У Сойме прэм’ер-міністр Польшчы ўзгадаў «Белсат», «Хартыю-97» i «Радыё Рацыя».
„Будучыню Беларусі маюць права вырашаць толькі самі беларусы. Сёння мы заклікаем беларускія ўлады правесці паўторныя свабодныя выбары. Гэтыя выбары павінны быць сумленныя і дэмакратычныя. Найлепш з удзелам міжнародных назіральнікаў”.
Пра гэта заявіў у Сойме прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, паведамляе „Радыё Рацыя”.
– У сітуацыі, калі стаўкай з’яўляецца жыццё, здароўе, бяспека нельга марнаваць час. Прапануем пакет, які прадугледжвае звальненне з аплатаў, а ў надзвычайных выпадках звальненне ад неабходнасці наяўнасці дакументаў і спрашчэнне ў доступе да рынку працы.
Кіраўнік польскага ўраду адзначыў, што важным у цяперашняй сітуацыі ёсць падтрымка незалежных СМІ:
– Дапамога незалежным медыям, сярод іншага „Белсат”, „Хартыя-97”, „Радыё Рацыя” і падтрымка для незалежных медыяў і выдаўцоў у Беларусі. У час калі ў Беларусі з гадзіны на гадзіну можа быць адключаны інтэрнэт, важна, каб каналаў, праз якія беларусы кантактуюць з вольным светам, было як найбольш. У гэтыя цяжкія дні беларускія журналісты здалі экзамен. Беларусь не можа пераўтварыцца ў прастору фальшу і маніпуляцыі, патрабуе медыйнага плюралізму.
Сёння таксама польскі Сойм прыняў рэзалюцыю, у якой рашуча асуджае пазбаўленне грамадзян Беларусі магчымасці ўдзелу ў свабодных, дэмакратычных выбарах і свабоднага выказвання сваіх поглядаў.