Вуліцы краіны напоўнілася новай маладой энергіяй пераменаў.
У Менску адкрыўся Мексіканскі культурны фестываль. Мерапрыемства праходзіць у бібліятэцы імя Пушкіна ў мінімальным фармаце з-за каронавірусу, перадае «Радыё Рацыя».
Аднак арганізатараў усцешыў настрой горада ў гэтыя дні.
Вось што кажа магістр гістарычных навук Універсітэту штата Веракруз Карлас Круз: «Я наведваю Беларусь цягам апошніх чатырох год, на пару месяцаў, у першую чаргу з-за фестывалю. Але гэты час для мяне вельмі асаблівы, бо гэта іншая, адрозная ад маёй краіна. Гэтым разам у Менску я ўпершыню пабачыў зусім іншых людзей, у горадзе змянілася ідэнтычнасць. Асабліва гэта заўважна пасля Латвіі, якую я наведаў перад гэтым. Людзі ў Беларусі жадаюць пераменаў, і гэта сенсацыя, наколькі вуліцы краіны напоўнілася новай маладой энергіяй пераменаў».
Фестываль мексіканскай культуры ўключае ў сябе кінапаказы, выставы і лекцыі па мастацтве і гісторыі Мексікі. Мерапрыемствы працягнуцца да 4-га кастрычніка.