Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Брэсцкі святар: Самае яскравае на пратэстах - цудоўныя, прыгожыя, інтэлігентныя людзі

15.09.2020 политика
Брэсцкі святар: Самае яскравае на пратэстах - цудоўныя, прыгожыя, інтэлігентныя людзі

Айцец Ігар расказаў, чаму ходзіць на акцыі пратэсту.

Чалавека ў чорнай сутане, які амаль увесь жнівень быў цэлымі днямі разам з людзьмі на вуліцах, па здымках ведаюць далёка за межамі Брэста, дзе ён служыць святаром уніяцкай (грэка-каталіцкай) парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, піша krynica.info. Айцец Ігар адкрыта выказвае сваю пазіцыю адносна падзей ў краіне і нясе суцяшэнне ўсім людзям, хто ў гэтым мае патрэбу падчас палітычнага крызісу.

—Айцец Ігар, наколькі вядома, вашай царкоўнай грамадзе ў жніўні было вынесена папярэджанне. Раскажыце за што і чаму?

—Было два папярэджанні. Першае было ад пракуратуры асабіста на мяне за удзел і, як мне кажуць арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Другое папрэджанне было з аблвыканкама накіравана на наш прыход. Сэнс яго ў тым, што я быццам ад царквы рабіў нейкія заявы. Нас папярэджваюць, што судом могуць прыпыніць існаванне нашага прыходу. Але царква павінна называць сваімі імёнамі ўсё, што адбываецца. Нават калі гэта небяспечна.

—Вы бываеце на мітынгах і розных акцыях пасля прэзідэнцкіх выбараў. Як вы сябе там адчуваеце і як да вас ставяцца людзі?

—Улады раздражняла тое, што я як святар цэлы дзень знаходзіўся з людзьмі на акцыях пратэсту ў Брэсце. У вуснай форме мне казалі: “Будзьце сярод людзей, але здыміце сутану — царкоўнае адзенне”. Яны хацелі, каб я хадзіў у джынсах і кашулі. Сярод людзей хадзілі і пратэстанцкія пастары, але яны былі не такія заўважныя, бо яны ходзяць, як усе людзі. У адрозненні ад іх мяне бачна здалёк па чорнай сутане і вялікім крыжу на шыі.

Для людзей вельмі важна духоўная падтрымка, каб ім не адчуць сябе самотнымі. Жанчыны асабліва мелі патрэбу ў суцяшэнні, бо ў многіх з іх пабілі мужоў, братоў, сыноў. Калі яны бачылі, што святар з імі, у іх з’яўлялася адвага. І ўладу вельмі занепакоіла тое, што царква адкрыта выказала сваю пазіцыю.

Я свядома ўдзельнічаю ў мітынгах. Тым, хто абараняецца ў судах і кажа, што яго не было на мітынгах, я б сказаў па іншаму: “Я свядома выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю супраць няпраўды, гвалту, фальсіфікацый, забойстваў”. Рэчы трэба называць сваімі імёнамі.

Царква павінна быць на баку пацярпелых. Наша супольнасць моліцца кожны дзень за ўсіх пацярпелых, за людзей, якія імкнуцца да дабра, справядлівасці, за тых хто пакутуе за сваю пазіцыю, за тое, каб людзі маглі свабодна выказвацца, збірацца, за ўсіх тых, хто пратэстуе. Як можна пратэставаць супраць улады і яшчэ браць у яе дазвол на гэта? Я там, дзе людзі. Першае, што я раблю на мітынгах — малюся, хай сабе і коратка.

—Айцец Ігар, з чым вам прыходзілася сустракацца падчас вулічных пратэстаў, паходаў у СІЗА, ланцугоў салідарнасці? Раскажыце пра якія – небудзь цікавыя яскравыя моманты?

—Самае яскравае — гэта цудоўныя, прыгожыя, інтэлігентныя людзі, якія дапамагаюць адзін аднаму. Я вельмі мала чуў матных слоў, хаця людзей было шмат — тысячы і нават дзесяткі тысяч у Брэсце.

Адбілася яшчэ адмоўнае. Там, дзе стаялі і стаяць жаночыя ланцужкі на праспекце Машэрава, жанчыны заходзілі ў праваслаўную царкву. Многія з іх расчараваныя і нават пакрыўджаныя, у слязах выходзілі адтуль. Ім там рабілі заўвагі адносна іх пазіцыі. Жанчыны хацелі атрымаць у царкве дабраслаўленне, дапамогу, суцяшэнне, а атрымоўвалася наадварот. Я думаю, што святар павінен быць з людзьмі. Гэта абавязак святара, а не проста права. І няважна, што за гэта ўлады захочуць мяне арыштаваць, даць суткі, асудзіць.

Я не любіў раней насіць сутану. Але сёння я больш і больш упэўніваюся, што святарам трэба апранацца па святарску і проста хадзіць па горадзе. Да мяне падыходзяць розныя людзі са сваім болем, праблемамі, перажываннямі. І такога чалавека трэба пачуць і абавязкова памаліцца за яго. Я маю ўпэўненасць у гэтым.

З царквы за дзесяцігоддзі зрабілі гета. У нас такая абстаноўка, што нібыта ў царкве адно, а калі выходзіш адтуль, то іншае. Але я з гэтым нязгодны. Класічнае набажэнства ў царкве павінна быць, але мы таксама павінны ісці да людзей, да іх болю і перажыванняў. І рабіць гэта трэба не для агітацыі, каб ішлі ў маю царкву, а для размовы з разгубленымі. Гэта не эмоцыі, а гэта мая пазіцыя.

—Ці адчуваеце вы еднасць людзей, калі выходзіце разам з імі на вуліцу? Аб чым гаворыце з людзьмі?

—Толькі свабодны чалавек можа любіць. Праслаўляць Творцу дасканала можна толькі мовай любові. Адсюль выснова — толькі свабодны можа праслаўляць Бога. І гэта было даступна і зразумела тым людзям, з якімі я размаўляў на вуліцы. Я спрабаваў размаўляць з міліцыянерамі і вайскоўцамі, але не атрымалася. Яны ставіліся варожа да мяне ці проста маўчалі. А для людзей пратэсту — гэта было зразумелай думкай.

Бог адзін. Усе існуючыя сцены паміж канфесіямі былі разбураныя на вуліцы, бо там былі ўсе: праваслаўныя, католікі, пратэстанты. Тое, што нас штучна раз’ядноўвала, там разбурылася. Мы разумелі адзін аднаго хто б на якой мове не гаварыў.

Хтосьці вітаўся па-руску і такіх была большасць, хтосьці па-беларуску, хтосьці па-польску і нават па-ўкраінску, але гэта не было варожа. Людзі віталіся і казалі па-руску: “Здравствуйте, здравствуйте, спасибо”. Хтосьці прамаўляў па-беларуску: “Добры дзень”. Католікі віталіся словамі: “Слава Хрысту”. А хтосьці па-польску звяртаўся да прысутных: “Pochwałiony Jezus Chrystus”. А нехта гаварыў простай паляшуцкай мовай. Я не вельмі здольны да моваў, але мне было вельмі лёгка.

Кажу вам першаму, што на мітынгах у Брэсце беларускамоўныя людзі загаварылі па руску і наадварот рускамоўныя пачалі размаўляць па беларуску. Ментальная мова свабоды і любові большая чым нашы мовы і адрозненні. Мяне гэта вельмі радуе. Гэта цікавае з’явішча. Гэта адчуванне свята. Складана ў маленькіх мястэчках, як у вас у Ганцавічах, бо мала людзей. Але гэта не страшна.

—Айцец Ігар, дзе Бог падчас усяго таго, што адбываецца цяпер у нашай краіне?

—Я б сказаў так, што Бог стварыў чалавека асобай свабоднай і вольнай са свабодным выбарам. Ён папярэджвае нас людзей, каб мы не рабілі злачынстваў, не парушалі законаў Божых. Бог праз Біблію нагадвае нам пра тое, што мы павінны рабіць добрае. І калі мы робім гэта, нам самім будзе добра.

У той жа час Бог не хапае нас за рукі, не спыняе, калі адбываюцца злачынствы. Мы звяртаемся да Бога, праслаўляем Яго, просім Яго. Але ёсць рэчы, якія Ён не зробіць замест нас.

Калі ў хаце ёсць беспарадак, не пафарбавана, не прыбрана і калі гаспадар будзе сядзець і маліць Бога, каб Ён паслаў нейкіх анёлаў для таго, каб яны ўсё зрабілі замест чалавека — то ці не глупства гэта? Госпад даў нам сілы, інтэлект, розныя таленты для таго, каб мы маглі ўпарадкаваць сваё жыццё і жыццё сваёй краіны, вымесці смецце і выкінуць яго вон. Ён спадзяецца, што ў нас гэта атрымаецца. Бог нас накіроўвае і паважна да нас ставіцца, спадзеючыся, што ў нас гэта атрымаецца. Бог паважае нашыя законы і хоча, каб яны не разыходзіліся з Божымі законамі. А для гэтага трэба вывучаць Ягоныя законы.

Наконт таго, што Лукашэнка сказаў, каб людзі душой прыходзілі ў цэрквы і не больш таго… Ведаеце, мы б былі толькі псіхатэрапеўтамі для тых людзей, у каго кепскі настрой. Гэта не зусім тое, што хоча Бог. Госпад хоча вучыць нас, як будаваць нашу краіну, наш дом, нашы сем’і. Царква паклікана да гэтага.

—Айцец Ігар, як бы вы выказаліся адносна таго, што на пратэсты выходзяць толькі «дармаеды, наркаманы»— так абзываюць людзей…

—«Адшчапенцы», «наркаманы», «паршывыя блохі» — гэта мае людзі. Я называю сябе ўсімі гэтымі людзьмі. Таму што — гэта наша царква, наша грамадства, гэта мы і гэта я, якімі нас так назвалі. Мы не пагаджаемся з тым, што мы такія, але гэта нас аб’яднала. Мы смяёмся з гэтага і не крыўдзімся. Бо насамрэч там шмат добрых, працавітых і інтэлігентных людзей. Я пакліканы да ўсіх іх. Хто, як не святар, павінен ісці ў народ. Я частка гэтага грамадства. І адчуваю нават гонар, што я ў гэтай частцы грамадства, а не ў іншай. Гэта мой святарскі абавязак.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]