Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«За беларускую мову амапаўцы зламалі два рабры»

15.10.2020 политика
«За беларускую мову амапаўцы зламалі два рабры»

Сведчанні для будучага трыбуналу над лукашыстамі.

Жыхар Менску Сяргей Чаравака распавёў «Радыё Свабода» сваю гісторыю пра катаваньні:

«Я выйшаў з ізалятара ў Жодзіне, дзе заканчваў адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці», які стаў ва Ўруччы 2 кастрычніка.

Першыя 5 дзён арышту адбыў на Акрэсьціна, прычым сядзеў як у ізалятары часовага ўтрыманьня, гэтак і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А потым яшчэ 5 дзён — у ізалятары Жодзінскай турмы.

Магу параўнаць. Але агульнае ўражаньне — паўсюль стала горш, чым раней. Турэмнікі яўна атрымалі загад давесьці ўмовы адседжваньня да катаваньняў, каб людзі панічна баяліся зноў трапіць за краты.

Амапаўцы пры перавозцы затрыманых у аддзелы міліцыі і супрацоўнікі ізалятараў зноў пачалі жорстка біць пратэстоўцаў, і гэта таксама ня проста свавольства, а мэтанакіраваная тактыка.

Яшчэ ў ізалятары на Акрэсьціна я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амапаўцы зламалі два рабры. Потым зь Дзьмітрыем я апынуўся на адным этапе ў Жодзіна.

Яго зь сябрам схапілі каля маршу, калі яны выходзілі з крамы, на ім быў наш сьцяг. А тут АМАП. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. За мову іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.

Не разумею, як маглі лекары з 3-га шпіталя, куды яго завезьлі з раённага аддзелу, пагадзіцца, каб яго зноў адправілі на Акрэсьціна! Там мэдычнай дапамогі не было зусім, і ў Жодзіне тое самае.

Але Дзіма трымаўся. Ён цікавы яшчэ тым, што ўжо другі раз за час пратэстаў трапіў на «суткі» і не баіцца зноў выходзіць.

Ва ўсіх трох ізалятарах, у якіх я пабываў, шмат тых, каго затрымлівалі паўторна. Таму яны і злуюцца, і ня толькі б’юць, але і ўмовы ўтрыманьня ператварылі ў катаваньне.

Сукамэрнікі расказвалі пра хлопца, які раней служыў у частцы ўнутраных войскаў 3214. Амапаўцы, калі даведаліся, дзе ён служыў, пабілі яго яшчэ больш жорстка, бо палічылі здраднікам. Расказвалі таксама пра майго земляка Валодзю з Салігорску. Яго гэтак пабілі, што як прывезьлі, ня мог надзець чаравікі. А за гэта яго зноў білі. Ён ня мог зразумець, дзе знаходзіцца, пачаў трызьніць, і яго некуды павезьлі. Можа нават у Навінкі — ніхто ня ведае.

За кратамі я сядзеў з 2 па 12 кастрычніка. Абыходжаньне зь вязьнямі на вачах пагоршылася яшчэ на Акрэсьціна, але асабліва пагоршылася ў Жодзіне.

Як па мне, дык катаваньне сьвятлом, можа, найважнейшае. У камэры заўсёды, і ўначы, гарыць электрычнае сьвятло, таму немагчыма нармальна выспацца. Асабліва дастаецца тым, хто ляжыць на верхніх ярусах. На Акрэсьціна казалі, што ў іх зламаліся нейкія рэле, а ў Жодзіне нічога і не тлумачылі. Да таго ж сярод ночы маглі падняць камандай альбо ўключалі нейкую прыладу, якая выдае пэрыядычныя глухія сыгналы. Ужо два дні як выйшаў на волю, але нармальны сон дагэтуль не аднавіўся. Плюс баляць вочы.

За пяць дзён была толькі адна прагулянка на 15 хвілін, ніводнага разу не звадзілі ў душ, і яшчэ ўдзень забаранілі сядзець ці ляжаць на ложках.

Гэтак у Жодзіне пачалося нядаўна. Вывесілі новыя правілы, паводле якіх удзень прылегчы на ложак цяпер нельга, нават сесьці нельга. Ёсьць невялікая лаўка каля стала, але на ёй доўга ня ўседзіш, такая вузкая. Камэра 6 на 2 мэтры, і ўявіце, што ў такой камэры пасьля 9 жніўня на працягу тыдня было 30 чалавек! Дык яны не сядзелі, а ўвесь час стаялі. Да нас пасьля Маршу годнасьці ў камэру раніцай панядзелка прывялі арыштантаў. І што? Людзі стомленыя допытамі і аглядамі, іх ноччу вазілі па этапе зь Менску ў Жодзіна, а ў камэры нават прылегчы нельга!

Туалетную паперу нібыта выдаюць, але не адразу рулён, а кожны раз трэба прасіць, як узьнікае патрэба. І таму ад ахоўніка можна пачуць ультыматум, што вось ня дасьць паперы, дык будзеш рукой карыстацца. І такое сапраўды бывала. Увогуле на кожным кроку да нас ставяцца як да злачынцаў. Ахоўнік уваходзіць у камэру — трэба ўсім падняцца і стаць да сьцяны тварам, рукі за сьпінай. Хіба гэта не прыніжэньне?

Мне 36 гадоў, родам з Салігорскага раёну, але доўгі час жыву ў Менску. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, ведаю францускую, ангельскую, італьянскую мовы, дадаткова навучаўся эканоміцы. Працаваў менэджарам у аўтафірме, улетку ледзь не ўладкаваўся ў ІТ-кампанію, але з прычыны апошніх падзеяў страціў гэтую пэрспэктыву і цяпер зноў шукаю працу.

Зьяжджаць нікуды не хачу. Мне Беларусь вельмі падабаецца. Тут у мяне сыны падрастаюць, сваякі, сябры. Калі ўдасца прыбраць гэтых хлопцаў ад улады, а я ў гэта веру, краіну адбудуем вельмі хутка — дзеля гэтага ўсё ёсьць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]