Вядомы мастак прадставiў карціну «Армагедон».
17 верасьня ў менскім Палацы мастацтва завяршаецца выстава Аляксея Марачкіна, прымеркаваная да 80-годзьдзя творцы. Стрыжнёвая праца яе — «Армагедон», яна пра супрацьстаяньне новай і старой Беларусі. Такую ж назву атрымала ўся юбілейная экспазыцыя.
«Некаторыя працы адпачатку ня маюць шанцаў на шырокі паказ»
Павіншаваць мастака з прамінулым юбілеем прыйшлі сябры, калегі, землякі і прыхільнікі творчасьці Аляксея Марачкіна. Кожны на памяць пра падзею атрымаў аўтарскі эскіз ці накід да будучай жывапіснай працы.
«Мне пашчасьціла сябраваць зь вялікім мастаком, — гаворыць Мечыслаў Бурак. — Сустрэліся мы ў канцы агоніі саветаў, калі ў 1989-м ладзілі адзін зь першых мітынгаў ля менскага Палацу чыгуначнікаў. І вось ад таго часу трымаемся разам. Дзякуй, дарагі чалавек, за жыцьцёвы аптымізм, за натхняльны дух, за радасьць высокай культуры мастацтва».
У гутарцы з «Радыё Свабода» Аляксей Марачкін расказаў, што ўсяго выстаўлена прыкладна 80 карцін — па адной на кожны год жыцьця. Гэта своеасаблівая рэтраспэкцыя ягонага прафэсійнага станаўленьня — ад студэнцкіх пошукаў да жывапісных палотнаў, многія зь якіх сталі клясыкай.
фотa: svaboda.org фотa: svaboda.orgТут і графічныя партрэты выдатных дзеячаў беларускай гісторыі, пачынаючы ад Сярэднявечча; і кніжныя ілюстрацыі; і нават рэстаўраваны майстрам дыван заснавальніка нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Драздовіча.
І, безумоўна, вострыя карціны сацыяльна-палітычнага зьместу, якія адзін з заснавальнікаў творчай суполкі «Пагоня» і першы яе старшыня пачаў ствараць яшчэ ў пераломныя гады Адраджэньня.
фотa: svaboda.org фотa: svaboda.org«Я ўдзячны арганізатарам, што яны досыць ляяльна паставіліся да маіх сацыяльна абвостраных твораў, — гаворыць Аляксей Марачкін. — Гэта і „Сёньняшнія Курапаты“, і „Плошча Каліноўскага“, і самы апошні па часе „Армагедон“, у аснове сюжэту якога барацьба Дабра са Злом. Шмат удалося паказаць з таго, што хацеў. Хоць, шчыра кажучы, такіх работ куды болей, проста асобныя адпачатку ня маюць шанцаў на шырокі паказ».
Зрэшты, згаданыя карціны таксама можна пабачыць, але ня ў Менску, удакладняе ён.
фотa: svaboda.org«У вясковай галерэі ня трэба даваць справаздачу перад цэнзарамі»
Як расказаў Аляксей Марачкін, блізу дзясятка «крамольных» карцін выстаўленыя ў вёсцы Забалацьце пад Смалявічамі. Там месьціцца прыватная галерэя вядомай праваабаронцы і дасьледніцы камуністычных рэпрэсій Тацяны Процькі і яе мужа Зьмітра Козыра.
фотa: svaboda.org«Зыходзячы з папярэдняй практыкі, ведаў, што за некалькі твораў давядзецца пазмагацца, — працягвае ён. — Пры тым, што пад пагрозай была б уся выстава. Найперш гэта „Павязаныя“, „У Гаагу“, „Чаркаваньне“, „Зона Zero“ ды іншыя. А ў Тацяны і Зьмітра — бесцэнзурны асяродак, людзі пра гэтае месца ведаюць, знарок прыяжджаюць, каб паглядзець. Выдатна, што пачалі зьяўляцца такія прыватныя галерэі, дзе гаспадары не павінны даваць справаздачу перад цэнзарамі ды камісіямі».
Як адзначыла Тацяна Процька, унікум Аляксея Марачкіна палягае ў ягонай здольнасьці спалучаць самыя розныя стылі і напрамкі.
фотa: svaboda.org фотa: svaboda.orgЗвычайна мастак акцэнтуецца на нейкай адной пазнавальнай форме, але ў гэтым выпадку паважаны ўзрост ня ёсьць падставай, каб адмовіцца ад экспэрымэнтаў.
Сам Аляксей Марачкін спадзяецца, што неўзабаве вясковая галерэя ягоных сяброў папоўніцца «палітычнымі коміксамі». У цэнтры сюжэту — чалавек, вонкава падобны на кіраўніка Беларусі. Сэрыял нараджаўся на фоне леташняга «крыжалому» у Курапатах, але паступова пашырыўся да іншых надзённых тэмаў.
фотa: svaboda.org фотa: svaboda.orgУ Палацы мастацтва сатырычныя карыкатуры можа было паглядзець «з-пад крыса», нейкі час яны экспанаваліся ў сьценах публічнай праваабарончай пляцоўкі «Тэрыторыя правоў».
«Карціна „Сьцяна“ атрымала інтэрактыўны працяг з гледачамі»
Цэнтральная праца «Армагедон», якая 17 верасьня апошні дзень экспануецца ў Палацы мастацтва, напісаная пад уражаньнем падзеяў адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. З боку сілаў зла пазнаецца цалкам канкрэтны пэрсанаж з аўтаматам наперавес. Як удалося адваяваць права на паказ?
фотa: svaboda.org«Магчыма, якраз гэтая праца аказалася ня самай страшнай, — сьмяецца Аляксей Марачкін. — Але тое, што яна выстаўлена, асабіста для мяне надзвычай важна. Усё ж мы сёньня ня толькі сьведкі, а і непасрэдныя ўдзельнікі пераломнага моманту нашай гісторыі».
Бальшыня выстаўленых карцін маюць сваю адметную гісторыю. А некаторыя атрымаліся нават інтэрактыўнымі.
фотa: svaboda.orgТак, праца «Сьцяна» — гэта прадбачаньне «акрэсьцінскага сьледу» ва ўласнай біяграфіі. Мастак адлюстраваў на палатне кавалак камэры, у якой праз 10 гадоў апынуўся сам. У 2008-м быў затрыманы перад Днём Волі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Падчас адной з выставаў прапанаваў гледачам пакінуць свае надпісы, як гэта робяць вязьні. І яна «ажыла» дзякуючы супольнай творчасьці.
фотa: svaboda.orgЗнакавая дата — леташняе пахаваньне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у Вільні. Паўтара стагодзьдзя парэшткі паўстанцаў чакалі гэтага часу. Аляксей Марачкін усьцешаны, што засьпеў гістарычную дзею — творча ўвечніў момант праходу жалобнай калёны пад Вострай Брамай.
«Працы 10-15-гадовай даўнасьці такія ж актуальныя і сёньня»
У сьвятле падзеяў вакол мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады з прыдуманых прычынаў ня хочуць пускаць на радзіму, набыло новае прачытаньне запавету Яна Паўла ІІ — «Не згубіце Беларусь». Сёньня Ватыкан вымушаны патрабаваць ад беларускіх уладаў выконваць ня толькі правы ўласных грамадзянаў, а і нагадаць пра важнасьць духоўнага складніка кожнага чалавека.
фотa: svaboda.org фотa: svaboda.orgАляксей Марачкін яшчэ за савецкім часам пачаў вяртаць амаль страчаную спадчыну Язэпа Драздовіча, праявіўшы сябе здольным рэстаўратарам. Экспануецца адноўлены ім адзін з дываноў майстра, выпадкова знойдзены ў сялянскай хаце на Віцебшчыне. У аналягічнай манэры росьпісу прадстаўленыя два творы ўжо пэндзьля самога Марачкіна.
Упершыню паказваюцца карціны, створаныя сёлета на пленэры ў Чарнагорыі, дзе падчас пандэміі Марачкіну давялося затрымацца амаль на 4 месяцы пры закрытых межах.
Сярод графічных работ вартыя ўвагі ілюстрацыі да паэмы Ўладзімера Някляева «Вавукі», над якімі Аляксей Марачкін працаваў апошнім часам. Сэрыя з 12 аркушаў — гэта развагі мастака і паэта пра каханьне і жыцьцё.
Многія працы хоць і напісаныя 10 ці 15 гадоў таму, актуальныя па сёньня. Рэжым усё тымі ж «пасінелымі пальцамі» чапляецца за ўладу, народ гэтак жа прагне свабоды. Мастак верыць, што гэтым разам доўгачаканыя перамены нарэшце стануць рэальнасьцю.