Гiсторыя слуцкага будаўніка.
Зь Сяргеем я пазнаёміўся ў Слуцку, за тыдзень да выбараў, на мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, куды мяне запрасілі пасьпяваць, пiша Зьміцер Бартосік для «Радыё Свабода». Пасьля мітынгу была невялікая бяседа ў слуцкіх сяброў. Стол, песьні, размовы пра будучыню
Сяргей — будаўнік. Супрацоўнік пасьпяховага дзяржаўнага прадпрыемства. Ён — сапраўдны беларус і абліччам, і ўнутрана. Спакойны, разважлівы, з прыроднай беларускай мовай. Ён — адзін з тых нешматлікіх ініцыятараў акцыяў супраціву, якія нідзе не фіксаваліся і нікому не вядомыя. І, разам з тым, ён носьбіт той самай беларускай рахманасьці ды памяркоўнасьці, якая не дазваляе адкрыта назваць сваё імя і сваю фірму.
Нехта скажа, што гэта баязьлівасьць, нехта — што празьмерная асьцярожнасьць. Але я яго разумею. Бо адказвае ён ня толькі за сябе. А яшчэ ён не паддаўся аптымістычнай эўфарыі, якую я часта сустракаю сярод знаёмых і незнаёмых людзей. Сярод свайго невялікага калектыву ён адзіны, хто пайшоў да канца. Давёў свой асабісты страйк да звальненьня.
— Пасьля 16 жніўня ўсё ішло да ўсеагульнага страйку. І мы таксама на працы пра гэта думалі. Калектыў у нас невялікі. Калектыў дружны, заробкі добрыя — ад тысячы да паўтары тысячы рублёў. Ёсьць чаго баяцца згубіць. Таму да выбараў усе маўчалі. Ніхто нічога не казаў падчас перадвыбарнай кампаніі. Але пасьля гэтых падзеяў, пасьля разгонаў-катаваньняў і ў нас усе загулі. Дамовіліся не выходзіць. Далучацца да страйку. Нас, напэўна, чалавек пяць было, актывістаў. З сотні. Мы пайшлі да начальніка — так і так, не выходзім. Той — „я ня ведаю, хлопцы. Напішыце лепш за свой кошт адпачынак, і ідзіце бастуйце. Ну вас на хран з вашай палітыкай“. Карацей, нас дваіх, самых актыўных, выправілі ў адпачынак „за свой кошт“. І той хлопец вярнуўся праз два тыдні. А я вырашыў — не. Праз сваё сумленьне пераступаць ня буду. Карміць гэты рэжым я ня буду. Напісаў заяву, разьвярнуўся і пайшоў. Са ста чалавек — я адзін.
Мяне не хацелі звальняць. Я на добрым рахунку. Спрабавалі ўгаварыць. Званілі і галоўны інжынэр, і з аддзелу кадраў. Але я ня мог там застацца. Бо куды ідуць мае падаткі? На якія патрэбы? Толькі на падтрыманьне гэтага рэжыму. Больш нікуды. Ні на мэдыцыну, ні на адукацыю. Для чаго я буду працаваць на гэты рэжым?
Куды мы ідзем, я бачыў ад 1994 году. Як ён пачаў перарабляць сьцягі на рэфэрэндумах, пад сябе рабіць канстытуцыю. А ў нулявых ужо стала цалкам зразумела, хто намі кіруе. Я ніколі за яго не галасаваў. У 1994-м аддаў голас Шушкевічу.
Я сто разоў пра гэта думаў. І з жонкай раіўся. Але ня мог інакш. Лепш страціць працу, чым сумленьне. Пераступаць праз свае прынцыпы вельмі цяжка. І вяртацца ў калектыў, калі я быў там, у сутнасьці, завадатарам... І пасьля вярнуцца падціснуўшы хвост. І што сказаць? „Не палучылася“? „Давайце дальшэ работаць“? Гэта не для мяне.
Я вельмі расчараваны сваімі калегамі на працы. Яшчэ да выбараў, калі мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, з нашай арганізацыі затрымалі майго сябра. Пратрымалі выходныя і прысудзілі штраф. Я падняў на працы шум. Сабраў подпісы з усіх. Падпісаліся ўсе, акрамя начальніка. Зварот да начальніка міліцыі, што незаконна затрыманы наш калега і мы ўсе выказваем заклапочанасьць і патрабуем яго вызваленьня. Я думаў, што з гэтым пісьмом пойдзе нейкая хваля. Бо ўсе хлопцы былі абураныя. Ні за што затрымліваюць ды яшчэ б’юць! Праўда, у Слуцку ня моцна білі. Ня так, як у Менску ці Салігорску. У Салігорску не хапала месца, іх адвозілі ў Слуцкі КПЗ. Моцна былі пабітыя, паламаныя рукі, разьбітыя галовы. Але пабухцелі і ўсё пасьля заціхла. Усе пайшлі на працу, як нічога і не было.
Зьдзівіла наша беларуская моладзь. Я быў упэўнены, што наша моладзь — гэта цалкам вылегчаная праслойка насельніцтва. Якая будзе пакорліва ісьці ў ланцугах і нават не спрабаваць здабыць сабе нейкай волі. Я ў захапленьні ад нашай моладзі. А маё пакаленьне... Дзяцей б’юць, а бацькі дома сядзяць. Гэта мяне абурае. Мая сябры, знаёмыя, мае аднагодкі — толькі дома на кухні. А як яшчэ сто грам вып’юць — усё! Усю праўду раскажуць. А як на вуліцу выйсьці ў Слуцку — баяцца. А чаго там баяцца? Трыста рублёў атрымлівае, жыве, як жабрак. Я страціў працу, можа, найлепшую з тых, што можна знайсьці ў Слуцку. А табе чаго баяцца? Але ўсё роўна баяцца.
Каб мае аднагодкі выйшлі на вуліцу, іх трэба вярнуць у 1992 год. Каб яны зараблялі 20 даляраў, як тады было. Каб быў пусты халадзільнік. Толькі гэта, мабыць, іх прымусіць кудысьці выйсьці і сказаць тое, што яны кажуць на кухні. Толькі гэта. Нічым іншым іх не пераканаеш выйсьці. Будуць лаяць уладу, але каб выйсьці — не. Знойдуць сто прычын, каб застацца дома. Наша пакаленьне — пакаленьне баязьліўцаў. Я гляджу на калегаў у працы. Спрабуеш гаварыць на розныя тэмы ў курылцы. Як толькі спрабуеш даведацца палітычныя погляды — чалавек уцякае. Нават гаварыць баяцца.