Яго па-зямляцку любіла і надзвычай патрабавальная да рыфмароў Ларыса Геніюш.
З Гародні прыйшла сумная вестка — не стала Юркі Голуба, дзівоснага, пазнавальнага па першым радку паэта, — піша літаратар Міхась Скобла ў сваім «Фэйсбуку».
— Вышыня была наканавана яму ад нараджэння — вёска Горна, прозвішча Голуб. Нябёсы прысутнічалі і ў назвах ягоных кніг: «Гром на зялёнае голле», «Дрэва навальніцы», «Сын небасхілу», «Поруч з дажджом»…
Яго па-зямляцку любіла і надзвычай патрабавальная да рыфмароў Ларыса Геніюш. У кнізе яе перапіскі «Каб ведалі» апублікаваны ліст-водгук на падборку дзевятнаццацігадовага Голуба (1966 год) у «Полымі»: «Дарагое зубраня! Вершы твае з сэрца твайго, а сэрца, як бачна, жыве і крынічыць з роднай зямлі. Вітаю і бласлаўляю на магутную сілу твой першы голас зубрыны! Жадаю патрасаць ім пушчы і сэрцы і пяяць Беларусі па праву неадроднага сына зямлі гэтай…»
Свае новыя кнігі Юрка Голуб заўсёды надпісваў мне вершам (умеў!). Але мне не трэба даставаць іх з паліцы. Яго шчодра апераныя метафарамі ўнебаўзлётныя радкі мне ў любы момант прыносіць галубіная пошта памяці: «І з наднямонскіх крэўных круч Здалёк чутно пад крыгаў пошапт, Як хрусне поўня, бы сургуч За шклом апостальскае пошты»…
Адпяванне пройдзе 14 кастрычніка (11.00) у Каложы, пахаваюць паэта па яго просьбе на роднай Зэльвеншчыне.