Што вядома на гэты момант.
Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёна Серабранка раніцай 5 верасня. Абставіны яго смерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша “Наша ніва”.
«Аляксей жыў з бацькамі ў Бараўлянах, працаваў на аўтамыйцы ва Уруччы. 4 верасня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто не браў слухаўку, то выклік скідвалі.
А раніцай 5 верасня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў Аляксандр, стрыечны брат хлопца.
Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасля яны разглядалі цела сына ўжо дома.
«Цялесныя пашкоджанні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы збітыя, косткі збітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка… Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандр. — Афіцыйнае заключэнне аб смерці будзе праз месяц.
А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына смерці — атручванне невыяўленым рэчывам».
Гісторыя дзіўная. Ускладняецца яшчэ і тым, што загінулы Аляксей быў удзельнікам фанацкага руху — заўзеў за «Дынама».
«Я сам брата прывёў у дзвіж, можна сказаць. Пасля ён застаўся ў ім, я адыйшоў. Нейкім надта ўжо актыўным фанатам Аляксей не быў. Але апранаўся адпаведна: спартовы стыль, відаць, што фанат.
Аляксей быў спартыўным хлопцам, баксёрам. Супраць дваіх-траіх мог бы выстаяць альбо адбіцца і збегчы. Плюс у тым раёне, дзе яго знайшлі, яму няма чаго было рабіць.
У мітынгах ён не ўдзельнічаў — я б ведаў. Ды і 4 верасня не было мітынгаў.
Таксама зніклі яго рэчы. У моргу казалі, што яны ў міліцыі, у міліцыі — што ў моргу. А ў выніку тэлефона і заплечніка проста няма, — кажа брат. —
А атручванне маглі пасля напісаць, бо ў 2016 годзе Аляксей трапіўся за тое, што спрабаваў спайсы. Яго не пасадзілі, там саджаць не было за што. Але на ўлік нейкі паставілі».
Але важна: сям’я загінулага Аляксея адзначае, што на целе слядоў ад кайданкоў няма, слядоў ад удараў дубінкай таксама. І брат падкрэслівае: словы пра сілавікоў толькі версія, доказаў няма.
Следчы камітэт пракаментаваў гэты выпадак так: «Па факце смерці праводзіцца праверка, дакладныя абставіны высвятляюцца. Для вызначэння дакладнай прычыны смерці прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы».
Па словах следчых, цела было знойдзена без бачных цялесных пашкоджанняў. «Папярэдне смерць не носіць крымінальнага характару», — паведамляе СК.
Пахавалі Аляксея Дзямідава 7 верасня.
Гэта ўжо другая загадкавая смерць маладога хлопца, звязанага з фанацкім рухам. 22 жніўня на вуліцы Парніковай у Мінску знайшлі павешаным цела Мікіты Крыўцова, які 10 дзён лічыўся зніклым. Крыўцоў быў фанатам ФК «Маладзечна», яго знікненне здзівіла ўсіх. У суіцыд сваякі не паверылі.