Мітынгоўцы запусцілі на цэнтральнай плошчы горада ў паветра бел-чырвона-белыя балонікі з сцягам.
У Глыбокім адбыўся чарговы мірны мітынг супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту ўладаў і ў знак салідарнасці з неабыякавымі беларусамі да таго, што адбываецца ў краіне. Гэтым разам мітынгоўцы рушылі ад вялікага нядзельнага рынка да цэнтра горада і прайшліся па мікрараёну малочна-кансервавага камбіната. Іх віталі жыхары горада заклікамі «Жыве Беларусь!», узнятымі ўверх рукамі, таксама сігналілі шматлікія аўтамабілісты, паведамляе racyja.com.
Глыбачане распавядаюць, чаму выйшлі на мітынг:
– Мы супраць цяперашняй улады.
– А чым яна вам не падабаецца?
– Збівае людзей, ды і надакучыў ужо за 26 год, пара ўжо мяняць.
– Мы супраць гвалту, супраць падману. Я раней не зусім была супраць палітыкі Лукашэнкі, але пасля таго, што ён зрабіў, катэгарычна супраць. Гэты гвалт, людзі пацярпелі ў вялікай колькасці. Гэта ў наша сучаснае стагоддзе неймаверна як сябе мог паводзіць прэзідэнт.
Маладыя мінакі і людзі сярэдняга ўзросту на вуліцах і глыбачане са шматпавярховых дамоў з радасцю віталі пратэстоўцаў. Незадаволенымі былі ў асноўным жанчыны-пенсіянеркі, частка з іх была нападпітку, яны выкрыквалі ў след мітынгоўцаў абразлівыя словы.
Напрыканцы акцыі мітынгоўцы запусцілі на цэнтральнай плошчы горада ў паветра бел-чырвона-белыя балонікі з гістарычным нацыянальным беларускім сцягам. Глыбачане збіраюцца і надалей ладзіць мірныя акцыі салідарнасці.