Што гаварылі пра бел-чырвона-белы сцяг Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.
28 жніўня — дзень народзінаў паэта і дыпламата Генадзя Бураўкіна. Гэта лішняя нагода прыгадаць адну гісторыю з жыцця Генадзя Мікалаевіча, калі ён, будучы Надзвычайным і Паўнамоцным паслом, прадстаўляў Беларусь у ААН у Нью-Ёрку, піша «Новы час».
Дыпламатычная камандзіроўка за акіян была, па сутнасці, ссылкай для Бураўкіна, які, аказаўшыся ў 1990 годзе ў далечыні ад Радзімы, пісаў і пісаў рапарты аб адстаўцы. Але ўсё было марна — афіцыйны Мінск не прымаў адстаўку. Зрэшты, па словах жонкі паэта Юліі Якаўлеўны, былі ў тым іх заморскім жыцці і радасныя дні — гэта калі Беларусь стала незалежнай, і калі ў верасні 1991 года яе дзяржаўнымі сімваламі былі названыя бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
— Як жа мы ўзрадаваліся тады! — прыгадвае Юлія Якаўлеўна. — Праўда, тут жа ўзнікла нечаканая праблема: трэба было павесіць новы сцяг на флагшток каля нашага прадстаўніцтва, але ніхто не ведаў дакладных прапорцый бел-чырвона-белых колераў — ні нашая дыяспара ў Амерыцы, ні, тым больш, у афіцыйным Мінску. Але неяк з дапамогай амерыканскіх беларусаў мы здолелі даведацца пра гэта і самі пашылі і адпрасавалі той першы сцяг… Якія ж мы былі шчаслівыя ў тыя дні! Памятаю, што мы нават плакалі, гледзячы на наш бел-чырвона-белы сцяг. Што ж датычыць Генадзя, то ён вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь, бо на радзіме адбываюцца адраджэнне і беларусізацыя, а ён у гэты час за акіянам! І ўсё адно гэта былі хоць і няпэўныя, але найшчаслівыя дні нашага жыцця ў Амерыцы…
І хоць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі беларускай дзяржаўнасці зусім нядоўга, Бураўкін быў перакананы, што гэта не беззваротна — пра гэта ён казаў за некалькі дзён да сваёй смерці: «Вернуцца», — сказаў Генадзь Мікалаевіч з абсалютнай упэўненасцю, калі я запытаўся ў яго пра гэта. А яшчэ раней ён напісаў:
Калі мы сыдзем з гэтага жыцця,
Сплывем за незабудкавыя далі,
Мы вам гукнём з прадонняў небыцця
Той самы кліч,
Што на зямлі гукалі.
Ён знойдзе вас на ўробленым надзеле,
Прытоены ў траве і сіняве,
Як запавет, як заклік і надзея,
І як апошні выдых наш:
— Жыве!
фота: novychas.byГэтаксама і Рыгор Барадулін быў перакананы, што бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» абавязкова яшчэ вернуцца. І тут згадваецца цікавае назіранне паэта Міхася Скоблы: «Хто з творцаў носіць пярсцёнак з выявай “Пагоні” — як знак вечнага шлюбу з Айчынай? Адзін Барадулін». Сапраўды, дзядзька Рыгор, ініцыялы якога — РБ — сімвалічным чынам супалі з «ініцыяламі» Радзімы, ніколі не расставаўся з пярсцёнкам, на якім была адчаканеная старажытная «Пагоня». «Канешне, Міхась не памыліўся, — гаварыў дзядзька Рыгор. — “Пагоня” ў маёй душы яшчэ ад Багдановіча, калі я ў школе чытаў ягоную “Пагоню”».
«Пагоня» і сцяг былі і ў паэзіі Барадуліна:
На белай кашулі чырвоны пісяг
Ад злосці падступнага меча.
Бел-чырвона-белы балючы сцяг
Склікае на сумнае веча.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Узвіўся, як крык, на крыжацкіх касцях —
І погань кіруе ў прадонне —
Бел-чырвона-белы крывіцкі сцяг
У вечным памкненні Пагоні!
Ці ў іншым вершы — пад назвай «Дваццаць пятага сакавіка»:
Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміручай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сцяга.
Дваццаць пятага сакавіка —
Наша свята,
Пароль
І прысяга!
Ці элегічнае:
Хмялюся весняй гаманою
Ў забытай радасці ў гасцях.
Крыляе бусел нада мною
Як бел-чырвона-белы сцяг…
фота: novychas.byНа абарону нацыянальных сімвалаў неаднойчы паўставаў і Васіль Быкаў.
Васіль Быкаў казаў: «Смешна, вядома, не прызнаваць тое, што асветлена часам, крывёю, якая была праліта за справядлівую справу…» І, называючы бел-чырвона-белы сцяг «агульнанацыянальным, спакутаваным, збэшчаным і святым», дадаваў: «Іншага сцяга ў нас няма і не можа быць».