Пасля атручвання газам на Маршы Ніна Прывалава правяла тыдзень у бальніцы з апёкам вачэй і лёгкіх.
Пенсіянерка Ніна Прывалава пайшла на марш 11 кастрычніка, каб сустрэць Ніну Багінскую і падарыць ёй сваю кнігу. Яна і падумаць не магла, што пасля мірнага шэсця апынецца ў бальніцы з апёкам вачэй і лёгкіх пасля таго, як сілавікі прыменяць газ у бок пенсіянераў. Скрозь слёзы Ніна распавяла «Нашай Ніве» аб сваіх успамінах з таго марша ў Мінску і тыдні ў бальніцы.
«Летась я выпусціла сваю кнігу «Грёзам судьбы вопреки» і вельмі хацела 11 кастрычніка падарыць яе Ніне Багінскай, якая мяне вельмі натхняе, — расказвае Ніна. — Кнігу я падпісала і пайшла на традыцыйны нядзельны марш: ведала, што Багінская там дакладна будзе.
Калі мы з іншымі жанчынамі ўжо падыходзілі да цэнтра, я ўвесь час шукала Багінскую вачыма. У мяне з ёй няма кантактаў, мы не знаёмыя, я проста вельмі яе паважаю. Памятаю, што я спакойна стаяла сярод іншых людзей, як раптам на натоўп нечакана наляцелі амапаўцы. Я вельмі здзівілася, бо, як правіла, хапаюць у большасці моладзь. А тут і на пенсіянераў паляцелі».
Ніна успамінае, што, калі жанчыны ўбачылі, як на асфальце збіваюць маладога хлопца, яны сталі ў счэпку і пачалі крычаць: «Не чапайце нашых дзяцей!»
«Вакол гэтага хлопца ўтварылася вялікая лужына з крывёю — тады ж яшчэ і дождж пачаўся. Мы пабеглі да яго, крычалі амапаўцам, каб яго пакінулі ў спакоі. Але не паспелі выратаваць: яго закінулі ў аўтазак, пакуль мы падбягалі. На асфальце засталіся яго заплечнік і сцяг у крыві».
Па словах Ніны, многія жанчыны-пенсіянеркі спрабавалі размаўляць з амапаўцамі, але ўсё было без толку. У нейкі момант сілавікі падышлі да групы, дзе стаяла Ніна, амаль ушчыльную і распылілі газ. Ніна якраз у гэты момант ўдыхнула, каб крыкнуць: «Што вы робіце?» І газ трапіў жанчыне ў вочы, нос і рот. Але праблемы з дыханнем і вачамі яна выявіла не адразу.
«Нейкі час я яшчэ спрабавала хоць каго-небудзь з мірных людзей абараніць, але нічога не выходзіла. Памятаю, як ішла ў бок Кальварыйскай, а на дарозе проста так валяліся заплечнікі, парасоны, сцягі. І ўсё ў крыві. Мяне гэта вельмі ўразіла.
Хутка зноў з'явіліся аўтазакі, і з іх панесліся на народ амапаўцы. Людзі пачалі разбягацца. А я не пабегла. Проста ўстала, падняла галаву ўверх і падумала: «Госпадзі, калі ласка, спыні гэты гвалт». У гэты момант мяне і схапілі.
Закінулі ў бус. Са мной ехала 37-гадовая жанчына Лена. Яна выпадкова зачапіла аднаго амапаўца нагой, і той рэзка яе схапіў, паклаў калена ёй на грудзі і пачаў душыць. Тады я вырашыла адцягнуць іх на сябе. Спачатку схапіла аднаго за руку, потым спрабавала проста размаўляць з імі. Яны рагаталі з нас, здзекаваліся, называлі с*камі. Але хаця б не чапалі гэтую Лену. Яна ж яшчэ маладая, гэта мне 61 год — я, лічыце, жыццё ўжо пражыла, мне нястрашна. А яе хацелася абараніць.
У РАУСе нас пратрымалі некалькі гадзін. Там не выпускалі ў туалет. Мне нават прыйшлося закрычаць на ўсё аддзяленне, што калі мяне зараз не адвядуць у прыбіральню, то я зраблю ўсе справы наўпрост у іх на вачах на падлозе. Толькі тады маю просьбу выканалі.
Потым усіх затрыманых павялі ў актавую залу, дзе паказвалі фільм пра Лукашэнку і яго міліцыю. Ніхто яго, канечне, не глядзеў. У нейкі момант я нават сябе на экране ўбачыла — кадры з пратэсту здымала, мабыць, БТ. Потым склалі пратакол і вывелі на вуліцу».
Ніна ўспамінае, што калі прыехала дадому, то адразу пайшла ў душ — спрабавала змыць усё тое, што адбылося з ёй. Тады жанчына ўжо пачынала кашляць. Але падумала, што да раніцы ўсё пройдзе, і лягла спаць.
«Ноччу ў мяне пачаўся страшэнны кашаль, з’явілася адчуванне пяску ў вачах. Раніцай я выклікала хуткую. У выніку правяла тыдзень у бальніцы з апёкам рагавіцы і дыхальных шляхоў. Пры гэтым лячэнне мне трэба працягваць яшчэ доўга і без бальніцы. У мяне зараз дрэнна бачыць правае вока, хоць левае ўжо аднавілася».
Афіцыйны дыягназ Ніны пасля атручвання газам: таксічнае дзеянне газаў, дымоў і пароў; хімічны апёк рагавіцы; хімічны апёк паражніны носа, насаглоткі, ратаглоткі, гартанаглоткі; востры рэактыўны ларынгатрахеабранхіт.
І хаця кнігу Багінскай у той раз падарыць не атрымалася, я ўсё роўна калі-небудзь падару яе ёй. Мая кніга — гэта нарысы і расповеды пра простых людзей. Там ёсць шмат пра лёсы дзяцей-сірот, з якімі я сама доўга прапрацавала ў жыцці, і пра тую вайну, якую мне прыйшлося весці калісьці з органамі апекі.
Я не ведаю, ці будзе цікавая Багінскай мая кніга, можа, яна яе наогул выкіне, але я паставіла сабе мэту.
І выходзіць на пратэсты працягну. Асабліва пасля таго, што я ўбачыла і перажыла. Гэта мая зямля, па якой ходзяць мае дзеці і ўнукі. І гэтую зямлю заліваюць крывёю».