Беларусы паказваюць, што яны — унікальныя людзі.
Усё жыццё я падкрэсліваў важнасць умацавання нязломнага народнага духу, захавання галоўных чыннікаў нацыянальнай еднасці: гісторыі, мовы, традыцый продкаў. З упэўненасцю і радасцю кажу: беларусы перасілілі глыбінны страх, нараджаецца свабодная, жыццяздольная нацыя, якой наканавана светлая будучыня.
Пасля галасавання на выбарах у краіне акрэсліўся рашучы кантраст паміж светлым і змрочным, адбыўся тэктанічны маральны зрух, размежаванне дабра і зла. Вулканічныя пачуццёвыя працэсы бушуюць у душах людзей. А візуальным сімвалам мірнага змагання супраць хлусні і рэпрэсій сталі нашы прыгожыя жанчыны ў белым з кветкамі ў руках, насупраць якіх — злавесны чорны АМАП. Я нездарма назваў магутны народны пратэст «рэвалюцыяй лілей».
Выбарчая кампанія прынесла павучальныя адкрыцці. Самае важнае з іх тое, што ў дыктатарскай дзяржаве накшталт Беларусі перамагчы дэмакратычным шляхам — метадам галасавання — абсалютна немагчыма. Усё роўна галасы скрадзе кіруючы клан. Якраз гэта зразумеў, рашуча паўстаў супраць хлусаў абураны народ. Кожны, хто пазбавіў грамадзян Рэспублікі Беларусь права на свабодны выбар, зрабіў вялікае злачынства і павінен адказваць за гэта, а не праліваць кракадзілавы слёзы або зноў кідаць на мірных дэманстрантаў узброеных сілавікоў.
У нядзелю мы з жонкай былі на «Маршы новай Беларусі» на працягу чатырох гадзін. Стоячы ля паштамта, бачылі, як магутныя калоны-рэкі грамадзян, якія не баяцца нікога і нічога, уліваліся ў людскі акіян на плошчы Незалежнасці. Шмат было рабочых з мінскіх заводаў, моладзі, інтэлігенцыі, ішлі працаўнікі Жодзіна, Барысава, салігорскія шахцёры.
Фантастычна! Беларусы паказваюць, што яны — унікальныя людзі. Шлях усведамлення нацыянальнай і чалавечай годнасці пройдзены за тры месяцы. Іншым патрабуюцца дзесяцігоддзі. Душа трымціць, радуецца і ўзносіцца. Такое ў гісторыі роднай Айчыны, народа і ў тваім уласным лёсе наканавана не кожнаму.
Перажываючы са слязьмі на вачах разам з усімі людзьмі бяспрыкладную «Хвіліну маўчання» па ахвярах тэрору, а затым ідучы па горадзе каля шматлікіх аўтазакаў, аўтобусаў з зачыненымі фіранкамі, адкуль выглядалі змрочныя салдаты, паблізу схаваных у дварах амапаўцаў, я выразна адчуваў, што поруч з узурпатарам і яго ўзброенай зграяй ёсць яшчэ адзін небяспечны вораг народнай рэвалюцыі.
Гэта старая і новая хлусня! Прытым на яе купляюцца нават незалежныя і дэмакратычныя СМІ, каб тыражаваць няпраўду. Не толькі рэжымам, але і замежнымі журналістамі пастаянна заніжаецца колькасць пратэстуючых. Скажыце, навошта хлусіць, змяншаць смелую і мужную грамаду, збіваць аптымізм і веру народа ў перамогу?
З 90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі на плошчы Незалежнасці былі палітычныя мерапрыемствы і мне, паэту, давялося не раз выступаць перад бастуючымі рабочымі,была вядома прыкладная ўмяшчальнасць цэнтра горада — каля 300 тысяч. У нядзелю пратэстуючыя занялі ўсю плошчу, вялікі кавалак праспекта (маставая і тратуары) да Кастрычніцкай плошчы, усе прылеглыя вуліцы.
Генералы і цывільная чыноўніцкая камарылля, якія падманваюць, а самі накручваюць боса на новую нянавісць і жорсткасць,відаць, не паказалі ўзурпатару з верталёта велізарны акіян людзей. Прывалаклі яго «ў свіныя галасы», тады, калі мірна пратэстуючыя спакойна разыходзіліся, над чым ён пераможна пазлараднічаў: «Разбегаются, как крысы».
Н. Эйсмант хоча стварыць вобраз гераічнага чалавека, які ўзброіўся сам, узброіў сына і будзе нешта абараняць. Але ў каго яны збіраюцца страляць? У народ? Атрымліваецца злавесны, але ўсё роўна — цырк на дроце! Увогуле, ва ўсіх складаецца ўражанне, што А. Лукашэнка не валодае рэальнай сітуацыяй у краіне.
Узурпатар падышоў да групы АМАПА і пахваліў. Тыя запэўнілі: «Будем стоять с вами до конца!» Але ж сілавікі даюць прысягу не яму, а народу. Яшчэ пытанне — да якога канца будзеце стаяць? Хочаце заліць крывёю краіну?Пратэстуючыя людзі правільна казалі салдатам, якія «трымалі абарону» рэзідэнцыі і стэлы за калючым дротам: «Нас обманули и вас обманули».
Ганебна выглядаюць усе ратавальнікі дыктатарскага рэжыму. Адны з іх (Н. Качанава, У. Андрэйчанка) цынічнай хлуснёй атакуюць Еўразвяз і спадзяюцца, што ім павераць, другія прымушаюць дырэктарскі корпус звальняць пратэстуючых, пасылаюць агентаў, «ціхушнікаў» у бастуючыя рабочыя калектывы, арыштоўваюць актывістаў, каб запалохаць людзей, звесці народны гнеў на нішто, трэція тыражуюць праз афіцыйныя тэле- і радыёрупары, газеты мярзотны падман.
Сёння на палітычным полі галоўнай фігурай выступае беларускі народ. Мы маем нацыянальную і чалавечую годнасць, што ўбачыў свет. Беларускі народ — не разменная манета і не расходны матэрыял для палітычных гульняў. Не Лукашэнка, не Пуцін, не Еўразвяз вызначаюць шлях краіны, а шахцёры, рабочыя заводаў, будаўнікі, айцішнікі, настаўнікі, ўрачы, журналісты, пісьменнікі, спартсмены, артысты, хатнія гаспадыні. На сталёвай волі стачкамаў, якія створаны па ўсёй Беларусі, трымаецца дзейнасць па трансферы ўлады.
Пакуль была дыктатура, міжнародная супольнасць папракала беларусаў у нерашучасці, казала: рашайце свой лёс самі. Мы і вырашаем! Чаго ж яшчэ вы хочаце, панове? Тысячы жудасных відэа, фота і паведамленняў медыя засведчылі антынародную, антычалавечную сутнасць рэжыму А. Лукашэнкі. Чаму цяпер вы самі — занадта нерашучыя?
Глядзіце на сотні тысяч пратэстуючых беларусаў і не будзьце асцярожнымі ў змаганні за праўду. З-за Беларусі трэцяй сусветнай вайны не будзе! Расійскія алігархі не дадуць У. Пуціну раздухарыцца, бо іх нерухомасць, грошы, актывы знаходзяцца ў вас, на Захадзе. Ды і частка накрадзенага багацця дыктатараў — таксама.
Кожны народ да лепшай долі рухаюць не толькі прагматыкі, але і маладыя рамантыкі — светлыя, неспакойныя душы, патрыёты Айчыны. Я слухаю на вуліцах і плошчах, як яны хораша гамоняць, як свабодна, разумна адказваюць на пытанні карэспандэнтаў. Іхні інтэлектуальны ўзровень — высокі, прафесіяналізм — несумненны, а разуменне таго, як будаваць новую Беларусь і як у ёй жыць, — слушнае. Я ганаруся і кажу: беларусы, вы — малайцы!
Грамадству не трэба баяцца перамен, прыходу дэмакратычнай улады і нейкай помсты з яе боку. Такога не будзе! Адкажуць па закону толькі тыя, хто зрабіў злачынства. Улада не можа абысціся без прафесіяналаў, усім хопіць жыццёвай прасторы і працы. Не трэба займацца выдумкамі, нагнятаннем канфрантацыі і абражаць мірную нацыю.
Нам няма чаго баяцца ўводу расійскіх войск. Усе змоўшчыкі, якія надта мітусяцца, перамаўляюцца, прыкідваюць, ніколі не пасмеюць. А калі знахабнічаюць, то атрымаюць партызанскую вайну.
Мы будзем жыць па-суседску мірна і дружна з краінамі Еўразвязу, якія падтрымалі беларусаў, з Расіяй, інтэлігенцыя якой звярнулася да сваіх і нашых сілавікоў з просьбай не праліваць кроў, з братняй Украінай.
Але галоўнае патрабаванне застаецца — волю беларускага народа павінен прыняць увесь свет.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com