Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе неадкладна вызваліць усіх затрыманых і правесцi новыя выбары.
Заяву Сакратарыята ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» публiкуе «Радыё Рацыя».
9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Падчас галасавання былі выяўлены шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства: перашкоды ў працы і затрыманні грамадскіх актывістаў, незалежных назіральнікаў, супрацоўнікаў штабоў і давераных асобаў кандыдатаў у прэзідэнты, адсутнасць міжнароднага назірання, забарона незалежных экзіт-полаў, маніпуляцыі з датэрміновым галасаваннем, што ў выніку стварыла перавышэнне яўкі выбаршчыкаў на шэрагу ўчасткаў для галасавання.
Усё гэта разам з беспрэцэдэнтнымі па сваёй жорсткасці дзеяннямі супрацоўнікаў сілавых структур у дачыненні да мірных пратэстоўцаў прывяло да ўзрастання канфрантацыі ў грамадстве і паставіла пад сумнеў вынікі галасавання і легітымнасць дзейнай улады як у грамадзян Беларусі, так і ў міжнароднай супольнасці.
Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” патрабуе:
– спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў;
– неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас выбарчай кампаніі 2020 года;
– абраць новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у сувязі з катэгарычным недаверам да цяперашняй ЦВК;
– правесці паўторныя празрыстыя дэмакратычныя выбары, забяспечыўшы фарміраванне выбарчых камісій з абавязковым удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных міжнародных і беларускіх назіральнікаў.