Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Новым палітвязнем стаў беларускi японец Акіхіра Гаеўскі-Ханада

02.09.2020 политика
Новым палітвязнем стаў беларускi японец Акіхіра Гаеўскі-Ханада

Што пра яго вядома?

Праваабаронцы дапоўнілі спіс палітвязняў, якім інкрымінуюць арганізацыю ці ўдзел у «масавых беспарадках». Адзін з новых палітвязняў — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, сын работніцы японскай амбасады і беларуса, пiша nashaniva.by.

Акіхіру 20 гадоў. Ён скончыў мінскую гімназію №19. Быў лаўрэатам спецыяльнага фонда па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але пасля паступіў у ЕГУ.

Яго тата — беларус Святаслаў Гаеўскі, трэнер па каратэ, родам са Слуцка. Мама — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры японскай амбасады ў Беларусі. Гісторыю іх знаёмства сваякі Святаслава распавядалі слуцкаму «Кур’еру»:

«Святаслаў Гаеўскі з пятага класа быў захоплены японскай культурай. Потым прафесійна заняўся каратэ і… закахаўся ў японку! Пазнаёміўся з ёй у Беларусі, калі звяртаўся ў пасольства па паслугі перакладчыка. А потым на год адправіўся ў Японію. Тамока падчас адпачынку прыехала на радзіму. Там і пачаўся іх раман. Вяселле святкавалі ў Токіа, а потым адправіліся ў вясельнае падарожжа і правялі адну з начэй у старадаўнім палацы імператара ў Кіёта».

Як жа так здарылася, што хлопец трапіў за краты?

Журналiсты звязалiся з бацькам Акіхіры, Святаславам Гаеўскім. Ён паведаміў, што пакуль не можа пракаментаваць сітуацыю.

Знаёмыя хлопца распавялі наступнае: 12 жніўня Акіхіра выйшаў на акцыю пратэста, яго затрымалі. Нібыта праз два дні выпусцілі, але затым Акіхіру і анархіста, былога палітвязня Аляксандра Францкевіча забралі зноў і змясцілі ў СІЗА. Прычынай, мяркуюць сябры Акіхіры, маглі стаць звесткі з тэлефона хлопца: ён быў падпісаны на шэраг анархісцкіх суполак.

«12 жніўня Акіхіру затрымалі разам з маім сынам, — распавяла Таццяна, мама Аляксандра Францкевіча. — Прыязджалі затрымліваць гэтага хлопца, а Саша ў гэты момант быў у яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года, дык пасля Акрэсціна адвезлі абодвух у КДБ.

Мне паведаміў пра гэта яшчэ адзін затрыманы: яго выпусцілі з Валадаркі, і ён распавёў, што Сашу і Акіхіру там білі і катавалі, каб яны падпісалі прызнанне.

Ад Сашы патрабавалі падпісаць прызнанне, што ён быў ва Уруччы каля «Спектра». А яго там наогул не было! Ён на мітынгі не хадзіў, ведаючы, што калі затрымаюць, то ўзгадаюць яму 2010 год. Сын нічога не падпісаў».

Па словах Таццяны Францкевіч, цяпер і яе сын, і Акіхіра Ханада на Валадарцы. Яны сядзяць у розных камерах. Хлопцаў абвінавачваюць у масавых беспарадках, на іх завялі справу па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — пакаранне сур'ёзнае, ад 3 да 8 гадоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]