Інтэрвію з аўтарам новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».
Аўтар новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт гаворыць пра галоўную памылку ранейшых захадаў, тлумачыць, як беларускі «Акт» 2004 году стаў правобразам глябальнага «Акту Магніцкага», адказвае «Радыё Свабода», чаму ў разгар выбарчай кампаніі ў ЗША амэрыканскія палітыкі думаюць пра Беларусь.
— Кангрэсмэн Сьміт, вы — адзін з хросных бацькоў першапачатковага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» і адзін з найбольш чутных галасоў у справе гэтага закону. Цяпер вы зноў выступаеце як адзін са спонсараў падобнага заканадаўчага акту. Гэта дэжа-вю ці нешта іншае?
— Гэта працяг змаганьня. Калі я складаў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» ў 2004 годзе і выступаў як адзін зь першапачатковых спонсараў, большасьць людзей тады насамрэч упершыню зьвярнула ўвагу на Беларусь. Потым я яшчэ рабіў гэта два разы, і за кожным разам трэба было моцна змагацца, таму што вакол гэтага было шмат дэзынфармацыі. Маю найбольшую занепакоенасьць заўсёды выклікала тое, што ўсе выказвалі заклапочанасьць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, а потым міжнародная супольнасьць ішла спаць.
Гэтым разам так не павінна здарыцца. Таму пры падтрымцы кангрэсмэнаў з абедзьвюх партый я прапанаваў абноўлены заканадаўчы акт. Гэтым разам справа датычыць устойлівых палітычных высілкаў, каб ня толькі вызваліць палітвязьняў, але таксама прысьпешыць рэформы, дамагчыся свабодных выбараў і дапамагчы беларускай апазыцыі, каб беларускі народ мог выбраць такога кіраўніка, якога хоча.
— Новы законапраект, вынесены на галасаваньне Палаты прадстаўнікоў, мае пашыраную ў параўнаньні з папярэдняй назву: «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі». Шмат чыю ўвагу прыцягнулі словы пра падтрымку беларускай мовы, нацыянальнай культуры, гістарычных сымбаляў — якая мэта гэтых новых дапаўненьняў у законапраекце, прысьвечаным пабудове дэмакратыі?
— Мы хочам зрабіць так, каб Беларусь заставалася Беларусьсю. Каб яна не была інкарпараваная ў Расею ці падпарадкаваная ёй. Фармулёўкі ў законапраекце, як вы правільна заўважылі, адназначна сьведчаць, што наша палітыка — ніякага прызнаньня інкарпарацыі Беларусі ў саюзную дзяржаву з Расеяй. Масква прыйшла на дапамогу рэжыму Лукашэнкі, цалкам пераняўшы яго «public relations» — камунікацыі з вонкавым сьветам. Яны ўжо жахлівыя, але Масква яшчэ глыбей занурылася ў беларускія справы. Мы бачым, што гэта можа хутка перарасьці ў сытуацыю, калі сувэрэнітэт можа быць страчаны. Мы спадзяёмся, што Беларусь застанецца Беларусьсю, але стане дэмакратычнай Беларусьсю.
Што да правоў чалавека — самыя лепшыя, самыя сьмелыя, самыя сьветлыя людзі Беларусі за кратамі, зьбітыя, катаваныя. ААН называе лічбу 10 000 — насамрэч, праўдападобна, больш — мірных пратэстоўцаў, якія былі затрыманыя. Наш адказ павінен быць сувымерны гэтай жахлівай эскаляцыі з боку Лукашэнкі.
Я ведаю беларускую дыяспару тут у Штатах, ведаю шмат людзей у Беларусі. Гадамі я ня мог атрымаць візу ў Менск, у Беларусь. Калі я атрымаў, я сустракаўся з Лукашэнкам у складзе дэлегацыі Кангрэсу, і ён назваў мяне «ворагам народу нумар 1» — праз «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Я яму адказаў, што мы просім, каб былі ўшанаваныя агульнапрызнаныя правы чалавека ў вашай краіне. А яны не шануюцца. Гэта прычына, чаму ў цяперашняй вэрсіі акту частка, прысьвечаная правам чалавека, сфармуляваная больш падкрэсьлена.
Уся гэтая ідэя зь візавымі і эканамічнымі санкцыямі ў дачыненьні да фізычных асобаў, якую я ўклаў у акт 2004 году, праўду кажучы, стала потым шаблёнам для «акту Магніцкага» і «глябальнага акту Магніцкага». Замест санкцый супраць усёй краіны лепш увесьці санкцыі супраць канкрэтных людзей, адказных за зло, як Лукашэнка і яго атачэньне.
— Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэо і эўрапейскія лідэры спрабавалі гаварыць з Уладзімірам Пуцінам пра Беларусь ды ангажаваць АБСЭ ў магчымы перамоўны працэс. Які з гэтых шляхоў абяцае быць больш пасьпяховым, на вашу думку?
— Я лічу, што павінны актыўна выкарыстоўвацца ўсе дыпляматычныя сродкі. Я многія гады зьяўляюся старшынём дэлегацыі ЗША пры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. АБСЭ можа адыграць тут сваю ролю, але, на жаль, дыктатары, у тым ліку Лукашэнка, не зьвяртаюць на гэтую арганізацыю асаблівай увагі. ААН таксама павінна адыграць больш актыўную ролю, і я ведаю, што Сьвятлана Ціханоўская робіць намаганьні, каб ангажаваць гэтую арганізацыю мацней. І ААН павінна ангажавацца, нягледзячы на тое, што Расея мае права вэта ў Радзе бясьпекі ААН. У тым ліку павінна ангажавацца Рада ААН па правах чалавека, не абмяжоўваючыся выключна заявамі.
Я вельмі добра ведаю Пампэо і ведаю, што ён і яго атачэньне, як і сам прэзыдэнт, заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі. Ключ да посьпеху тут — у настойлівасьці. Мы павінны даць знаць і тым выдатным людзям у Каардынацыйнай радзе, і шараговым актывістам (у Беларусі. — РС), што мы клапоцімся і не зьбіраемся пакідаць іх. Я спадзяюся, што я сам даказаў гэта ў 2004, 2006 і 2011 гадах, абнаўляючы «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», і даказваю гэта цяпер.
Мы ўсе мелі пэўную надзею, хоць і вельмі кволую, што выбары ў жніўні могуць быць свабоднымі і справядлівымі. Але яны аказаліся такімі яскрава несправядлівымі. Людзі ў Беларусі заслугоўваюць лепшага, чым цяперашняя сытуацыя. І гэта шкодзіць эканоміцы. Хто захоча інвэставаць у Беларусь пад дыктатурай і пад санкцыямі, у краіну, дзе зьбіваюць людзей?
Праз гэты абноўлены акт мы таксама хочам заахвоціць людзей, каб яны не баяліся называць імёны супрацоўнікаў міліцыі і турэмшчыкаў, каб пашырыць сьпіс тых, супраць каго трэба ўвесьці санкцыі. Мы ня толькі назавем іх, мы таксама прыцягнем іх да адказнасьці. Надыдзе час, калі людзі, вінаватыя ў гвалце і грубых парушэньнях правоў чалавека, будуць адказваць перад міжнародным судом ці трыбуналам. Доўгія гады я меў дачыненьне да такіх судоў, уключна зь міжнародным судом для былой Югаславіі. Я спрабаваў арганізаваць такі суд і для Сырыі, але мне не ўдалося. Мілошавіч ці Младзіч ніколі ня думалі, што іх арыштуюць і паставяць перад судом.
— Сёньня якраз журналісты ўсіх замежных СМІ ў Беларусі страцілі акрэдытацыю. Ніколі раней у гісторыі Радыё Свабода мы ня мелі большай аўдыторыі, чым цяпер, і ніколі раней нашы журналісты не цярпелі горшага перасьледу, чым цяпер. Калі мы з вамі гаворым, адзін з нашых журналістаў ужо 125 дзён знаходзіцца ў турме. Ці маглі б вы сказаць, якім чынам гэты законапраект можа ўзмацніць высілкі ЗША ў падтрымцы свабоднага вяшчаньня? Гэта неяк зьвязана зь бюджэтным працэсам?
— Так. Вяшчаньне Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, а таксама «Голасу Амэрыкі» — адзін з прыярытэтаў у абноўленым заканадаўчым акце. Мы маем плян, шырэйшую стратэгію, якая, спадзяюся, з часам можа ажыцьцявіцца.
Я хачу зьвярнуць увагу яшчэ на адну рэч у гэтым законапраекце. Мы хочам, каб было праведзена дакладнае расьсьледаваньне адносна багацьця Лукашэнкі. Як ён яго набыў і куды ён яго паклаў.