Дасье ў карыкатурах.
Хваляванні ў шэрагу сталічных ВНУ кажуць аб вяртанні ў нашу палітыку такога моцнага фактару як студэнты. Як сведчыць гісторыя, часам у моладзі атрымлівалася зрынуць цэлыя рэжымы.
Першым зафіксаваным студэнцкім страйкам сталі падзеі ў сакавіку 1229 года ў парыжскім універсітэце. Тады гарадская паліцыя забіла некалькі студэнтаў. У адказ універсітэт неадкладна абвясціў страйк і ў выніку дамогся прававой аўтаноміі ад гарадской улады.
Аднак сапраўдны выхад студэнцкага руху на авансцэну адбыўся ў 20-м стагоддзі, калі вышэйшая адукацыя перастала быць прывілеяй эліты. Піянерамі сталі амерыканскія студэнты з Берклі (Каліфарнійскі ўніверсітэт). Тут на працягу 1964-65 навучальнага года паўстаў рух «Вольнае слова» (англ. Free Speech Movement; FSM), які патрабаваў дазволіць палітычную дзейнасць на тэрыторыі ВНУ. Адміністрацыя ў сваю чаргу звярнулася па дапамогу да паліцыі.
2 снежня ад 1500 да 4000 студэнтаў захапілі галоўны корпус. У адказ паліцыя ачапіла будынак і пачала арышты. Каля 800 студэнтаў былі зняволеныя. Прыкладна праз месяц універсітэт высунуў абвінавачанні супраць некаторых з іх, што прывяло да яшчэ большага пратэсту, які практычна заблакаваў працу Берклі. У выніку дырэкцыя адступіла. Яе кіраўнік сышоў у адстаўку, а студэнты атрымалі права на адкрытую дыскусійную пляцоўку.
Рух «Вольнае слова» стаў паваротным момантам для руху за грамадзянскія свабоды ў 1960-х гадах. У тым ліку яго актывісты асуджалі паліцэйскі гвалт. Адзін з карыкатурыстаў таго часу, які сімпатызаваў студэнтам, іранічна адлюстраваў як павінен выглядаць у вачах паліцэйскага ідэальны грамадзянін.
Нельга абмінуць увагай травеньскія падзеі 1968 года ў Францыі, якія пачаліся з леварадыкальных студэнцкіх выступленняў і выліліся ў масавыя беспарадкі. Бойкі з паліцыяй і захоп універсітэта «абудзілі» прафсаюзы, якія правялі ўсеагульную забастоўку з удзелам 10 мільёнаў чалавек. Пачаўся параліч уладных структур. У выніку крызіс прывёў да змены ўрада, адстаўкі прэзідэнта Шарля дэ Голя і, у больш шырокім сэнсе, да велізарных зменаў у французскім грамадстве. Травень 68-га таксама запомніўся фантастычным творчым парывам яго ўдзельнікаў. У тым ліку быў прыдуманы цэлы плакатны стыль. Як ілюстрацыя — плакат «Будзь маладым і маўчы».
Страйкавалі студэнты і па гэты бок жалезнай заслоны. У сакавіку 1968 года ў Польшчы студэнты выйшлі з аўдыторый супраць 1-га сакратара мясцовай кампартыі Уладзіслава Гамулкі. Каб прадэманстраваць лаяльнасць Маскве з санкцыі Гамулкі пачалася цэнзура польскай класікі, якая традыцыйна была накіравана супраць Расійскай імперыі. У выніку забароны спектакля па п'есе А. Міцкевіча «Дзяды» ў сакавіку 1968 года ўспыхнулі студэнцкія хваляванні, якія міліцыя жорстка разагнала. Нягледзячы на рэпрэсіі студэнты захавалі баявы дух. Гэта выяўляецца і ў іх малюнках у падпольных выданнях. Напрыклад, адзін з іх высмейвае тых, хто спадзяецца на пазітыў без правядзення ў краіне рэформаў.
Слаўнай старонкай студэнцкага руху з’яўляецца паўстанне ў Афінскім Політэхнічным універсітэце, дзе студэнты выступілі супраць дыктатуры «Чорных палкоўнікаў». 14 лістапада 1973 года студэнты ўмацаваліся ў карпусах ВНУ і адкрытым тэкстам абвясцілі барацьбу з урадам. Ва ўніверсітэце пачала працу самаробная радыёстанцыя, якой удалося прыцягнуць увагу жыхароў горада да пратэсту. У адказ улады кінулі супраць студэнтаў танкі. Адзін з іх разбіў браму ўніверсітэта. Услед рушыў штурм, падчас якога былі забітыя 24 чалавека і больш за тысячу параненыя. Нягледзячы на поспех урад задумаўся. Кіраўнік хунты быў адпраўлены на пенсію. Пасля гэтага дыктатура пратрымалася нядоўга — менш за год. Не прайшоў міма апісаных падзей і часопіс «Крокодил».
І, нарэшце, плошча Цяньаньмэнь 1989 года, дзе з 15 красавіка па 4 чэрвеня 1989 года адбываліся калектыўныя акцыі за дэмакратызацыю, галоўнымі ўдзельнікамі якіх былі студэнты. 4-га чэрвеня войскі з аўтаматамі і танкамі адкрылі агонь па дэманстрантах і тым, хто спрабаваў блакаваць прасоўванне вайскоўцаў на плошчу Ацэнкі колькасці загінулых вар'іруюцца ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч. Да сённяшняга дня гэты хапун натхняе кітайцаў на пратэсты. Таму на карыкатуры мастака рэсурсу Press World кітайскі лідар Сі Цзіпінь спрабуе перапісаць гісторыю расправы. Зрэшты, як паказваюць нядаўнія студэнцкія маніфестацыі ў Ганконгу, спадчына Цяньаньмэня дасюль натхняе моладзь на змаганне.
Алег Новікаў, «Новы час»