Як пенсіянерка ходзіць на пратэсты.
Людміла Іванаўна Раманенка, 77-гадовая мінская пенсіянерка, ў нядзелю выйшла ў горад, а скончыла дзень у бальніцы, піша «Наша ніва».
«У нядзелю 11 кастрычніка я была на Стэле. Я прыехала падыхаць паветрам і выказаць сваё меркаванне. Была адна, дзеці працавалі ў той дзень, — расказвае жанчына. — АМАП пачаў затрымліваць людзей. Да амапаўцаў жанчыны падышлі, крычалі ім, каб адпусцілі. Я таксама падышла.
Амапавец схапіў мяне за руку і шпурнуў мяне на зямлю. Па адчуваннях — ён так схапіў, што адразу ж і зламаў. Рука імгненна абвісла. Шпурнуў мяне як кацяня.
Я паднялася, думала спачатку, што вывіх. Але прыехала хуткая, мяне забралі ў бальніцу. Зрабілі здымак, дыягназ: пералом са змяшчэннем і аскепкамі».
Людміле Іванаўне наклалі гіпс, пазней будуць рабіць аперацыю, каб прыбраць аскепкі і сабраць костку.
«Загадчык аддзяленнем супакойвае: усё будзе добра. Рука баліць, штодня мне коляць абязбольваючыя, — кажа Людміла Іванаўна. —
Дакладную дату аперацыі пакуль не прызначылі.
Як так можна з людзьмі абыходзіцца? Што робяць сілавікі? Тое, што адбываецца — вельмі жудасна, такога не мусіць быць.
І я не веру, што кагосьці пакараюць за маю зламаную руку. Знаёмыя прапаноўваюць дапамогу, маўляў, каб я напісала заяву, але я бачу сітуацыю ў краіне. І ці пісаць — пакуль не ведаю».
Таксама пенсіянерка цяпер чакае міліцыю, праўда, з якой нагоды яна прыйдзе — не ведае і сама.
«Калі мяне прывезлі ў бальніцу, я сказала дактарам, што мяне схапіў амапавец. Доктар адказаў: гэта крымінальная справа, да вас прыйдзе міліцыя. Але ці гэта было пра акцыю, ці пра маю руку — я не зразумела», — прызнаецца Людміла Іванаўна.
Пакуль што яна сядзіць дома — баіцца пашкодзіць зламаную руку яшчэ больш. Інакш, кажа, была б на акцыях.
«На мінулым маршы пенсіянераў я была. У гэты б таксама пайшла, каб была рука цэлая.
Я захапляюся дзяўчынамі, якія выходзяць з белымі кветкамі. Я хадзіла з імі. У мяне пазіцыя простая, я — супраць гвалту і забойстваў.
Калі пакараюць — ну, што ж зробіш. Хай даюць свае штрафы. Я нарадзілася ў вайну, таму магу нават пагаладаць, калі прыйдзецца сплачваць нейкія вялікія штрафы. Пасяджу на хлебе і вадзе, хай толькі жыве Беларусь.
Бо тое, што робяць сілавікі… Я сама бачыла, як б’юць хлопцаў, як хапаюць дзяўчат. Народ гэтага ім не забудзе. Усе людзі супраць таго, што адбываецца, бо адбываецца знішчэнне народа», — кажа пенсіянерка.