Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Гэта наш сімвал»: як беларус ратаваў сцяг, выкінуты на падлогу аўтазака

07.10.2020 политика
«Гэта наш сімвал»: як беларус ратаваў сцяг, выкінуты на падлогу аўтазака

Баявая гісторыя жыхара сталіцы.

Мінчук Сяргей Шаўчук жартуе, што здабыў бел-чырвона-белы сцяг у баі.

Калі на падлозе аўтазака ён убачыў выкінуты нацыянальны сімвал, то вырашыў яго ратаваць. Сваёй гісторыяй мужчына падзяліўся з «Нашай Нівай».

23 верасня пасля навін пра таемную інаўгурацыю Сяргей падумаў, што ў любым разе пойдзе ў горад: гэта ж проста зашквар! А пятай вечара прыехаў на Нямігу. Пачакаў, пакуль збяруцца людзі, і рушыў разам з калонай да Стэлы. Каля Стэлы ён і трапіў у рукі сілавікоў.

«Выскачылі касманаўты са шчытамі, сталі адцясняць у бок метро людзей. Моладзь пачала ўцякаць. Побач былі бабулі, і я вырашыў, што не пабягу. Касманаўты забралі мяне і закінулі ў спецмашыну», — расказвае мужчына.

Пасля яго змясцілі ў аўтазак. Там было цёмна, і Сяргей не адразу ўбачыў, што сядзіць не адзін.

«Яшчэ хлопец быў — настолькі напужаны, ціха сябе паводзіў. Я адчуваю, што пада мной тканіна — сцяг. «Гэта мой, я выкінуў», — адказаў той хлопец. Ён баяўся, што атрымае больш сутак ці яго будуць біць. Я абурыўся: «Ты што, так нельга, гэта наш сімвал». Хлопец дазволіў забраць сцяг мне, я склаў яго ў кішэню».

Затрыманых вазілі па горадзе дзве гадзіны, пакуль не даставілі ў Партызанскае РУУС. Там мужчын апытвалі супрацоўнікі ў балаклавах. Пасля апісалі маёмасць. «А сцяг?» — запытаў Сяргей, калі не знайшоў бел-чырвона-белы ў спісе. «Што, ён мае для вас каштоўнасць?» — здзівіліся ў міліцыі. Але ўнеслі сцяг у вопіс.

Мужчына думаў, яго ў той жа вечар і адпусцяць — у РУУС папярэдзілі, што яму прыйдзе смс, калі з’явіцца ў суд. Але ўсплыў пратакол за непадпарадкаванне міліцыі, складзены больш за год таму, і Сяргея разам са сцягам павезлі ў Акрэсціна.

У чацвер, 24 верасня, адбыўся суд. Справу адправілі на дапрацоўку: была памылка з часам і месцам затрымання. А на наступны дзень Сяргею прысудзілі 12 сутак — многім тады наогул давалі па 13-15.

Ноч мінчук правёў у ЦІПе, а пасля яго перавялі ў Жодзіна. Там сцяг прыцягнуў увагу маёра.

«Ён спытаў: «Ты што, таксама з працы ішоў?» Кажу: не, я на мітынгу быў. «О, ты адзіны, хто тут на мітынг хадзіў», — пасмяяліся ўсе.

«А чаго табе не хапае?» — пытаўся маёр. Я не стаў адказваць. Яны гэтае пытанне часта задаюць».

Сяргей расказвае пра суседзяў у камеры:

«У нас былі чатыры айцішнікі, два заснавальнікі бізнэсу, адзін музыка і адзін рабацяга. Вельмі цікавыя людзі!»

Тыя, каго пасадзілі раней, былі ў інфармацыйнай ізаляцыі. Таму Сяргей распавёў ім пра выздараўленне Навальнага і таемную інаўгурацыю, а сам даведаўся, што ў гэтай «хаце» раней адбываў трое сутак унук падпольшчыка Кедышкі.

Разам сядзеў мужчына, якога затрымалі з сынам, — яны запускалі дрон са сцягам. Бацьку далі 20 сутак, сыну — 15, і развялі па розных камерах. Але пакаранні чамусьці пераблыталі, і ў выніку бацька выйшаў на пяць дзён раней за сына.

З выпрабаванняў Сяргей успамінае «катаванне інаўгурацыяй». Пяць разоў запар па радыё ўключалі запіс цырымоніі, і ты ніяк не мог гэта спыніць.

Пасля вызвалення з ізалятара Сяргею так і не аддалі сцяг. Патлумачылі, што такія рэчы канфіскуюцца. Мужчына напісаў у дакументах, што яму не ўсё вярнулі, і так проста здавацца не збіраецца.

«Разумееце, у мяне ніколі не было бел-чырвона-белага сцяга. Толькі шалік ад Някляева. У 2010 годзе я ў яго штаб канцтавары прывозіў, і мне шалік падарылі. А гэты сцяг для мяне важны, здабыты ў баі, можна сказаць».

Атрымаць за бел-чырвона-белы большы тэрмін Сяргей не баяўся: людзі гадамі сядзяць, ён ужо неяк пратрымаецца пару тыдняў.

«Для чаго мы ходзім? Каб хаця б аднавіць прававое поле. Гэта другая задача — першая зразумелая ўсім, — тлумачыць мужчына сваю пазіцыю. — У мяне маленькія дзеці, я не хачу у КНДР жыць, мне гэта надакучыла. Мы павінны развівацца».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]