Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы адчулі сябе сілай, якая можа рабіць цуды»

31.08.2020 политика
«Мы адчулі сябе сілай, якая можа рабіць цуды»

Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў пра сваю пазыцыю і ўдзел у маршах пратэсту.

«Няма ніякіх рэжысэраў, якім плацяць „лялькаводы“. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца». Чэмпіён моладзевага першынства Эўропы ў баскетболе, экс-капітан нацыянальнай зборнай, герой Залі славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона для «Радыё Свабода» пра рухальную сілу спорту.

Адзін з самых вядомых беларускіх баскетбалістаў Ягор Мешчаракоў — у авангардзе спартоўцаў, якія змагаюцца за перамены ў роднай краіне. Ён сярод першых далучыўся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў, разам з малодшым братам, гульцом зборнай Беларусі ў баскетболе Мікітам Мешчараковым яны сярод падпісантаў адкрытага ліста з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

Ягор з жонкай і дачкой ходзіць на мірныя акцыі, валянтэрыць падчас ланцугоў салідарнасьці, падвозіць удзельнікам ваду і харч. Раней, яшчэ да сёлетніх падзеяў, ён набіў патрыятычнае татý з рыцарам і надпісам Belarus Knight.

«Ад нядзелі да нядзелі супольная энэргія толькі набірае сілу»

Што падштурхнула да адкрытага выказваньня пазыцыі, калі разумееш, што без наступстваў гэта не застанецца? Ягор пагутарыў з карэспандэнтамі назаўтра пасьля акцыі 30 жніўня, куды ягоныя аднадумцы выйшлі зь вялікім плякатам: «Спартоўцы — з народам».

— Ягор, упершыню ў гісторыі Беларусі спартоўцы выйшлі на марш арганізаванай калёнай, выразна падкрэсьліўшы, што яны — з народам. Як думаеце, ці будуць пашырацца шэрагі? Ці стане гэта прыкладам для тых, хто яшчэ сумняецца ды, што хаваць, элемэнтарна пабойваецца?

— Сапраўды, гэта добры прыклад. Усе цудоўна бачаць, што адбываецца ў краіне, добрасумленныя спартоўцы ў тым ліку. Ня хочацца разьмяжоўваць на «чэсных» і «нячэсных», бо ў кожнага свая гісторыя. Але рана ці позна ўсе прыйдуць да высновы, што трэба выходзіць на маршы, дэманстраваць грамадзянскую пазыцыю. Асабліва спартоўцам, якія верай і праўдай змагаліся за радзіму (не пустыя словы, калі ў цябе на грудзях напісана Беларусь). Для нас гэта была і ёсьць мэта ўсяго жыцьця. Таму пазыцыя такая: мы з сваім народам, бо яго неад’емная частка.

Нягледзячы на кар’еры, звыкліся, што нас заўсёды палохалі: не атрымаецца перамагчы — то мо ня трэба і спрабаваць. Кожны вельмі няпроста выходзіў на вяршыню, але хто нечага дасягнуў, — тыя людзі з моцным характарам. Значыць, выпрабаваньняў не баімося... Было вельмі клясна, што нас так віталі. Можна сказаць, з элемэнтам зьдзіўленьня, бо дагэтуль ніхто такіх транспарантаў не насіў. Людзі ўзрушаныя, што мы праявілі салідарнасьць. Неперадавальная сынэргія і энэргетыка.

— Кіраўніцтва спартовай галіны спрабуе зьбіць хвалю пратэстаў — дзесьці пагрозамі, дзесьці ўгаворамі, дзесьці прымусовымі прабегамі за Лукашэнку. Ужо пацярпеў алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка, цэлая кампанія разгарнулася супраць футбалістаў. Такая тактыка плённая?

— Думаю, такіх прыкладаў будзе шмат. Ці прынясе плён? Наўрад ці. Мне сёлета споўніцца 44 гады, я прапусьціў празь сябе ўсе асноўныя падзеі найноўшай гісторыі нашай краіны. Беспэрспэктыўна дзяліць беларусаў, мы вельмі скансалідаваная магутная нацыя. І я надзвычай рады, што народ акрыяў у гэты гістарычны жнівень 2020-га. Мы рэальна адчулі сябе сілай, якая можа тварыць цуды. Думаю, усе пагодзяцца са мной, хто быў яшчэ на першым маршы, што здарылася калясальнае яднаньне нацыі, і ад нядзелі да нядзелі супольная энэргія толькі набірае сілу.

Калі вярнуцца да першага пытаньня, упэўнены, што на наступнай акцыі спартоўцаў будзе яшчэ больш. Ужо атрымліваем пытаньні, калі і дзе збор. Хтосьці ня змог, нехта не пасьпеў, іншыя асьцерагаліся.

Цяпер страхі адкінутыя. І наша грамадзянская задача — аб’яднаць спартоўцаў, паказаць, што мы насамрэч разам зь людзьмі добрай волі.

Не сакрэт, што звычайна гуртуюцца па відах спорту — сэзонны графік трэнаваньня, выступаў, адпачынку. Таму важна мець пляцоўку, дзе можна стаць адзінай сілай.

«Памылкова думаць, што гвалт ці рэпрэсіі ніяк не закрануць»

— За гэты час размаўляў зь немалой колькасьцю спартоўцаў, дык бальшыня прызнаваліся: да сёлетніх выбараў збольшага лічылі сябе апалітычнымі. Але, як у вядомым выразе, палітыка сама пагрукалася і стала рэальнасьцю — праз сфальсыфікаваныя выбары, праз садысцкія зьдзекі ў ізалятарах.

— У кожнага свой шлях да прасьвятленьня, разуменьня рэчаў, якія адбываюцца навокал. Элітныя спартоўцы — людзі вялікай канцэнтрацыі на адной мэце, усё астатняе робіцца другасным. Памятаю па сабе: хвалюе перадусім сваё цела, партнэры ў камандзе, вынікі гульні. Але цяпер усё інакш, бо занадта высокая цана пытаньня — наагул нашай будучыні.

Сёньня ніхто ня можа застацца ўбаку. Памылкова думаць, што мяне гэта ніяк не закране, бо тычыцца абсалютна кожнага і на ўсіх узроўнях. Грамадзтва прачнулася і акрыяла. Ня ведаю, ад летаргічнага сну ці не, але ўсё цудоўна разумеюць: як раней, ужо ня будзе.

— Сярод 350 спартоўцаў, якія падпісалі досыць жорсткі ліст з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў, шмат баскетбалістаў. Пры тым, што бос беларускага баскетболу Максім Рыжанкоў — зацяты прыхільнік дзейнай улады і неаднойчы крытыкаваў калегаў за апазыцыйныя настроі. А вось іншыя гульнявыя віды прадстаўленыя эпізадычна. Гэта да пытаньня салідарнасьці...

— Казаць за іншых вельмі няпроста, таму ўстрымаюся. Але цалкам магу адказваць за людзей, якія былі на маршы 30 жніўня. Думка многіх спартоўцаў адназначная: мы з народам, бо цудоўна бачым, што адбываецца. Адпаведна ня можам заставацца абыякавымі назіральнікамі.

Дарэчы, самі бачыце навіны апошніх содняў пра футбалістаў «Крумкачоў»: у хлопцаў нявыкрутка, трапілі на Акрэсьціна. Гэта зноў жа да таго пытаньня, што ніхто ня можа заставацца ўбаку, бо павыхопліваюць па адным. Трэба рэальна праяўляць грамадзянскую пазыцыю. Разумею, што зараз хтосьці ў актыўным сэзоне, ня мае фізычнай магчымасьці выказваць пазыцыю, але тым ня меней...

«Для бальшыні беларусаў падзеі жніўня сталі выбухам сьвядомасьці»

— Асабіста ў вас які настрой на аглядную будучыню? Звычайна пасьля пасьпяховай выходнай акцыі накрывае эўфарыя, якая паступова зьмяняецца будзённасьцю, аналізам, высновамі, што ўлада добраахвотна здавацца не зьбіраецца.

— Трэба разумець, што гэта працэс. Трываньне — напэўнае, тут ключавое слова. Ну і разуменьне таго, што праўда за намі. Мы ня чэрпаем падставы да гэтай праўды зь нейкай адной крыніцы — балазе ў век інтэрнэту можна чытаць розныя рэсурсы і самому рабіць высновы. Паўтаруся, ёсьць дзьве рэчы: трываньне і разуменьне таго, што маеш рацыю. Гэта дапамагае жыць, прачынацца і глядзець зь вялікай надзеяй у будучыню.

— Ягор, ці можна казаць, што для вас, як і для многіх беларусаў, пераломнымі сталі менавіта вынікі выбараў і наступны за імі гвалт з боку сілавікоў? Дарэчы, за беспрычынны садызм іх пачалі называць «слабавікамі» — перадусім у маральным сэнсе, бо сіла неканечне прыкмета розуму.

— У маім выпадку гэта стала, хутчэй, апошняй кропляй. Я ўжо казаў, што мне не 15 гадоў і я бачыў многія рэчы. Таму апошнім часам усё акумулявалася, назапашвалася. Не пабаюся сказаць, што для бальшыні беларусаў падзеі 9-11 жніўня сталі сапраўдным выбухам сьвядомасьці. Уцямілі, што зваротнага шляху няма. Як некаторыя параўноўваюць — пасту зь цюбіка выціснулі і вярнуць яе назад немагчыма. Гэта абсалютна відавочна.

Няма ніякіх «лялькаводаў» ці рэжысэраў, якім нехта плаціць. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца. І ў той жа час вялікая радасьць і шчасьце за нашых людзей. Паглядзіце на кансалідацыю грамадзтва, на песьні ў гандлёвых цэнтрах, на маршы жанчын, на ўзаемавыручку, узаемадапамогу. Прывозяць ваду, слодычы. Я і сам гэта неаднакроць рабіў. Такія рэчы, пра якія месяц таму нават не задумваўся. Вялікі гонар за наш народ. Кажу без усялякага патасу.

«Час няпросты, але гэта час разьвіцьця і фармаваньня новай нацыі»

— Цяпер фактычна кожны чалавек у Беларусі рызыкуе трапіць пад амапаўскую дубінку ці нават на «суткі» ў ізалятар. Але градус страху пры гэтым істотна меншы, чым у ранейшыя палітычныя кампаніі. Ці згодныя з такой думкай?

— Страх — гэта такая ілюзія. У спорце, дарэчы, гэта таксама часта здараецца. Калі твая каманда сустракаецца з крутым супернікам, у разьдзявальні бачыш і страх, і паніку. Дасьведчаны спартовец разумее, што гэта проста ілюзія, зь якою трэба справіцца. Зноў жа вяртаемся да словаў пра трываньне і разуменьне, што праўда на тваім баку. Яны даюць унутраны спакой. Няпроста, але трэба справіцца.

Калі недалёка ад нашага дому выбухалі сьвятлашумавыя гранаты, мая дачка запыталася: «Тата, што гэта — вайна?». Давялося суцешыць, што апона ў машыны лопнула, таму грукат. І яна адразу заснула проста ад шоку, бо нават дзеці малодшага школьнага ўзросту разумеюць: нешта ў краіне ня так. Час няпросты, але гэта час разьвіцьця, час фармаваньня новай нацыі.

— Гатовыя самі цярпець за свае выказваньні, дзеяньні? Абсалютна зразумела, што цяперашняя ўлада ўсякім чынам будзе помсьціць «здраднікам». Як мінімум, кар’еру давядзецца паставіць на паўзу...

— Вядомая ж праўда — нішто ня вечнае... Адчуваньне праўды, разуменьне таго, што мы на сьветлым баку, шчасьлівыя вочы навокал, падтрымка блізкіх і незнаёмых людзей — гэта тое, што рухае ўсімі беларусамі, якім не абыякавая будучыня сваёй радзімы.

Калі мы ішлі ў калёне 30 жніўня, нас суправаджалі сотні, нават тысячы крыкаў — «Хлопцы, дзякуй, што вы з намі!». Яны натхнялі і давалі сілы. І мы адказвалі: «Дзякуй, мы заўсёды з вамі!». Усё жыцьцё мы выступалі для прыхільнікаў, для заўзятараў, а не для нейкіх справаздачаў у Міністэрства спорту. Гэта народная любоў, і яна ўзаемная...

Ягор Мешчаракоў нарадзіўся 9 кастрычніка 1976 году ў Менску. Выхаванец сталічнай СДЮШАР № 10. Адзін з самых вядомых і пасьпяховых беларускіх баскетбалістаў: чэмпіён Эўропы сярод моладзевых камандаў, шматразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён Украіны, срэбны прызэр чэмпіянату Расеі. Гуляў на пазыцыі «цяжкага форварда».

У 1994 годзе ў складзе зборнай Беларусі (U-22) выйграў моладзевы чэмпіянат Эўропы. Пасьля гэтага разам зь іншым вядомым баскетбалістам Аляксандрам Кулём паехалі ў ЗША, там вучыліся і выступалі за каманду ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона.

Сталі галоўнай рухальнай сілай, падняўшы аўтсайдэраў у лідэры. Абодва мелі рэальныя шанцы загуляць у Нацыянальнай баскетбольнай лізе, але празь недахоп досьведу магчымасьцю не скарысталіся. У лютым 2018-га Ягор Мешчаракоў уведзены ў Залю славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона.

Пасьля завяршэньня амэрыканскага пэрыяду пераехаў у Эўропу, дзе гуляў у клюбах Італіі, Грэцыі, Турэччыны, Расеі, Украіны. З сваіх 43 гадоў амаль два дзясяткі пражыў за мяжой.

Цягам 1995-2012 гадоў выступаў за нацыянальную каманду, быў яе капітанам. Паводле апытаньня газэты «Прессбол» прызнаны найлепшым баскетбалістам краіны 1998, 2000, 2001, 2008 і 2009 гадоў.

У 2010-м прыпыніў кар’еру, каб завершыць вучобу ва ўнівэрсытэце Вашынгтона, а ў 2013-м вярнуўся ў зборную Беларусі для ўдзелу ў адборачным турніры чэмпіянату Эўропы.

У канцы 2014-га быў прызначаны на пасаду спартовага дырэктара каманды «Цмокі-Менск». Адначасова працаваў намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі баскетболу, а таксама асыстэнтам галоўнага трэнэра зборнай Беларусі і памочнікам галоўнага трэнэра «Цмокаў».

Ягор Мешчаракоў стаў адным з заснавальнікаў дзіцячага баскетбольнага клюбу, названага яго імем. Ягоны малодшы брат Мікіта — дзейны баскетбаліст, апошнім часам выступаў за менскіх «Цмокаў», гулец нацыянальнай зборнай Беларусі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]