Пакручасты шлях аднаго з галоўных гімнаў пратэсту праз краіны і дзесяцігодзьдзі.
«Радыё Свабода» апублікавала артыкул пра песьню «Муры», якая стала гімнам беларускіх пратэстаў:
1. Песьню напісаў каталёнскі бард
У арыгінальнай вэрсіі гэтая песьня называецца L’Estaca. Яе напісаў у 1968 годзе каталёнскі паэт і бард Люіс Ляк (Lluís Llach), і песьня адразу стала сымбалем барацьбы каталёнцаў супраць рэжыму Франсыска Франка, а пазьней адным з гімнаў каталёнскіх незалежнікаў. Назву можна перакласьці і як «слуп», і як «кол» (на які навязваюць жывёлу) — сымбаль няволі. Песьня мэтафарычная, але ўлады зразумелі яе небясьпеку і забаранілі, а аўтар вымушаны быў зьехаць у эміграцыю.
2. Аўтар удзельнічае ў каталёнскім руху за незалежнасьць
Люіс Ляк дагэтуль жывы, удзельнічае ў каталёнскім руху за незалежнасьць і нават быў выбраны ў парлямэнт Гішпаніі ў 2015 годзе ад незалежніцкага альянсу. Падчас палітычнай кампаніі ён сьпяваў сваю знакамітую песьню.
3. Песьня стала фактычным гімнам польскай «Салідарнасьці»
У 1978 годзе польскі бард Яцэк Качмарскі запісаў свой варыянт песьні, назваўшы яе «Mury». Качмарскі дадаў у сюжэт крытыку таго, як масавыя рухі карыстаюцца песьняй ці вершам, нават насуперак волі аўтара. Але пры гэтым песьня стала фактычным гімнам польскага руху «Салідарнасьць», а яе прыпеў — пазыўнымі падпольнага «Радыё Салідарнасьць».
4. Ёсьць некалькі перакладаў песьні на беларускую мову
Існуе ўжо не адзін пераклад арыгінальнай вэрсіі на беларускую мову. Першым песьню некалі пераклаў бард Сяржук Сокалаў-Воюш.
Разам хістайма слуп стары —
Ён жа няволіць нас, сябры.
Зараз ён храсьне, храсьне, храсьне
І парыне дагары.
Я пацягну яго сюды,
Ты пацягні яго туды,
Ён не стрывае, храсьне, храсьне —
Будзе воля назаўжды.
Таксама свой пераклад зрабіў паэт Макс Шчур.
5. Песьня гучала на «Плошчы»-2010
Паэт Андрэй Хадановіч пераклаў вэрсію Качмарскага на беларускую мову 19 сьнежня 2010 году — у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. «Разбуры турмы муры, / Прагнеш свабоды — то бяры!»
У той жа дзень песьню сьпявалі разам з аўтарам удзельнікі пратэсту ў Менску.
«Помню, што вагаўся, ці сьпяваць мне трэці, больш скептычны і сумны, куплет, але ў гэты момант спэцназ пачаў „блякаваць і расьсякаць“, так што выбар сам сабой адпаў. Потым сябра-паэт пажартаваў, быццам я пяяў так кепска, што нават у АМАПу нэрвы ня вытрымалі», — расказваў Хадановіч Радыё Свабода.
6. Ціханоўскі надаў песьні новае жыцьцё
Сёлета ў траўні блогер і стваральнік YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі разам зь гiтарыстам Alexander Kiss запісалі свой варыянт песьні «Муры». Ціханоўскі спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, але быў арыштаваны. Песьня выйшла ў сьвет, калі Ціханоўскі быў ужо за кратамі.
7. Песьня стала гімнам кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай
Песьню выконваюць і па-беларуску, і па-расейску на мітынгах Сьвятланы Ціханоўскай — жонкі Сяргея Ціханоўскага, якая стала кандыдаткай у прэзыдэнты пасьля арышту мужа.
Гітарыст Аlexander Kiss і сьпявак Сяргей Kosmas дапісалі да перакладу Андрэя Хадановіча свой тэкст у апошніх двух куплетах:
«Па ўсёй Беларусі падняўся народ
Свабоду сваю адстаяць.
Адзiнаю мэтай узьняўся наш дух
Цемру сьвятлом разганяць.
Браты-афіцэры, мы — адзіны народ.
Мы разам жывем на зямлі.
Зрабіце ж сумленны выбар свой.
Ня хочам мы гэтай вайны.
Прачніцесь, сябры, мы да праўды ідзем,
Імкнемся да шчасьця свайго.
І мара народа ў краіне жыцьця
Проста — каб добра было.
Моцны грукат нястомленых рук,
Рады ідуць і ідуць.
Мы —беларусы, мы з мірам ідзем
У сьветлы і сонечны пуць».