жорстка супраціўляецца. Вынік выбараў не вырашаюць ні горад,ні вёска. Кампаніі арганізуюць і вядуць падлік галасоў прафесійныя фальсіфікатары, людзі без сумлення, без сораму.

Такім чынам, лоб у лоб сутыкнуліся два радыкалізмы: звыклы ўладны і вымушаны народны. Толькі праўдзівыя выбары могуць уратаваць ад узрушэнняў. У іншым выпадку мірная «рэвалюцыя лілей» прадоўжыцца.Беларусам надакучыла глядзець, як іх краіна стала «адстойнікам» для міжнародных злачынцаў, «прахадным дваром» для правакатараў і нават баевікоў.

Навучаныя аўтарытарнай рэчаіснасцю грамадзяне ведалі, што тэлевізійная, радыйная і газетная прапаганда «палітрукоў», злосныя пропаведзі дэпутатаў, праўладных папоў, гісторыкаў, філосафаў — гэта толькі «кветачкі», а «ягадкі» будуць пад завяршэнне выбарчай кампаніі. Яны не памыліліся. У спектаклі «пагарэлага тэатра» з’явіліся «в чешуе, как жар горя, тридцать три богатыря». Расійскі і беларускі дзядзькі Чарнаморы таксама вядомыя. Праўда, аднаго замежныя і ўласныя падхалімы называюць не «дзядзькам», а невядома за якія заслугі — «бацькам». Нядаўна на мерапрыемстве ў Вілейцы ў яго знайшлася яшчэ адна «дачка», якая млела ад захаплення.

Час дыктуе: трэба сыходзіць, будзе лепей для ўсіх. Рэжым вычарпаў сябе да канца. Але ўладалюбец, які прысмактаўся да царскіх дабротаў, сыходзіць не жадае.

Палкоўнікі з прэзідэнцкага «аналітычнага цэнтра» кляпаюць для галоўнага боса аптымістычныя запіскі. Ды такое было. Дакладныя КДБ у Палітбюро ЦК КПСС таксама дыхалі бадзёрасцю, а СССР узяў і… разваліўся. Чытаючы абсурд аналітыкаў у пагонах, мне ўспомнілася песня: «Полковнику никто не пишет, полковника никто не ждет».

На фоне змрочнай мілітарысцкай валтузні ўлады, якая баіцца народа,вельмі годна, светла і прыгожа выглядаюць сустрэчы з выбаршчыкамі С. Ціханоўскай,М. Калеснікавай і В. Цапкала, якія аздоблены радаснымі ўсмешкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Выключная самаарганізаванасць, добразычлівасць, шчырасць і сардэчнасць,што пануюць у кожнай шматтысячнай грамадзе, могуць расчуліць любога нефальшывага патрыёта. Гэта сучасныя беларусы, якія выяўляюць лепшыя якасці нацыі.

За імгненне (так выглядае час, адпушчаны на агітацыю) тры мілыя і абаяльныя жанчыны, за якімі праўда, ускалыхнулі ўсю краіну.

Я шчаслівы, што бачу сапраўдную Беларусь, якая нарэшце выйшла з прапагандысцкага гіпнозу ў рэальнае жыццё. Яна пераможа нахабных цемрашалаў, фальсіфікатараў і пустадомкаў, як бы яны ні махлявалі.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]