Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Горадні і пасьля забароны сходаў сабраліся 15 тысячаў

23.08.2020 политика
У Горадні і пасьля забароны сходаў сабраліся 15 тысячаў

Гарадзенцы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на плошчы.

У цэнтры Горадні 23 жніўня каля 15 тысяч пратэстоўцаў выказалі сваю нязгоду з сытуацыяй у краіне. Праз радыё пракуратура папярэджвала пра адказнасьць за ўдзел у недазволеных мерапрыемствах, у цэнтры стаялі аўтазакі з амапаўцамі напагатове, аднак нікога не затрымалі, паведамляе «Радыё Свабода».

Тысячы гарадзенцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на Савецкай плошчы. Некалькі чалавек аб’ядналі нацыянальны і дзяржаўны сьцяг на адным тронку. Анархісты да бел-чырвона-белага сьцяга далучылі чорны.

Многія падрыхтавалі ўласныя плякаты з надпісамі: «Досыць гвалту», «У нас ёсьць праца, мы прыйшлі сюды бясплатна», «Я табе не дарую», «Спыніце катаваньні».

Было відаць рабочых у працоўнай форме, работнікаў «Гродна Азот», шмат сем’яў зь дзецьмі, раварыстаў. Побач з плошчай стаялі аўтазакі, напагатове дзяжурылі амапаўцы ў выкладцы з шаломамі. Міліцыя папярэджвала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, у адказ дэманстранты пляскалі ў ладкі і выгукалі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!», «Свабоду!».

З Савецкай плошчы людзі рушылі на плошчу Леніна. Калёнай ніхто не кіраваў. На плошчы Леніна прайшоў мітынг, які сабраў каля 15 тысяч чалавек. Працаваў свабодны мікрафон. Людзі выказваліся ў мэгафон. Усё праходзіла мірна.

Малітвай за памерлых і хвілінай маўчаньня ўшанавалі тых, хто загінуў падчас пратэстаў. Людзі сталі на калені.

Выступоўцы са сцэны адзначылі, што сьвятары розных канфэсіяў іх падтрымліваюць, прыгадалі словы дыктатара, што палітыцы ня месца ў храмах.

Гарадзенец Павел абурыўся гвалтам з боку міліцыянтаў і публічна выкінуў у сьмецьцевы пакет свой вайсковы білет і пасьведчаньне службы ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў.

Рабочыя прасілі падтрымаць іхныя страйкі, казалі, каб гарадзенцы прыходзілі да іхных прадпрыемстваў, бо кіраўніцтва запужвае і прымушае працаваць. Так, работнік «Гроднапрамбуду» заклікаў падтрымаць страйкоўцаў каля будоўлі анкалягічнага цэнтру ў лесапарку Пышкі.

Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода»

На пытаньне аднаго з выступоўцаў, хто сёньня баяўся выйсьці на плошчу, большасьць людзей паднялі рукі.

«Баяцца — гэта нармальна», — выказаў думку дэманстрант.

Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода»

Людзі са сцэны дзякавалі за салідарнасьць і падтрымку суседнім краінам. Скандавалі лёзунгі, сьпявалі песьні.

Гук быў досыць слабы. Тым, хто стаяў далей ад сцэны, якой служыў пастамэнт помніка Леніну, было кепска чуваць. Са сцэны абвесьцілі збор грошай на апаратуру для мітынгаў. За некалькі хвілін сабралі больш за 3200 рублёў.

Пасьля мітынгу тысячы людзей рушылі да турмы. Там выгукалі «Свабоду!», «Забірайце Лукашэнку!», «Выпускай!». Іх сыгналамі падтрымлівалі аўтамабілі.

Паступова людзі разышліся. Затрыманьняў не было відаць.

Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода» Фото: «Радыё Свабода»
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]