Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

40 гадоў «Салідарнасьці»: навука пасьпяховага польскага супраціву для Беларусі

31.08.2020 политика
40 гадоў «Салідарнасьці»: навука пасьпяховага польскага супраціву для Беларусі

Польшча сьвяткуе юбілей «Салідарнасьці».

Польшча, якая перамагла камуністычную дыктатуру і ціск СССР, адрадзілася як дэмакратычная краіна і рынкавая эканоміка, сьвяткуе юбілей «Салідарнасьці» і выказвае салідарнасьць беларусам, якія цяпер змагаюцца супраць гвалту, за свабоду і сумленныя выбары, піша svaboda.org.

У артыкуле да 40-годзьдзя заснаваньня польскай «Салідарнасьці» пра гісторыю яе дзейнасьці, уплыў на падзеі ў Польшчы і сьвеце, пра яе значэньне для сучаснасьці разважаюць прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі, польскі дыплямат Павэл Яблоньскі, амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, францускі сацыёляг Франсуа Дзюбэ. Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі.

Паўстаньне польскай «Салідарнасьці» як пачатак гістарычнага адліку для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы

Лех Валенса (зьлева) размаўляе з працоўнымі падчас страйку на суднабудаўнічай верфі ў Гданьску. 8 жніўня 1980 году

У апошнія дні жніўня 1980 году страйкавы камітэт новастворанага руху «Салідарнасьць» на чале з электрыкам і прафсаюзным актывістам Лехам Валэнсам дамогся, здавалася б, немагчымага: камуністычныя ўлады Польшчы пагадзіліся на існаваньне незалежных прафсаюзаў. Так пачаўся адлік гісторыі, які прывёў да краху таталітарнай камуністычнай сыстэмы і ідэалёгіі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Незалежны самакіравальны прафэсійны зьвяз «Салідарнасьць» (Niezależny Samorządny Związek Zawodowy «Solidarność») быў створаны ў верасьні 1980 году. Ён перарос у шырокі грамадзка-палітычны рух і зрабіў стратэгічны ўнёсак у барацьбу польскага народу з камуністычным рэжымам.

Прафсаюз паходзіць са страйкавага руху працаўнікоў лета 1980-га. Ад самага пачатку ён быў ухвалены такімі інтэлектуаламі, як Тадэвуш Мазавецкі, Яцэк Курань, Адам Міхнік, Юзэф Тышнэр, іншымі асобамі, крытычна настроенымі да камуністычнага рэжыму, а таксама каталіцкай царквой. Падтрымка страйкавага руху таксама была ад ЗША і краінаў Захаду.

Перадумовай хвалі маніфэстацыяў у Польшчы стала падвышэньне цэн на мяса 1 ліпеня 1980 году. Спачатку страйкі мелі лякальны характар, але неўзабаве пашырыліся па ўсёй краіне. «Выбух» здарыўся 14 жніўня на гданьскай карабельні імя Леніна, калі дырэкцыя звольніла машыністку крана Ганну Валентыновіч, сымбалічную постаць яшчэ з часу страйкаў 1970-х.

Быў заснаваны страйкавы камітэт на чале зь Лехам Валэнсам, які агучыў сьпіс з двух дзясяткаў палітычных, сацыяльных і эканамічных патрабаваньняў. Цэнтральным пунктам была легалізацыя незалежных прафсаюзаў. Пасьля двухтыднёвых перамоваў 31 жніўня камуністычны ўрад прыняў гэты варунак.

Лех Валенса з паплечнікамі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі прафсаюзу «Салідарнасьць» у Варшаве, верасень 1980 году

«Салідарнасьць» стала першым у краінах савецкага блёку незалежным грамадзкім рухам у форме прафэсійнага зьвязу, які аб’яднаў пад лёзунгам мірных зьменаў прадстаўнікоў усіх пластоў грамадзтва. У шэрагі «Салідарнасьці» ўвайшлі амаль 10 мільёнаў чалавек.

Пад ціскам СССР і жаданьня за ўсякую цану ўтрымаць уладу Польская аб’яднаная рабочая партыя на чале з генэралам Войцехам Ярузэльскім, які займаў і пасаду міністра абароны, абвясьціла пра ўвядзеньне ў ноч на 13 сьнежня 1981 году ваеннага становішча, фактычна легалізаваўшы дыктатуру на ўзор вайсковых хунтаў Лацінскай Амэрыкі. Увялі камэнданцкую гадзіну ды вайскова-паліцыйнае патруляваньне. Кіраўнікоў апазыцыі, у тым ліку Валэнсу, арыштавалі. 8 кастрычніка 1982 году, пасьля прыняцьця новага закону аб прафсаюзах, «Салідарнасьць» была забароненая і вымушаная перайсьці ў падпольле.

Тым ня меней грамадзкая незадаволенасьць, эканамічныя праблемы і міжнародная сытуацыя змусілі ўладу да пэўных саступак. Але да сапраўдных дэмакратычных зьменаў заставалася яшчэ доўгіх сем гадоў. Толькі ў 1990-м на ўсеагульных выбарах прэзыдэнтам Польшчы быў абраны адзін зь лідэраў «Салідарнасьці» Лех Валэнса.

Лех Валенса (у цэнтры) побач з тагачасным віцэ-прэм'ерам Польшчы Мечыславам Ягельскім (3-ці зьлева)

У найноўшы час «Салідарнасьць» зноў заявіла пра сябе. У Польшчы стварылі фонд «Салідарнасьць зь Беларусьсю», куды сябры легендарнага прафсаюзу ўнесьлі 1 мільён злотых, гэта каля 700 тысяч беларускіх рублёў.

«40 гадоў таму дапамога была патрэбная палякам, а цяпер падтрымка неабходная беларусам», — так патлумачылі свой крок прафсаюзныя актывісты.

Таксама сабралі гуманітарную дапамогу для ўдзельнікаў страйкаў на заводах па ўсёй Беларусі, але грузавік з прадуктамі харчаваньня беларускія мытнікі разьвярнулі на мяжы.

Дух «Салідарнасьці» патрэбны сучаснай Эўропе, — Матэвуш Маравецкі, прэм’ер-міністар Польшчы

Адносіны паміж эўрапейскімі дзяржавамі фармуюцца на аснове прынцыпу салідарнасьці. Гэта надзейная гарантыя найлепшай будучыні Эўропы, напісаў кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі ў артыкуле, апублікаваным у выданьні wszystkoconajwazniejsze.pl.

Ягоны бацька Корнэль Маравецкі быў лідэрам «Змагарнай Салідарнасьці», калі пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча цэнтар супраціву перамясьціўся ва Ўроцлаў.

Матэвуш Маравецкі

«40 гадоў таму, гарачай летняй парой 1980-га, Эўропа была зусім іншай, — згадвае Матэвуш Маравецкі. — Тады кантынэнт падзяляла жалезная заслона, якая была ня толькі мэтафарычнай лініяй палітычнага падзелу. Яна рэальна падзяляла свабодныя, дэмакратычныя дзяржавы і краіны, пазбаўленыя сувэрэнітэту і цалкам залежныя ад савецкай імпэрыі».

Сярод краін, пакінутых пасьля вайны пад пратэктаратам савецкіх камуністычных уладаў, апынулася і Польшча. У выніку Другой усясьветнай вайны яна страціла каля 6 мільёнаў грамадзянаў, з якіх палову складалі палякі габрэйскага паходжаньня.

«Катастрофа, пасьля якой, здаецца, мы ня мелі шанцаў падняцца. Аднак спрабавалі. У часе паваеннага зьняволеньня, які называўся Польскай Народнай Рэспублікай, палякі не адмовіліся ад імкненьня ажыцьцявіць свае мары аб самавызначэньні, свабодзе і незалежнасьці. Увесь час рабіліся гераічныя спробы змагацца з залежным ад Масквы рэжымам. Камуністычныя ўлады бязьлітасна душылі ўсе грамадзкія пратэсты, сачылі за грамадзянамі і цэнзуравалі любыя праявы свабоды ў мастацтве і літаратуры. Расла колькасьць ахвяраў, але надзея не згасала», — канстатуе Матэвуш Маравецкі.

Плёнам гэтай надзеі стаў жнівень 1980 году — беспрэцэдэнтны фэномэн у маштабах усяго сацыялістычнага блёку. Пасьля чарады страйкаў рабочых на карабельнях і ў іншых арганізацыях камуністычная партыя вымушаная была капітуляваць. Яна дала згоду на стварэньне першага ў гісторыі прасавецкіх краін незалежнага ад уладаў прафсаюзу з уласным кіраваньнем.

Лех Валенса выступае перад рабочымі ля брамы суднаверфі імя Леніна ў Гданьску

«Так нарадзілася „Салідарнасьць“, — працягвае Матэвуш Маравецкі. — Фармальна гэта быў прафсаюз, а ў сутнасьці — агульнанацыянальны грамадзкі рух, які аб’яднаў мільёны людей у адну, поўную веры супольнасьць. Мы чэрпалі яе з шматвекавой палітычнай традыцыі — адданасьці свабодзе і дэмакратыі. З прывязанасьці да Эўропы, актыўнаю часткаю якой Польшча была цягам тысячы гадоў. А таксама з натхненьня, якое даў польскаму грамадзтву папа Рымскі Ян Павал ІІ. Яго абраньне на Сьвяты Пасад стала для палякаў невычэрпнаю крыніцаю надзеі і сілы».

Сёньня выразна бачна, што «Салідарнасьць» была каменьчыкам, які выклікаў лявіну. І ў выніку — падзеньне жалезнай заслоны ў 1989 годзе. Дзякуючы «Салідарнасьці» Польшча вызвалілася з-пад савецкага ўплыву, а Эўропа зноў змагла стаць адным цэлым, кажа Матэвуш Маравецкі.

Нягледзячы на тое, што з дня заснаваньня «Салідарнасьці» мінула 40 гадоў, яе ідэалы актуальныя і цяпер. «Няма свабоды без салідарнасьці», — дагэтуль згадваюць палякі словы Яна Паўла ІІ. Гэты ж дух патрэбны і сучаснай Эўропе. Ёсьць у словах прэм’ер-міністра і пасыл да беларусаў.

«Мы разам апынуліся на павароце і разам павінны выйсьці на простую дарогу — як адна супольнасьць. Таму так важна, каб у часе выпрабаваньня пазыцыя сапраўднае супрацы перамагла эгаізм. Мы павінны зрабіць салідарнасьць праектам для ўсёй Эўропы — гэта наша прапанова на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі разьвіцьця.

Адносіны паміж эўрапейскімі дзяржавамі — незалежна ад іх памеру і эканамічнага патэнцыялу — мусяць грунтавацца на адносінах паміж людзьмі. А яны ў сваю чаргу фармуюцца на аснове прынцыпу салідарнасьці. Гэта надзейная гарантыя будаваньня лепшай будучыні», — падсумаваў Матэвуш Маравецкі.

«Салідарнасьць» як міжнародная спэцыялізацыя, — Павэл Яблоньскі, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы

Сьвет паскорыўся значна шпарчэй, чым хтосьці мог сабе ўявіць, піша адзін з кіраўнікоў польскага замежнапалітычнага ведамства Павал Яблоньскі. Пандэмія паглыбіла дынаміку зьменаў, якія да гэтага толькі «тлелі». Спыніліся ланцужкі паставак, што заўсёды лічылася чымсьці нязьменным, а шматгадовая мадэль глябалізацыі раптам выявілася нестабільнай. Большую вагу зноў пачалі набываць нацыянальны сувэрэнітэт і здольнасьць абараніць уласных грамадзянаў.

Павал Яблоньскі

«Пры такіх абставінах важнай стала міжнародная салідарнасьць і дапамога тым, хто горш даў рады наступствам COVID-19. Мы пачалі зь першых дзён — арганізавалі ў рамках акцыі #LotDoDomu вяртаньне ня толькі нашых землякоў, але і тысяч іншаземцаў. У адваротным кірунку паляцелі польскія лекары з Вайсковага мэдычнага інстытуту і Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі — ЗША, Італія, Кіргізстан, Славенія, Таджыкістан. Прыярытэтам сталі бліжэйшыя суседзі, асабліва краіны — удзельніцы Ўсходняга партнэрства і Заходнія Балканы», — пералічвае ён.

Гуманітарная дапамога з мэдычным абсталяваньнем, апаратамі ШВЛ, сродкамі індывідуальнай засьцярогі, камбінэзонамі, маскамі, лекамі, тэстамі, антысэптыкамі трапілі ў Беларусь, Літву, Украіну, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Альбанію, Сэрбію, Чарнагорыю ды іншыя краіны.

Чэрвеньская партыя гуманітарнай дапамогі ў Беларусь стала найбольшай за ўвесь час пандэміі, дастаўленай сухаземным шляхам, — туды рушыў караван зь дзясяткаў грузавікоў. МЗС Польшчы каардынавала праект, але ён быў бы немагчымы без супрацы паміж усімі органамі — дзяржаўнай пажарнай службай, міністэрствам здароўя, міністэрствам унутраных справаў і адміністрацыі, міністэрствам нацыянальнай абароны, агенцтвам матэрыяльных рэзэрваў, агенцтвам разьвіцьця прамысловасьці, Фондам міжнароднай салідарнасьці, Польскім нацыянальным фондам і г. д.

«У нашай краіне да сёньня памятаюць дапамогу, якая трапіла да нас у 1980-я з краін Заходняй Эўропы, ЗША, Канады, — праводзіць паралелі адзін з кіраўнікоў МЗС Польшчы. — Падчас чорнай ночы ваеннага становішча тая падтрымка была неабходнай для дзейнасьці дэмакратычнай апазыцыі і „Салідарнасьці“. Рэальная вартасьць гэтай дапамогі значна большая за яе чыста матэрыяльнае вымярэньне, хоць і яно надзвычай важнае. Дзякуючы міжнароднай салідарнасьці польскі народ адчуваў, што не застаўся самотны ў барацьбе з камуністычным рэжымам».

Сёньня тое ж могуць адчуваць народы, якія падтрымлівае Польшча, падсумоўвае Павэл Яблоньскі. Зь ягоных словаў, такая дапамога — ня толькі «шляхотны жэст», але і найлепшая інвэстыцыя ў адносіны на будучыню, фармаваньне станоўчага іміджу не з дапамогай PR-акцыяў, а рэальных дзеяньняў. Нават калі асобныя палітычныя рэжымы ўспрымаюць гэта як спробу замаху на іх сувэрэнітэт.

«Салідарнасьць» зьмяла ленінскую сыстэму, — гісторык Тымаці Снайдэр Стварэньне

«Салідарнасьці» — адна з найважнейшых падзеяў ня толькі ў польскай, а і ў сусьветнай гісторыі канца ХХ стагодзьдзя, перакананы вядомы амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр.

Тымаці Снайдэр

«Гэта быў момант, які зьмяніў ленінскую сыстэму, — катэгарычны прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту. — Дагэтуль камуністычная партыя мела манаполію на ўладу. У той момант, калі зьявілася „Салідарнасьць“, гэта зьмянілася. Тады сфармавалася пакаленьне дзеячоў, якія пазьней селі за стол перамоваў і адыгралі ключавую ролю ў дэмакратычнай Польшчы. Бяз жнівеньскіх пагадненьняў і „Салідарнасьці“, якая паўстала ў іх выніку, не было б выбараў 4 чэрвеня».

31 жніўня 1980 году «Салідарнасьць» была легалізаваная. З гледзішча навукоўца, гістарычная перамога важная з трох прычынаў. Па-першае, быў пададзены сыгнал, што камунізм ня вечны — раней здавалася, што ён непераможны. Па-другое, нарадзілася новая пасьляваенная Польшча, якая не атаясамлівала сябе з камуністычнай дзяржавай. Па-трэцяе, паказана, што існуе грамадзянская супольнасьць, якая дыскутуе пра свае вартасьці і кірункі разьвіцьця.

«У Польшчы наступныя пакаленьні апазыцыянэраў вучыліся ў папярэдніх — тых, што пратэставалі раней, — кажа Тымаці Снайдэр. — Такі досьвед у сытуацыі, калі ўлічваецца будаваньне мяккіх сувязяў, ёсьць каштоўным капіталам. Страйкі — гэта ня толькі пратэст, а таксама форма новага руху, стварэньня новых структураў. Менавіта гэта было найважнейшым у жніўні 1980-га ў Гданьскай карабельні. Ня трэба страйкі разглядаць толькі як бунт супраць камуністычных уладаў. Гэта таксама прыклад доўгатэрміновага мысьленьня».

Лідэр «Салідарнасьці» Лех Валенса паказвае знак перамогі «V» падчас сваёй уступнай прамовы на першым нацыянальным зьезьдзе прафсаюзу 5 верасьня 1981 году ў Гданьску

Падзеньне камунізму — гэта таксама наступства палітыкі, якую праводзіў тагачасны савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, перакананы гісторык. Магчыма, ён і сам не да канца разумеў, наколькі неад’емнай часткай усяе сыстэмы ёсьць «вонкавая імпэрыя».

«Сёньня расейцы крытыкуюць Гарбачова за рашэньні, якія той прымаў у канцы 1980-х. Вядома, ён зрабіў тактычныя памылкі, але яго палітычная канцэпцыя была вельмі сьмелым экспэрымэнтам. Ён дазволіў дзяржавам сацыялістычнага блёку выбраць уласны шлях разьвіцьця. Гэта быў важны гістарычны крок. У Польшчы ўжо былі дзеячы, гатовыя адразу выкарыстаць такія магчымасьці. Такім чынам пачаўся працэс, які прывёў да дэмантажу камунізму», — канстатуе Тымаці Снайдэр.

Паводле яго, краіны Цэнтральнай Эўропы спаўна скарысталіся новымі магчымасьцямі, але з адной агаворкай: у працэсе пераменаў была страчана пераемнасьць палітычнай думкі, якая нарадзілася ў 1970-80-х. Ад 1989 году былі ўведзеныя схемы дзеяньняў, якія зводзілі палітыку да эканамічных пытаньняў. У выніку і Польшча, і іншыя краіны рэгіёну забыліся пра звычайную салідарнасьць. Але 1989 году і ягоных гістарычных наступстваў бяз руху «Салідарнасьць» не было б.

Страйк рабочых «Салідарнасьці» на гданьскіх верфях на чале зь Лехам Валенсам, 28 жніўня 1988 году

Праз «Салідарнасьць» камуністычны кароль аказаўся голы, — сацыёляг Франсуа Дзюбэ

Без «Салідарнасьці» камуністычны сьвет таксама распаўся б, але дзякуючы ёй камуністычная ідэя была разьбітая ўшчэнт, перакананы францускі сацыёляг, былы дырэктар Вышэйшай школы сацыяльных навук Франсуа Дзюбэ.

«Напярэдадні ўвядзеньня ваеннага становішча разам з Аленам Турэнам і Мішэлем Вевёркам мы шмат разоў былі на Гданьскай карабельні. У Францыі і наагул на Захадзе „Салідарнасьць“ была вельмі папулярнай. Аднак падтрымлівалі яе з розных прычынаў. Левыя бачылі ў тым уздыме рабочых шанец для ўкараненьня ў Польшчы „сапраўднага“ камунізму, кансэрватары лічылі яго нацыянальна-каталіцкім рухам, а дэмакраты падкрэсьлівалі яго антытаталітарызм. Каб зразумець прыроду гэтага фэномэну, трэба было наладзіць сувязі з самімі дзеячамі», — згадвае суаўтар адной зь першых кніг пра «Салідарнасьць» («Solidarité»; разам з Аленам Турэнам, Мішэлем Вевёркам і Янам Стралецкім ).

Адметнасьць «Салідарнасьці» вынікала з таго, што страйкі ў вялікіх цэнтрах — Гданьск, Катавіцы, Шчэцін, Новая Гута — набылі ўсеагульны кантэкст. Паводле Франсуа Дзюбэ, аб’ядналіся тры віды пратэсту. Па-першае, «клясычны» працоўны рух, які імкнуўся палепшыць працоўныя дачыненьні (павелічэньне заробкаў, незалежныя ад камуністычнай партыі прафсаюзы і г. д.). Па-другое, яднаньне пад адным сьцягам пратэстаў рабочых і дэмакратычных пастулятаў, носьбітамі якіх былі інтэлектуалы, а таксама нацыянальная супольнасьць, якая атаясамлівалася з каталіцызмам.

Па-трэцяе, «Салідарнасьць» упісвалася ў польскую гістарычную традыцыю. Яна супрацьстаяла залежнасьці ад вонкавага ўплыву, у прыватнасьці Расеі, і ў сваіх дзеяньнях магла разьлічваць на падтрымку Каталіцкай царквы і папы Рымскага.

«Сілаю „Салідарнасьці“ было менавіта аб’яднаньне розных памкненьняў і выступленьні ад імя грамадзтва, рабочых, патрыётаў і дэмакратаў, — адзначае экспэрт. — Гэты рух з самага пачатку выказваў тэндэнцыю да „самаабмежаваньня“, адкідаючы лёгіку непасрэднага сутыкненьня з уладай, якую ў кожную хвіліну маглі падтрымаць расейскія танкі. „Салідарнасьць“ не разбурыла ні камуністычнага ладу, ні савецкага сьвету. Абодва існавалі яшчэ 10 гадоў, пасьля чаго разваліліся самі, знутры. Аднак пры ёй распалася камуністычнае грамадзтва і ўсе яго міты».

Лідэр «Cалідарнасьці» Лех Валенса выступае на сустрэчы, прымеркаванай да дзявятай гадавіны падпісаньня Гданьскай дамовы. Гданьск, 31 жніўня 1989 году

Польскі рух паказаў, што камуністычная партыя душыць рабочую клясу, што «народная дэмакратыя» ня ёсьць ні дэмакратычнай, ні народнай, што ўся сыстэма трымаецца на расейскай вайсковай сіле. Камуністычны кароль аказаўся голым, мяркуе Франсуа Дзюбэ.

Сёньня ўсе рухі, якія супрацьстаяць дэспатычным уладам і вонкаваму дамінаваньню, нагадваюць пра «Салідарнасьць», — праводзіць ён паралелі з сучаснымі палітычнымі мадэлямі. Гэтыя рухі змагаюцца з карумпаванай і неэфэктыўнай уладай з розных прычынаў, і часьцей за аўтарытарныя кіраўнікі намагаюцца зь імі расправіцца сілай.

«Салідарнасьць» — прыклад таго, як дзеля адзінай мэты узьнімацца над супярэчнасьцямі, лічыць Франсуа Дзюбэ.

«Нягледзячы на напружаньне, „Салідарнасьць“ не апусьцілася да распаду на нацыяналістаў і дэмакратаў, на радыкалаў і памяркоўных. Яна змагла захаваць неймаверную маральную сілу, аб’яднаўшы рабочых, студэнтаў, інтэлектуалаў, аграрыяў, інжынэраў, значную частку сьвятароў і нават чальцоў камуністычнай партыі. Яна была аб’яднаным грамадзтвам i, узьняўшыся над унутранымі супярэчнасьцямі, змагалася з уладай, моцнай толькі дзякуючы расейскім танкам. 15 месяцаў „Салідарнасьці“ сталі часам энтузіязму, сьмеласьці, мудрасьці, духу свабоды і салідарнасьці», — падсумоўвае францускі сацыёляг Франсуа Дзюбэ.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]