Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Хлопчыка-інваліда з інваліднага крэсла зацягвалі ў аўтазак, сьмяяліся і білі па нагах»

03.09.2020 политика
«Хлопчыка-інваліда з інваліднага крэсла зацягвалі ў аўтазак, сьмяяліся і білі па нагах»

Жудасная гісторыя з Барысава.

Вольга Бяласіна з Барысава распавяла «Радыё Свабода» пра зьверствы АМАПу на мірых акцыях у іх горадзе:

«Мы з мужам 10 жніўня каталіся на матацыклах. Праяжджалі праз плошчу. Там рабілася такое бясчынства, проста на вуліцы людзей зьбівалі, зацягвалі ў машыны. Дзеці плакалі, крычалі. Мы спыніліся, натуральна. Хто праедзе, калі дзеці крычаць. Майго мужа тут жа схапілі і пацягнулі. Натуральна, я за ім. Мяне ніхто не затрымліваў. Я сама пайшла, бо як пакінуць мужа.

Хлопец ехаў на зялёным ровары, гадоў 17-ці. Яго проста шэсьць чалавек падбеглі, сталі зьбіваць, зацягнулі таксама да нас у аўтобус. Потым пад’ехаў аўтазак. Нас грузілі…

Калі зацягвалі ў аўтобус, хлопчыка-інваліда проста з інваліднага крэсла паднялі і запхнулі. Калі зацягвалі ўжо ў аўтазак, яны сьмяяліся і зьбівалі яго так… Сказалі: ты хлусіш… Па нагах. Я пачала крычаць, што ён не адчувае ног, што вы робіце. Ён інвалід. Калі ласка, хаця б усадзіце яго (плача). Бо яны кінулі яго проста на падлогу. Толькі пасьля маіх словаў яны прыслухаліся і хаця б пасадзілі яго.

Нас прывезьлі. Мужчын з машын адразу зьбівалі проста бязьлітасна дубінкамі, укладвалі ў падлогу, у зямлю. Рукі ўгару і ногі на шырыню, якую толькі можаш. Яны зьбівалі іх, яны хадзілі па іх. Сьмяяліся.

Нас паставілі да сьценкі, тварам да сьцяны, мы не павінны былі глядзець. Стаялі жанчыны ад 70 гадоў да дзяўчынкі 15-гадовай. Яна плакала і пыталася: вас зьбівалі? Я кажу: не. Яна кажа: а мяне білі.

Мы стаялі так чатыры гадзіны. Ні папіць, ні туалета, нічога. Калі мы адкрывалі рот ці глядзелі, яны казалі, што будуць укладваць нас таксама, як і мужчын.

У мяне адкрыўся крывацёк, бо ў мяне па-жаноцкаму рак. І я казала сьледчаму: мне патрэбныя пракладкі. А яны сьмяяліся мне ў твар: ты, с…ка будзеш сядзець 15 сутак, я асабіста распараджуся, каб ты сядзела.

Пракладкі мне ніхто не прынёс, і я такая ў крыві ўся і ляжала, сяк-так падмывалася, вядома. А там жа камэры стаяць, усё гэта запісваецца. Гэта ўсё настолькі прыніжэньне.

Я казала сьледчаму: дзе мой адвакат? Чаму я затрыманая? Ніхто нічога не тлумачыў, ніхто не прадстаўляўся, ні ў кога бэйджыкаў не было. Абсалютнае беззаконьне. Ставяцца як да жывёлаў.

Яшчэ на плошчы жанчыны зь дзецьмі, пажылыя жанчыны ўставалі перад імі на калені і прасілі не ісьці супраць народа. Я таксама думала, што яны могуць, што ў іх ёсьць нешта чалавечае. Не. Яны сьмяяліся ў твар. Проста сьмяяліся і зьбівалі нас.

Народ нічога не рабіў. Ён проста стаяў.

І я вось такая ўся ў крыві, уявіце, у месячных, ва ўсім стаяла перад судом. Мне было настолькі дрэнна, жудасна, прыніжэньне проста страшнае…

То бок, народ, мы можам проста працаваць, плаціць падаткі, штрафы, але нічога ня можам больш. І мы сапраўды «овцы», як кажа наш Лукашэнка. Я ня ведаю, што яшчэ павінна адбыцца, каб мы сапраўды прачнуліся і ўсе выйшлі на вуліцу. Ну ўсіх жа не заб’юць і не перасадзяць. Госпадзе, гэта проста бясчынства».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]