Беларусы з насельнікаў ператвараюцца ў грамадзянскую супольнасьць.
Адным з практычных вынікаў беларускага рэвалюцыйнага працэсу многія называюць пачатак утварэньня гарадзкіх міні-супольнасьцяў. Двары, вуліцы, мікрараёны...
Спачатку мясцовыя жыхары стваралі тэлеграм-каналы для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасьці». Пасьля — для супольных нядзельных выхадаў у цэнтар Менску на маршы. Людзі між сабой перазнаёміліся і пачалі рабіць штосьці для душы. Напрыклад, супольна зь дзецьмі глядзець мультфільмы праз праектар ці запрашаць артыстаў з музычнымі выступамі. «Лукашэнка сыдзе, а лякальныя кам’юніці застануцца», — патлумачыў мне знаёмы ўрбаніст.
Калі Лукашэнка (то бок наагул рэпрэсіўная сыстэма) сыдзе, ніхто ня ведае. Але ўжо цяпер гучаць засьцярогі, што з адкрытасьці чатаў могуць скарыстацца прадстаўнікі рэпрэсіўнай сыстэмы. Кагосьці зьвінавацяць у закліках да масавых мерапрыемстваў, кагосьці проста адсочаць і перашкодзяць тым ці іншым супольным дзеяньням грамадзянаў.
Падыход да камунікацыі ў лякальных каналах залежыць ад стаўленьня да таго, што адбываецца ў Беларусі. Калі гаворка проста аб пратэстах, гэта адна справа. Калі пра рэвалюцыйны працэс, то тут ужо бяз рызыкі не абысьціся. Дый мы ўсе бачым, што закону як такога ў Беларусі няма. Кожнага могуць схапіць на вуліцы і завезьці куды заўгодна. Тады і асьцерагацца, здаецца, няма чаго ў тых «тэлеграмах».
Але ёсьць думка, якая мне падаецца аптымальнай. Наўрад ці ў шырокай грамадзкай дзейнасьці можна на 100% засьцерагчыся ад тайных агентаў «царскай ахранкі» Лукашэнкі. Тым ня менш, калі зрабіць чаты закрытымі, доступ да інфармацыі як мінімум ускладніцца. А толькі ў Менску падобных чатаў больш за 150. Паспрабуй прыдумаць сабе легенду, каб уцерціся ў давер да адміністратара каналу.
Мне здаецца, што дастаткова хутка мусіць адбыцца як мінімум псыхалягічны пералом у беларускім грамадзтве. Калі рэжым узмоцніць карныя дзеяньні, то людзям будзе ўжо не да асьцярогі агентаў у чатах. Ужо цяпер удзельнікі дваровых супольнасьцяў абмяркоўваюць магчымасьць стварэньня дваровых дружын для абароны ад хоць якіх людзей у пагонах. І наадварот, калі Лукашэнка адчуе, што гвалт не прыносіць належнага плёну і пачне згортваць рэпрэсіі, то асьцерагацца ня будзе вялікай патрэбы.
Незалежна ад таго, куды хісьнецца ківач, мы проста цяпер назіраем, як беларусы з насельнікаў ператвараюцца ў грамадзянскую супольнасьць. У тым ліку праз фармаваньне гарадзкіх міні-супольнасьцяў, якія разам канструююць падабенства вульля.
Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»