Апошнія канвульсіі дыктатуру не ўратуюць.
Перад іншымі перыядамі чалавечага ўзросту ў старасці пераваг амаль няма. Яна прыносіць упадак сіл, хваробы, боль, пакуты, страту родных і блізкіх людзей. Але адзін пазітыў маецца. Гэта жыццёвы вопыт, магчымасць згадваць, параўноўваць, бачыць вытокі сучасных праблем і рабіць высновы.
Мае назіранні за станам беларускага грамадства, і ўвогуле чалавецтва, пацвердзілі старую ісціну: у амаральнасці, якая выяўляецца ў зямным быцці, ёсць маці – цынічная хлусня. Адкуль і як яна з’яўляецца? Узнікае хлусня тады, калі няпаўнавартаснаму, але амбітнаму і агрэсіўнаму індывіду або мафіёзнай, мілітарызаванай арганізацыі трэба прыкрыць сквапныя інтарэсы, злачынствы і нават забойствы.
Усю гісторыю суверэннай Рэспублікі Беларусь суправаджае масіраваная, бесперапынная хлусня дзяржаўных службоўцаў, ідэолагаў, прапагандыстаў, СМІ. Моладзь гэтага не ведае, а перада мной разгортваецца маштабная панарама татальнага падману і заблытвання насельніцтва, пачынаючы з даўно забытых "стрэлаў пад Лёзна". Затым было шмат гучных і ў той жа час цёмных, засакрэчаных спраў. "Эскадронамі смерці" калечыліся іншадумцы, крытыкі паўзучага аўтарытарызму, кідаліся за краты грамадскія актывісты, бясследна знікалі палітыкі, журналісты, прадпрымальнікі, прымаліся зручныя для ўлады антыгуманныя законы, крэмзалася, перараблялася Канстытуцыя.
Краіна пры маўклівым згодніцтве запалоханых абывацеляў рухалася да статусу "бананавай рэспублікі", пра што я пісаў яшчэ ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Цяпер яна займела ўсе характарыстыкі цемрашальскага рэжыму. А. Лукашэнка нічога новага не вынайшаў, ён проста з рознай інтэнсіўнасцю ўчыняе гвалт супраць людзей, якія змагаюцца за праўду і свабоду.
Пачатак ХХІ стагоддзя паказаў, што дэмакратычная Еўропа не можа спыніць разгул нахабства постсавецкіх аўтакратаў і дыктатараў. Яна не ведае іх сутнасці, спадзяецца на партнёрскую прыстойнасць і шчырасць. Але ўзурпатары ў знешніх стасунках ніколі не гавораць праўды, карыстаюцца хлуснёй і падтасоўкамі. Тое ж самае яны абрынаюць і на народы, якімі кіруюць.
Мне згадваюцца словы мілай майму сэрцу жанчыны, якая на запрашэнне БТ выступіць цвёрда адказала: "Пакуль кіраўніцтва Беларускага тэлебачання не папросіць прабачэння ў грамадзян краіны і ў мяне асабіста за хлуслівы, подлы опус "Железом по стеклу" пасля падзей 2010 года, я з вамі не буду мець справы!"
Такіх прынцыповых, мужных людзей у нас стала намнога болей, што радуе. Але маё меркаванне наконт змагання з хлуснёй яшчэ больш катэгарычнае. За любое хлуслівае публічнае выказванне, якое цягне за сабою маральныя і матэрыяльныя страты, абавязкова павінна быць пакаранне. Хопіць мянташыць языкамі як кіраўнікам краін, так і звычайным хлусам!
Адна хлусня абавязкова цягне за сабою акіян падману. Фальсіфікацыі Л. Ярмошынай і яе падручных на прэзідэнцкіх выбарах сталі прычынай новых парушэнняў закону, злачынстваў, жахлівых псіхалагічных, маральных і крывавых фізічных наступстваў. 15 тысяч чалавек прайшлі праз следчыя ізалятары толькі за тое, што ўдзельнічалі ў мірных пратэстах.
Плынь афіцыйнай подласці не спыняецца. Фальсіфікатары зноў спадзяюцца на абыякавасць народа і на бяззубасць у стаўленні да іх Еўропы. Хлусня, сфабрыкаваная з надзеяй, што ўсё, як раней, будзе шыта-крыта, паўтараецца. Вось пасланне ў Еўразвяз, напісанае Н. Качанавай і У. Андрэйчанкам пасля забойстваў, збіцця і катаванняў людзей: "Абсолютное большинство граждан поддержало действующий курс на строительство сильного независимого государства, ключевым приорететом которого является человек, его благосостояние и безопасность". Гэта класічны ўзор цынізму ўзгадаваных рэжымам бюракратаў!
На таемнай інаўгурацыі ўзурпатара "одиозная госпожа Ермошина" (характарыстыка еўрадэпутатаў – С. З.) ацаніла сваю "працу" такім чынам: "…Центральная избирательная комиссия Республики Беларусь объявляет, что волей народа Президентом Республики Беларусь избран Александр Григорьевич Лукашенко. Избиратели Беларуси приняли это ответственное решение, поддержав избрание Александра Григорьевича Лукашенко в условиях свободных и демократических выборов". Пасля кашчуннага нахабства ўзурпатара і яго прыслужніцы сацыяльныя сеткі выбухнулі нянавісцю. Самы мяккі выраз быў: "Як ім языкі не адсохлі!"
Нелегітымнасць А. Лукашэнкі пацверджана зафіксіраванымі на папяровых, відэа— і аўдыядакументах сотнямі парушэнняў: інструктажы перад падлікам галасоў, дзе вучылі, як выводзіць патрэбныя лічбы, шантаж супрацоўнікамі адміністрацый паднявольных членаў выбарчых участковых камісій, каб яны падпісвалі "ліпу", копіі вывешаных праўдзівых пратаколаў і іншае. А чым дакажа узурпатар сваю легітымнасць?
Істэрыя амаральнасці зашкальвае. Тэлебачанне Беларусі і Расіі гатуе прапагандысцкае варыва для дэбілаў. У гэтым пераконваюць перадачы і "сацыяльная рэклама". Прымітыўныя "прапагандоны", якія батракуюць на А. Лукашэнку за шалёныя грошы, упэўнены, што "плебс схавае". А народ рагоча або плюецца, бо скрозь – суцэльнае "Кривое зеркало".
Роздум пра істэрыю амаральнасці я пачаў пісаць яшчэ да новага "паходу ў народ" А. Лукашэнкі. І на табе – чарговае пацвярджэнне. На што толькі не пойдзе паталагічны ўладалюбец, каб утрымацца на троне! Ён папракае ў ненадзейнасці наменклатуру, але "пераабуваецца" сам, знаходзячыся цяпер нават не ў паветры, а ў палітычным і сацыяльным вакууме. Саўгасныя боты, якімі ўзрурпатар таптаўся па Канстытуцыі, законах і лёсах соцень тысяч людзей, канчаткова знасіліся – праз дзіркі тырчаць анучы.
Дакладную ацэнку дзікунскай падзеі даў дэпутат Заканадаўчага Сходу Санкт-Пецярбурга Б. Вішнеўскі: "Встреча Лукашенко в СИЗО с арестованными оппозиционерами заслуживает только одного сравнения: это встреча террориста с заложниками. Никакие "конституционные процессы" на такой встрече обсуждаться не могут в принципе. Обсуждаться может только немедленное освобождение всех политзаключенных в Беларуси. Без всяких предварительных условий. А потом – уход диктатора, наказание карателей и честные выборы. Жыве Беларусь!"
Людзі ўсяго свету бачаць выйсце якраз у такой, заваяванай беларускімі грамадзянамі раскладцы дзеянняў, але наменклатурныя "бараны" ўпіраюцца, не хочуць саступаць народу. А. Лукашэнка ў суботу ў СІЗО КДБ агучыў лозунг "Даешь диалог!", а ў нядзелю ў Мінску на мірны пратэст накінулася велізарная зграя ўзброеных грамілаў – выбухалі светлашумавыя гранаты, гучалі стрэлы, працавалі вадамёты. Пасля хапун адбыўся ў дварах, людзей нават выхоплівалі з аўтамашын і закідалі ў аўтазакі.
Істэрыя амаральнасці рэжыму ўвайшла ў фазу апафеозу. Але любыя сілавыя канвульсіі дыктатуру не ўратуюць.
Беларусы не ўпадаюць у песімізм, а выпрацоўваюць новы зарад бадзёрасці, крэатыўныя формы супраціву, хоць марудна, ды настойліва разбураюць "муры турмы" – дыктатарскую сістэму. На светлых абліччах людзей мне бачны ўпэўненасць, рашучасць, нязломная прага свабоды.
Сяргей Законнікаў, sn-plus