Бярлінскі мур рухнуў, рухнуць і нашы муры.
Германія адзначыла 30-ю гадавіну адзінства, якая наўрад ці адбылася б без усходненямецкіх дысідэнтаў, дзейнасць якіх на некаторых этапах гісторыі падавалася ўвогуле бесперспектыўнай.
У 1986 годзе ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР) адбылася важная падзея. Рэспубліку наведаў Тэа Зомер — галоўны рэдактар штотыднёвіка Die Zeit, аднаго з вядучых заходненямецкіх ліберальных СМІ. Па слядах ваяжу журналіст засведчыў, што нямецкая сацыялістычная дзяржава знаходзіцца ў добрым стане, і ніякіх прыкмет яе калапсу на гарызонце не бачна. Сваё, як пакажа час, памылковае рэзюмэ гер Зомер, напэўна, рабіў у тым ліку аналізуючы стан мясцовага апазіцыйнага руху.
На той час дысідэнты Усходняй Германіі ўяўлялі сабой дастаткова сумнае відовішча. У цэлым палітычна актыўная апазіцыя ў ГДР была абмежаваная некалькімі тысячамі чалавек з вельмі амбівалентнымі платформамі.
Слабасць апанентаў рэжыму была абумоўленая ў тым ліку шэрагам гістарычных фактараў. Пачаць можна з таго, што на момант будаўніцтва дыктатуры на Усходзе Германіі ніякай асаблівай грамадзянскай актыўнасці ўвогуле не было — любыя яе праявы даўно зачысцілі нацысты. Хіба што неяк пратэставала моладзь, якая баялася рэстаўрацыі дыктатуры.
Апроч таго, апазіцыйныя настроі ва Усходняй Германіі аслабілі ўрокі чэрвеня 1953 года, калі ў ГДР пачаліся стыхійныя рабочыя хваляванні. На думку гісторыкаў, рэжым мог ляснуцца, калі б яму на дапамогу не прыйшлі савецкія танкі. Падобна іншым народам Усходняй Еўропы, жыхары ГДР зразумелі — іх камуністычныя кіраўнікі застануцца пры ўладзе да таго часу, пакуль могуць карыстацца «інтэрнацыянальнай дапамогай» войскаў Варшаўскага блока.
Гэты аспект, а таксама моцны палітычны ціск на дысідэнтаў прымушалі выкарыстоўваць легальныя інстытуты. Тым больш, што мясцовая кампартыя — Адзіная Сацыялістычная Партыя (SED), каб узняць свой аўтарытэт, прымусова запісала ў свой склад сацыял-дэмакратаў. Шмат былых эсдэкаў (і нават некаторыя камуністы) не падзялялі ідэі імпарту на нямецкую глебу сталінскай формулы будаўніцтва сацыялізму. Баючыся, што падпольныя цэнтры ўнутры партыі паспрабуюць захапіць структуру, спецслужбы арганізавалі вялікую чыстку. У выніку на працягу 1950-х гадоў прыкладна 200 тысяч чалавек былі выключаныя з партыі, каля тысячы арыштаваныя, а прыкладна сотня ўвогуле бясследна знікла ў нетрах сістэмы Штазі.
Фармат рэпрэсій змяніўся пасля ўзвядзення Берлінскай сцяны ўлетку 1961-га, праз якую на Захад часта беглі іншадумцы. Формы пераследу пасля 1961 года сталі больш дасканалымі. Стаўка рабілася на псіхалагічны ціск па месцы працы і жыхарства. Тым не менш, былі і асуджаныя па палітычных артыкулах. У гісторыі ГДР праз такія працэсы прайшло больш за 250 тысяч чалавек. Найбольшы хапун адбыўся ў 1968-м, падчас акцый салідарнасці з Чэхаславакіяй.
Да сярэдзіны 1970-х гадоў палітычная апазіцыя складалася ў асноўным з дзвюх груп: з аднаго боку — інтэлектуалы, якія працягвалі верыць у сапраўдны сацыялізм. Другая група іншадумцаў знайшла прытулак у пратэстанцкай царкве, дзе некаторыя выступалі супраць дыктатуры з тэалагічных пазіцый. У жніўні 1976 года пратэстанцкі пастар Оскар Брусевіц падпаліў сябе ў знак пратэсту супраць дыктатуры SED.
Адначасова сфарміраваўся такі кірунак, як культурная апазіцыя ў выглядзе моладзевых субкультур, што ад самага пачатку пераследаваліся ўладамі. Сярод краін Усходняй Еўропы толькі ў ГДР прыхільнікаў джазу і рок-н-ролу асуджалі на вялікія тэрміны зняволення, паколькі тыя «спрыялі амерыканскаму культурнаму імперыялізму». На хвалі моды на рух хіпі з’явіўся пацыфісцкі рух «Мячы на плугі», які ўключаў каля ста тысяч чалавек. Спецслужбы актыўна пераследавалі пацыфістаў, нягледзячы на тое, што сімволікай руху быў сусветны сімвал барацьбы за мір. Пацыфізм быў небяспечны для SED, паколькі лагічна прадугледжваў дэмілітарызацыю Германіі, у тым ліку вывад як войскаў NATO, так і савецкіх.
Крыху раней набылі папулярнасць барды, рэпертуар якіх уключаў песні на актуальныя палітычныя тэмы. Сярод іх абсалютнай зоркай з’яўляўся Вольф Бірман. У 1976 годзе падчас гастроляў Бірмана на Захадзе кіраўніцтва SED прыняло рашэнне пра пазбаўленне музыкі грамадзянства, што прымусіла людзей пайсці на вуліцы. За ўдзел у акцыях пратэсту былі арыштаваныя многія прадстаўнікі інтэлігенцыі ГДР.
Шмат каму з дысідэнтаў пасля апісаных падзей дазволілі эміграваць, што аслабляла фронду. Тыя, хто заставаўся, не мелі адзінай арганізацыі і нават праграмы. Тым не менш, у 1989 годзе гэты аморфны кангламерат груповак нечакана ператварыўся ў моцную сілу, якая за пару гадоў дамаглася кардынальнай трансфармацыі краіны і аб’яднання Германіі.
Што здарылася? Безумоўна, важным чыннікам стала Перабудова ў СССР, якая прымусіла нямецкія ўлады нават увесці цэнзуру на савецкія фільмы і часопісы. Другім чыннікам сталі нечакана масавыя дэманстрацыі супраць фальсіфікацый выбараў у траўні 1989-га. Па ўсёй краіне тады пачаліся пратэсты, якія ўцягнулі ў апазіцыйны лагер сотні тысяч чалавек. Разам са старымі дысідэнтамі неафіты пачалі ствараць грамадзянскія ініцыятывы накшталт «Новы форум», «Дэмакратыя цяпер», «Дэмакратычнае абуджэнне» і гэтак далей. Менавіта такія групоўкі вызначалі кірунак палітычнай дыскусіі пасля падзення Берлінскай сцяны ў лістападзе 1989-га, дабіліся датэрміновых выбараў у парламент ГДР увесну 1990-га, якія прынеслі перамогу рэфарматарам.
Няма сумневу, што ўсяго за тры гады да апісаных падзей Тэа Зомер нават уявіць такой развязкі не мог.
Алег Новікаў, «Новы час»