На рэпэтыцыю запрашалі па сьпісах і ў сакрэтнае месца.
Мяцежны Куралаўскі тэатар падпольна паказаў самы чаканы спэктакль 2020 году — купалаўскіх «Тутэйшых», перадае «Радыё Свабода».
На «адкрытую рэпэтыцыю» 6 кастрычніка запрашалі па сьпісах і ў сакрэтнае месца.
П’еса Янкі Купалы апублікаваная 98 гадоў таму, культавай пастаноўцы Мікалая Пінігіна сёлета 30 год, новым спэктаклем Купалаўскі тэатар адзначае свой 100-ы сэзон. А галоўны герой п’есы Мікіта Зносак, які спрабуе ўладкавацца ў агоніі беларускай гісторыі, усё яшчэ выглядае як твой сусед па пад’езьдзе.
Перад пачаткам мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін тлумачыць, што тут ня будзе ані заплянаваных дэкарацый, ані касьцюмаў. «Батлейка», якая стала хрэстаматыйным рашэньнем купалаўскай п’есы ў папярэдняй пастаноўцы Пінігіна, у 2020-м замененая на здымачную пляцоўку. Акторы амаль заўжды ў чорным, настрой і акцэнты задаюць рэдкія ўкрапіны белага і чырвонага колераў.
Маладога Зносака грае Павал Харланчук. У дзень адкрытай рэпэтыцыі актору якраз прысудзілі штраф у 15 базавых за ўдзел у пратэсьце 11 жніўня. Зносак — гэта амаль беларускі Гамлет. Паглядзець на Харланчука ў «Тутэйшых» дакладна будуць зьбірацца чэргі, бо сваёй ігрой трапляе ў абрысы ўсіх пакаленьняў беларусаў ад 1918 году.
У антракце кажуць, што зрабіць новую вэрсію славутай пастаноўкі рэжысэра Мікалая Пінігіна намовіў тагачасны дырэктар тэатру Павал Латушка. Сёньня Латушка за мяжой, будынак тэатру злавесна пустуе, мы дагэтуль ня ведаем, як загінуў Купала, а капельдзінэрка Натальля Жарнак, якая звольнілася разам з усёй трупай, выцірае пасьля пасьля рэпэтыцыі сьлёзы. У гэтай сакрэтнай залі яна праводзіць да месца кожнага гледача, сьцьвярджаючы сабой, што тэатар — гэта не будынак, а людзі.
Як і Купала, Пінігін жорсткі да ўсіх сваіх герояў — і да прагрэсіўнага беларуса Янкі Здольніка (Міхась Зуй), і да «ватніка» Мікіты Зносака, і да сябе, і да актораў — так, у фінале з голай лямпачкі на экране сьцякаюць кроплі крыві, а выяву будынку Купалаўскага перакрэсьліваюць чырвоным крыжом. «Які ў нас будзе фінал?» — пытаецца са сцэны актор Павал Астравух. Гледачы ў адказ паказваюць знак «вікторыя».
А купалаўцы на сцэне становяцца ў счэпку.