Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Іларыёнаў: Лукашэнка аслабляе сваё становішча, Крэмль толькі рады гэтаму

10.04.2011 политика

Вядомы расейскі эканаміст, былы дарадца Ўладзімера Пуціна Андрэй Іларыёнаў заяўляе, што Масква, відавочна, запатрабуе пэўных умоваў для атрыманьня Менскам крэдыту.

"Расея пагражае эканамічнаму і палітычнаму сувэрэнітэту Беларусі", -- лічыць Іларыёнаў.

8-10 красавіка Андрэй Іларыёнаў выступіў у Менску на першым форуме лібэральнай моладзі краін Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства". Пасьля ўдзелу ў форуме спадар Іларыёнаў даў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

Цыганкоў: Як вы ацэньваеце цяперашні фінансавы крызіс у Беларусі? Ці гэта, як запэўніваюць нас улады, невялікі эпізод, і ўсё ўладкуецца празь некалькі месяцаў, альбо гэта сьведчаньне больш глыбокіх нэгатыўных зьяваў у беларускай эканоміцы?

Іларыёнаў: І тое і іншае. Тут ёсьць элемэнты і агульнага сыстэмнага крызісу, зьвязанага зь нерэфармаванасьцю беларускай эканомікі, з напаўплянавым, напаўдзяржаўным кіраваньнем. І тут ёсьць элемэнт, які зараз выйшаў на першы плян – гэта валютны крызіс. Гэта завышанасьць курсу нацыянальнай валюты ў дачыненьні да валютаў асноўных гандлёвых партнэраў, немагчымасьць забясьпечваць устойлівасьць нацыянальнай валюты пры цяперашніх аб'ёмах валютных рэзэрваў і стане гандлёвага балянсу. Гэта клясыка, пытаньне да студэнтаў першага курсу эканамічных факультэтаў.

Цыганкоў: І ваш рэцэпт?

Іларыёнаў: Дэвальвацыя.

Цыганкоў: Ня гледзячы на ўсе яе нэгатыўныя наступствы?

Іларыёнаў: Там няма ніякіх нэгатыўных наступстваў. З эканамічнага пункту гледжаньня гэта цалкам відавочнае, натуральнае і неабходнае рашэньне. Любая разумная ўлада павінна прыняць яго. Калі ў беларускай улады няма такога жаданьня альбо разуменьня, то гэта проста азначае павялічыць колькасьць праблем на сваю галаву. Калі беларускія ўлады хочуць павялічэньня праблемаў на сваю галаву і на галаву ўсіх беларусаў, то няхай працягваюць гэта.

Цыганкоў: Апошнія гады ўлады ўтрымлівалі курс дзякуючы замежным крэдытам. Цяперашнюю сытуацыю Менск мяркуе паправіць з дапамогай расейскага крэдыту. Па-вашаму, ці абумовіць Масква выдачу гэтага крэдыту нейкімі сур'ёзнымі патрабаваньнямі?

Іларыёнаў: Я ня ведаю, якое рашэньне прыме расейскае кіраўніцтва, але я б на іхным месцы папярэдзіў выдзяленьне крэдыту нейкімі ўмовамі. Яны могуць быць самымі разнастайнымі -- ад эканамічных актываў на тэрыторыі Беларусі (трубаправоды, прадпрыемствы) да нейкіх палітычных абавязацельстваў. Гэта цалкам натуральна, і немагчыма абвінавачваць расейскі бок у нейкім няшчырым падыходзе.

Цыганкоў: Вы якраз кажаце пра тое, чаго асьцерагаюцца многія беларусы – што Расея зараз пагражае эканамічнаму сувэрэнітэту Беларусі. Па-вашаму, ці ёсьць такая мэта ў Крамля?

Іларыёнаў: Ды ня толькі эканамічнаму, але і палітычнаму. А чаму б і не? Калі партнэр (альбо кліент) аказваецца настолькі неразумным, што даводзіць стан свайго дому да развалу, а потым зьвяртаецца да суседа па дапамогу, то тады, натуральна – "мы гатовыя даць гэтую дапамогу, але нам за гэта трэба нешта атрымаць". Гэта стандартная схема, якую можна ўбачыць з боку любой дзяржавы ці арганізацыі. Уявіць сабе, што крэдыты даюцца без умоваў нельга. І гэта не на Ўсходзе прыдумалі, гэта на Захадзе прыдумалі. Але на Ўсходзе гэтым навучыліся карыстацца

Цыганкоў: Сыходзячы з гэтай схемы адносінаў, ніякага "сяброўства" і "саюзнай дзяржавы" не існуе?

Іларыёнаў: Якое сяброўства? Сяброўства можа быць паміж двума людзьмі. Але якое сяброўства можа быць паміж дзяржавамі?

Карыстаючыся вашым пытаньнем, я б сказаў пра стаўленьне цяперашніх расейскіх уладаў да беларускіх. Мяркую, ні для каго няма тут вялікай таямніцы, што Лукашэнка – не "мяккі арэшак". Але зь ім даводзіцца мець справу.

Пры іншых роўных умовах расейскае кіраўніцтва хацела б мець на ягоным месцы кагосьці іншага. Але я ўспамінаю цытаты самога Лукашэнкі, які неяк паабяцаў пайсьці ў зямлянкі і адтуль адстрэльвацца. І ў нейкай ступені яму гэтага ўдалося, ён дастаткова трывала акапаўся ў гэтай зямлянцы, і адтуль “адстрэльваецца” і ад Расеі і ад Захаду, і ад уласных грамадзянаў.

Людзі ў Крамлі зьяўляюцца прагматыкамі і разумеюць, што калі пакуль немагчыма выкурыць яго з гэтай зямлянкі, то даводзіцца мець зь ім справу. І гэта лягчэй рабіць, калі маеш нейкія пераканаўчыя аргумэнты. І калі Лукашэнка сам сабе стварае пэўную сытуацыю разгромам грамадзянскай супольнасьці, чым адсякае сабе магчымыя кантакты з Захадам, то ён ускладняе сваё становішча, бо пакідае адзіны канал замежных кантактаў – гэта Расею. І расейскае кіраўніцтва ня мае нічога супраць, яно кажа – "працягвайце, мы вам ня будзем замінаць аслабляць ваша становішча". Калі Менск пагаршае сваё эканамічнае становішча, адмаўляючыся ад дэвальвацыі беларускага рубля, выклікаючы эканамічны і валютны крызіс у краіне, то Расея толькі скажа – "аслабляйся, і слава Богу. Мы выкарыстаем гэта для сваіх мэтаў". І правільна зробіць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]