Падчас сустрэчы абмяркоўваліся сітуацыя ў Беларусі, вызваленне палітвязняў і падтрымка грамадзянскай супольнасці ў краіне.
Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Варшаве. А 9-тай гадзіне пачалася сустрэча чальцоў Каардынацыйнай Рады Святланы Ціханоўскай, Вольгі Кавальковай і Паўла Латушкі з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, перадае «Радыё Рацыя».
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка польскага ўраду, падчас сустрэчы абмяркоўваліся сітуацыя ў Беларусі, вызваленне палітвязняў і падтрымка грамадзянскай супольнасці ў краіне.
А 11-й пачалася сустрэча са студэнтамі Варшаўскага ўніверсітэта, дзе Святлана Ціханоўская выступае з дакладам.
Каля поўдня з беларускім госцем сустрэнецца кіраўнік Незалежнага самакіроўнага прафесійнага саюза «Салідарнасць» Пётр Дуда, які ўчора вярнуўся з Беларусі.
У Беларускім доме ў Варшаве прайшла сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Польшчы.
Выступіў прэм’ер–міністр Польшчы. У сустрэчы ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова і Павел Латушка, а таксама Вераніка Цапкала ды прадстаўнікі польскіх уладаў.
Падчас сустрэчы прэм’ер–міністр Матэвуш Маравецкі распавёў пра польскую і міжнародную падтрымку беларускага народа ў змаганні за свабоду і дэмакратыю.
«Мы хочам аказаць беларусам сапраўдную дапамогу ў тым ліку і матэрыяльную дапамогу для рэпрэсаваных», - сказаў кіраўнік польскага ураду і перадаў Святлане Ціханоўскай сімвалічныя ключы да новага будынку Беларускага дому ў Варшаве.
Святлана Ціханоўская заявіла: «Нашыя людзі не даруюць таго, што адбылася 9-12 жніўня. Народ не пагодзіцца з кіраўніцтвам Лукашэнкі. Мы хочам прэзідэнта, які не будзе вырашаць, з кім сябраваць, а наладзіць добрыя адносіны з усімі суседзямі».
Таксама Святлана Ціханоўская падзякавала беларусам Польшчы за сабраную матэрыяльную дапамогу.
Польшча у межах падтрымкі беларусам перадалі Святлане Ціханоўскай і Беларускаму дому катэдж у раёне Саска Кемпа ў Варшаве - будынак у якой раней месцілася амбасада Тунісу.
Прайшла таксама сустрэча Матэвуша Маравецкага і Святланы Ціханоўскай з беларусамі, якія пражываюць у Польшчы. У ёй таксама бралі ўдзел Павел Латушка, Вераніка Цапкала і Вольга Кавалькова.
Ціханоўская – важная палітычная фігура
У інтэрв’ю парталу tvp.info журналіст Анджэй Пачобут сцвярджае, што ўрад у Варшаве павінен праводзіць актыўную ўсходнюю палітыку.
– Сустрэча Маравецкага і Ціханоўскай – гэта вельмі важны сігнал Польшчы для беларускага грамадства. Гэта паказвае, што цяпер, ва ўмовах, калі рэжым Лукашэнкі зноў становіцца ўсё больш жорсткім, вяртаюцца рэпрэсіі, збіццё, здзекі над людзьмі і закручванне гаек, з боку Варшавы ёсць моцны сігнал падтрымкі, адзначае ён.
Пачобут дадае, што ў вачах беларусаў прыезд Ціханоўскай таксама з’яўляецца дакладнай ацэнкай вынікаў выбараў.
– Гэта паказвае, што ў Польшчы ніхто не сумняваецца ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў, – кажа ён.
«Ціханоўская годна прадстаўляе Беларусь»
Анджэй Пачобут сцвярджае, што беларуская жанчына стала не толькі сімвалам дэмакратычных рухаў, але і важным суб’ектам палітычнай сцэны. Ён падкрэслівае, што візіт прынясе карысць не толькі Польшчы, але і Ціханоўскай.
– Без сумневу, гэта дазваляе ёй як палітыку будаваць свой аўтарытэт. Яна была сімвалам волі да змен, але і тое, як яна працуе зараз, дазваляе ёй атрымаць сапраўднае палітычнае прызнанне. Яна ўжо належным чынам прадстаўляла Беларусь на форуме Еўрапейскага Звяза альбо ў двухбаковых кантактах. Гэта, несумненна, надае ёй большы палітычны ранг, лічыць Анджэй Пачобут.