Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Суддзя, якi звольніўся ў знак пратэсту: Я не хацеў разглядаць палiтычныя справы

21.10.2020 политика
Суддзя, якi звольніўся ў знак пратэсту: Я не хацеў разглядаць палiтычныя справы

Аляксей Пацко распавёў, чаму вырашыў пакінуць пасаду.

32-гадовы суддзя Аляксей Пацко з Пінска вырашыў пакінуць пасаду. Ён не хавае — прычынай сталі жнівеньскія падзеі ў краіне, піша «Наша Ніва».

«Я сапраўды напісаў заяву, — пацвердзіў Аляксей Пацко. — Прыняў такое рашэнне яшчэ да выбараў — 6 жніўня. Прычынай стала палітычная абстаноўка ў краіне, тое, што адбываецца зараз. У тым ліку я не хацеў разглядаць справы па артыкулу 23.34».

Ён тлумачыць: суды падзеленыя на дзве калегіі, грамадзянскія справы і адміністратыўныя\крымінальныя. Пацко быў у другой.

«Адміністратыўныя справы разглядаюцца па графіку, па чарзе. Фармальна адмовіцца нельга, — тлумачыць Аляксей. — Але 6 жніўня я адмовіўся ад некалькіх палітычных спраў, быў такі момант. Падрабязней не буду казаць, бо не хачу выстаўляць сваіх іншых калег нейкімі монстрамі. Не так усё адназначна і проста, на жаль…

Карацей, 6 жніўня я адмовіўся ад некалькіх «палітычных» спраў і, разумеючы наступствы, адразу прапанаваў сам, што напішу заяву на звальненне. Мне прапанавалі не спяшацца і падумаць.

сё ж вырашыў сыходзіць. Пакуль дапрацоўваў, то разглядаў усе і крымінальныя, і адміністратыўныя справы — але акрамя палітычных. Палітычныя мне проста больш не ўпісвалі ў графік.

Але фармальна мяне звольнілі па сканчэнні пяцігадовага тэрміна паўнамоцтваў».

Аляксей тлумачыць: паўнамоцтвы суддзі дзейнічаюць 5 гадоў, пасля дакументы на перапрызначэнне ідуць у Адміністрацыю прэзідэнта. Каб ён не вырашыў звольніцца, то працягваў бы працу — яго дакументы ўжо ляжалі ў Адміністрацыі, кажа Пацко.

«У мяне 31 жніўня сканчваўся тэрмін паўнамоцтваў. Але ўся неабходная працэдура па працягненні маіх паўнамоцтваў яшчэ недзе ў ліпені была пройдзеная, чакалі толькі ўказ прэзідэнта.

І таму я мог напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні альбо праз сканчэнне паўнамоцтваў. Выбраў другі варыянт, бо ў такім выпадку мне не маглі адмовіць. У выніку з такой фармулёўкай — звольнены праз сканчэнне паўнамоцтваў — і сышоў».

Цяпер у сеціве актыўна абмяркоўваюць звальненне Аляксея. Ён кажа, што наўмысна ці не людзі пачынаюць ужо пладзіць фэйкі:

«Пачынаюць казаць, што я вымушаны быў весці крымінальныя справы іншых суддзяў, пакуль яны «былі занятыя рэпрэсіямі», пішуць, што мяне пазбавілі прэміі… Пра дадатковую нагрузку — гэта зусім няпраўда, такога не было. Прэміі мяне сапраўды пазбаўлялі, але там зуім іншая сітуацыя, палітыка ні пры чым. І я хачу падкрэсліць — калі я прымаў рашэнне пра звальненне, на мяне не было абсалютна ніякага ціску. Кіраўніцтва, калегі паводзілі сябе выключна прафесійна», — адзначае Пацко.

Аляксей кажа, што сам ён галасаваць сёлета хадзіў, але ў мітынгах і акцыях пасля не ўдзельнічаў:

«Я на выбары хадзіў. Галасаваў за любога, акрамя адзінага».

Пра падзеі 9, 10, 11 жніўня Аляксей чытаў у сеціве.

«Адразу пасля выбараў мне здавалася, што можа паўтарыцца сітуацыя 2010 года — яркія, але кароткія пратэсты, якія сістэма хутка задушыць, — расказвае Пацко.

— Сёння ж я бачу два шляхі. Негатыўны: кансервацыя таго, што ёсць, на доўгі тэрмін. І пазітыўны: законная змена ўлады, якая пройдзе легітымным шляхам. Я сам спадзяюся на гэты варыянт.

Пасля выбараў на акцыях я не быў, бо такое наўпрост забараняе кодэкс этыкі суддзяў. Пакуль я на пасадзе, удзел у любых палітычных мерапрыемствах для мяне недапушчальны. Суд у цэлым мусіць быць па-за палітыкай», — кажа Пацко.

Але сёння беларускі суд застаецца па-за палітыкай?

«Канечне не, на мой вялікі жаль», — прызнае былы суддзя.

Цікава, што яшчэ ўзімку Аляксей Пацко спакойна вёў палітычныя адміністратыўныя справы. Напрыклад, у снежні некалькі пінчукоў выйшлі на вуліцу з плакатамі супраць інтэграцыі з Расіяй. Пацко прызнаў іх вінаватымі ў незаконным масавым мерапыемстве і пакараў штрафамі па 4-5 базавых.

Што ж змянілася?

«Я памятаю гэтыя справы. І я згодны, што тыя палітычныя справы падобныя на сённяшнія. Пытанне больш ува мне. Можа, раней я быў гатовы неяк паступіцца часткай сваіх прынцыпаў, але пасля зразумеў, што паступаючыся нават чымсьці малым, губляеш штосьці большае», — кажа Аляксей.

Але ж што будзе далей? У Аляксея трое малых дзяцей. Ён кажа, што жонка яго рашэнне аб звальненні зразумела, праблем няма.

«Пытанне працы пакуль адкрытае. Так, ёсць прапановы, але канкрэтна агучваць іх пакуль не буду. На іншую дзяржслужбу я наўрад ці пайду. Няма сэнсу, сыходзячы з высокай пасады, вяртацца ў сістэму на нейкую ніжэйшую, мяняць кепскае на горшае. Адвакатура? Не ведаю, там высокі парог уваходу і канчатковае рашэнне прымае Мінюст. Таму будзе відаць, — адказвае Аляксей. — Пакуль што мая сітуацыя не катастрафічная, і я не маю патрэбы ў нейкай фінансавай дапамозе.

Яшчэ скажу, што з’язджаць з Пінска і з Беларусі не хачу — з’еду толькі ў выпадку пагрозы маёй сям’і».

Апошнім часам сістэма паказальна карае тых, каго лічыць чымсьці ёй абавязанымі. На суткі адпраўляюць тэлевядучых, спартоўцаў… Ці не баіцца былы суддзя, што пасля сваіх прызнанняў можа трапіць за краты?

«Прымаючы рашэнне аб звальненні, я кіраваўся простым правілам — калі штосьці робіш, то будзь гатовы да любых наступстваў», — кажа Аляксей Пацко.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]