Заявы пра магчымае пасярэдніцтва Пуціна ва ўрэгуляванні «палітычнага крызіса» ў Беларусі як мінімум абураюць.
Рух салідарнасці «Разам» апублікаваў заяву, у якой выказвае абурэнне прапановай магчымага пасярэдніцтва Пуціна ва ўрэгуляванні «палітычнага крызіса» ў Беларусі, перадае «Радыё Рацыя».
Сайт Charter97 публікуе тэкст заявы цалкам:
«Агрэсар не можа быць пасярэднікам!
Рух салідарнасці «Разам» з абурэннем успрымае прапанову аб магчымым пасярэдніцтве У. Пуціна ва ўрэгуляванні «палітычнага крызіса» ў Беларусі.
Рух салідарнасці «Разам» лічыць, што па заканчэнні выбарчага фарсу пачалася жорсткая барацьба паміж беларускім народам і прарасейскім незаконным і нелегітымным рэжымам улады А. Лукашэнкі.
Каб не сістэмная падтрымка Крамля і асабістае ўмяшальніцтва У. Пуціна, то А. Лукашэнка ўжо б даўно сыйшоў.
Рабіць зацікаўлены бок пасярэднікам – гэта больш, чым памылка. Гэта – чарговая спроба захаваць у Беларусі беззаконне, бяспраўе і прамаскоўскую карную сістэму ўлады.
Заклікаем беларускі народ працягваць акцыі грамадскага непадпарадкавання. Заклікаем да разумення, што Расея – краіна-агрэсар, якая можа прынесці беларусам толькі вайну і галечу.
Не толькі не забывацца на запавет Кастуся Каліноўскага: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».
Але і зразумець, што зараз прыйшоў час для здзяйснення запавета Нацыянальнага героя.
Беларусь – перадусім! Саюз з Расеяй – вайна і галеча! Жыве Беларусь!»